Даўным-даўно, дзе цяпер вёска Княжаводцы, было маленькае мястэчка. Мясціна гэтая была вельмі маляўнічая. Паблізу мястэчка працякала рэчка, рос густы бор. Зямля тут была вельмі ўрадлівая. Таму многія знатныя людзі, вяльможы, хацелі быць тут уладарамі. Аднойчы з’ехалася сюды шмат князёў, якія хацелі кіраваць гэтай зямлёй. Кожны з іх заграбаў сабе як мага болей тэрыторый. У гэты час народ вельмі многа пакутаваў. Яму хацелася справядлівага, сялянскага жыцця. І вырашыў народ выгнаць гэтых нікчэмных князёў са сваёй вёскі. У ёй жыў адзін разумны чалавек. І вось што ён прыдумаў
Загадаў ён народу накіравацца ў лес і прабыць там некалькі дзён. Так і зрабіў народ. Пайшоў цёмнай ноччу ў лес. Раніцай прачынаюцца князі і бачаць: людзі ўсе зніклі, апусцелі хаты. Прайшоў дзень, другі, але вакол не было ні душы. Не ведалі князі, што рабіць тут. Узялі і ўцяклі адзін за другім. А трэці князь пачаў радавацца, што ён адзін будзе кіраваць тут. А людзей усё не было. Спужаўся князь, што згіне без людзей і паехаў адсюль. Прыйшоў той разумны чалавек у вёску, убачыў, што няма князёў і пайшоў клікаць народ. І народ з песнямі і з пляскамі вярнуўся назад у сваю вёску. Усе былі рады, што яны звялі князёў і вырашылі назваць вёску Княжазводцы. Але той разумны чалавек і кажа: “Вельмі цяжка будзе вымаўляцца гэтая назва. Давайце назавём яе Княжаводцы”. З той пары называюць гэтае месца Княжаводцы.