Дзятлаўшчына… Гэта назва наўрад ці аб многім скажа старонняму чалавеку. А як многа для сэрца кожнага жыхара ў гэтай назве! Адразу ў памяці ўсплываюць цудоўныя краявіды роднага краю... Дзятлаўская зямля - гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі лёну і васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, і Ліпічанская пушча, падобная на гатычны храм, і блакітныя рачулкі, у якіх плешчуцца бабры і рыба на захадзе сонца, і крыніцы, чыстыя, як усмешка дзіцяці… Сёння прамысловасць раёна зарыентавана на перапрацоўку мясцовага сельскагаспадарчага сыр’я і тэхнічнае абслугоўванне сельскавытворчых прадпрыемстваў.
Адным з буйнейшых прадпрыемстваў раёна з’яўляецца Дзятлаўскі сыраробчы завод, на долю якого прыходзіцца трэць прамысловай вытворчасці раёна. Асартымент прадукцыі дадзенага прадпрыемства адпавядае высокім патрабаванням спажыўца і з поспехам вытрымлівае канкурэнцыю на знешнім рынку. Прадукцыя Дзятлаўскага сыраробчага завода выпускаецца пад брэндам “Сырная краіна”.
На базе адасобленых структурных падраздзяленняў “Парэцкі спіртзавод” і “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод” створана ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь””.
У падчыненні Гродзенскага ўнітарнага прадпрыемства “Аблсяльгастэхніка” знаходзіцца арганізацыя ААТ “Дзятлаўская сяльгастэхніка”, ААТ “Дварэцкі льнозавод”.
Разам з прадпрыемствамі дзяржаўнай формы ўласнасці паспяхова здзяйсняюць вытворчую дзейнасць прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці: ТАА “Ізакам”, СЗАТ “Гродзенскі маслажыравы камбінат”, ТАА “Белтэрміз”…
Паспяхова развіваецца і сельская гаспадарка. У раслінаводстве асноўнымі відамі прадукцыі з’яўляецца вытворчасць зярна, цукровых буракоў, масласямян рапсу, бульбы, кармавых культур. У жывёлагадоўлі асноўныя віды вытворчасці – малако, прадукцыя гадоўлі буйной рагатай скаціны. У раёне функцыянуе свінаводчы комплекс па адкорму і гадоўлі свіней у адкрытым акцыянерным таварыстве “Граніт-Агра”. Атрымала развіццё на Дзятлаўшчыне авечкагадоўля і трусагадоўля. У раёне працуе 11 малочна-таварных ферм і комплексаў па вытворчасці малака.
Па стане на 1 верасня 2018 года ў інфармацыйным рэестры “Рэестр бытавых паслуг Рэспублікі Беларусь” зарэгістравана 76 суб’ектаў Дзятлаўскага раёна розных форм уласнасці, якія аказваюць бытавыя паслугі насельніцтву раёна. З іх 60 індывідуальныя прадпрымальнікі. Насельніцтву раёна аказваюцца такія бытавыя паслугі: рамонт адзення і абутку, прыём заказаў у пральню, хімчыстку, парыкмахерскія і касметычныя паслугі, паслугі баняў, шынамантаж, рамонт, выраб мэблі, паслугі фота- і відэаздымкі, пракату, рамонту камп’ютараў, бытавой тэхнікі, мабільных тэлефонаў і г.д.
Больш за дваццаць гадоў на Дзятлаўшчыне дорыць здароўе дарослым і дзецям адна з самых вядомых у нашай краіне здраўніц – санаторый “Радон”, які прымае замежных гасцей з Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Германіі, Ізраіля і другіх краін. У першую чаргу прывабліваюць выкарыстаныя для лячэння радонавыя воды і сапрапелевыя гразі. Вада мясцовых крыніц не ўступае па сваіх лекавых якасцях водам такіх вядомых курортаў, як Цхалтуба, Мацэста, Хмельнік. У 2016 годзе санаторый “Радон” быў прызнаны лепшай здраўніцай краіны ў намінацыі “Санаторыя для дарослых”, а таксама атрымаў вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, атрымаў перамогу ў міжнародным фестывалі-конкурсе “Выбар года - 2016” у намінацыі “Санаторый №1”.
Два гады назад на тэрыторыі раёна з’явілася яшчэ адна здраўніца – санаторый “Альфа-Радон”. які працуе ў фармаце SPA-medical. Ён можа адначасова прымаць каля 400 чалавек. Новы санаторый ужо заслужыў аўтарытэт сярод адпачываючых. У іх ліку нашы суайчыннікі, а таксама госці з-за мяжы.
Чытайце пра сучасную Дзятлаўшчыну тут і тут і тут, а таксама добра перагледзьце сайт Дзятлаўскага райвыканкама. Знойдзеце шмат карыснай інфармацыі.
На старонцы "Цікава ведаць" можна прагледзець некалькі відэафільмаў і пазнаеміцца з Календаром культурных мерапрыемстваў Дзятлаўскага раёну.