Каменныя помнікі Дзятлаўшчыны - гэта краса і смутак. Тут маўчыш, баючыся хоць адным неасцярожным гукам разбіць цішыню стагоддзяў. І, дакрануўшыся да гарачых зверху ў спякотны дзень і заўсёды халодных каля зямлі валуноў, храмаў і сценаў старажытных збудаванняў, адчуваеш подых гісторыі. Архітэктурныя збудаванні ў нашым горадзе, раёне – гэта дыялог мінулага з сённяшнім жыццём. Сапраўднасць гэтых слоў можна ўявіць у час прагулак на вуліцах Дзятлава, дзе сённяшняе жыццё пераплятаецца з мінулым. Цэрквы, касцёлы, капліцы, старыя будынкі з'яўляюцца адбіткам таленту нашых далёкіх продкаў, невычэрпны калодзеж творчай фантазіі.
Асноўным архітэктурным аб'ектам у г. Дзятлава з'яўляецца касцёл Успення Найсвяцейшай Панны Марыі, пабудаваны ў 1646 Казімірам Львом Сапегам. Пасля пажару 1743 г., які знішчыў мястэчка і касцёл (згарэў галоўны алтар, унутранае начынне, архіў, труны з нябожчыкамі ў крыпце), у 1751 г. галоўны фасад і інтэр'ер перабудаваны архітэктарам А. Асікевічам па фундацыі М.Ф. Радзівіла. Пасля пажару 1882 г. заменены дах. У 1900 г. касцёл быў абнесены высокай мураванай сцяной. Уздоўж правай сцяны агароджы цягнуліся гандлёвыя рады. Гэта помнік архітэктуры барока паслужыў «дэкарацыяй» для фільма «Паланэз Агінскага».
Яшчэ адной прыгожай забудовай Дзятлава з’яўляецца царква Праабражэння Гасподня. Першы храм быў пабудаваны ў 1508 г. заснавальнікам Дзятлава князем Канстанцінам Астрожскім. Падчас аднаго з пажараў царква згарэла, і на яго месцы ў пачатку XVIII стагоддзя была пабудавана новая, драўляная, у выглядзе карабля.
Цікавым архітэктурным помнікам з’ўляецца палац Радзівілаў, пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя на беразе ракі Дзятлаўкі. Спачатку пабудова належала Радзівілам, а пазней перайшла ва ўласнасць маршалка Вялікага Княства Літоўскага С.Солтана. За ўдзел у паўстанні 1830-1831 гадоў палац канфіскаваны ў дзяржаўную маёмасць. Спачатку быў прыстасаваны пад кавалерыйскую казарму. На пачатку ХХ стагоддзя ў палацы размяшчалася двухкласная настаўніцкая школа, у якой у 1912 годзе вучыўся наш знакаміты зямляк І.С.Дварчанін. У 30-я гады, калі раён знаходзіўся ў складзе Польшчы, тут размяшчаўся сірочы дом. У пасляваенны перыяд палац быў пераабсталяваны пад медыцынскую ўстанову. Да сённяшніх дзён захаваўся палацавы корпус, часткова захаваліся гаспадарчыя пабудовы, парк і сажалкі.
Цэнтрам любога беларускага мястэчка з’яўляецца плошча. Галоўная плошча Дзятлава сёння носіць назву «Плошча 17-га верасня» і цікавая сваёй забудовай, якая адносіцца да XIX - пачатку XX стагоддзя. У гады вайны наша яна называлася “Плошча Адольфа Гітлера”.
Падрабязней пра каменную спадчыну нашага дзятлаўскага краю чытайце тут і тут.
У рубрыцы "Цікава ведаць" вы зможаце шмат цікавага ўбачыць у відэафільме пра храмы і помнікі г.Дзятлава. Тут жа можна здзейсніць экскурсію па праваслаўных святынях Дзятлаўскага раёна.
Царква святых Барыса і Глеба ў вёсцы Накрышкі