Зямля Дзятлаўшчыны - гераічная і шматпакутная зямля. Безліч разоў, з пачатку дзён, грукаталі па ёй калясніцы вайны. Але яна заўсёды мужна і да канца бараніла сваю праўду і веру. Ды як іначай, калі больш за пяць тысяч жыхароў Дзятлаўшчыны загінулі ў апошнюю вайну. А колькі чалавек пад шквалістым агнём, часам, цаною жыцця, адстойвалі чысты водар Радзімы! І жонка была гатовая аддаць мужа, а матка паслаць сына ў полымя. І пайсці за імі ў бой, на прарыў блакады, дзеля таго, каб зберагчы волю, веру, Бацькаўшчыну... Калі да нас прыйшлі з вайною,
На бой смяротны ідучы.
Мой край, не ведаў ты спакою
На міг ні ўдзень, ні ўначы.
На помсту клікала трывога,
Лясы разгневана гулі,
І ад старога да малога
Ўсе абаронцамі былі.
П.Броўка
За гады Вялікай Айчыннай вайны на Дзятлаўшчыне загінула 12018 чалавек. Растраляна 9636 жыхароў раёна. Не забываецца трагедыя спаленых вёсак (Вялікая Воля, Гарадкі, Дубраўка, Трахімавічы, Чарлёнка, Дубароўшчына).На тэрыторыі нашага раёна змагаліся партызанскія атрады і брыгады: “Ленінская”, “Перамога”, “Дружба”, “Імя Варашылава”, “Баявы” і інш.
На Дзятлаўшчыне ў гада вайны дзейнічалі падпольныя райкамы, выдаваліся падпольныя газеты “Сцяг свабоды” і “Народны мсціўца”. Героямі Дзятлаўшчыны можна назваць Язэпа Юр’евічы Філідовіча, Паўла Гаўрылавіча Пятрова, Івана Сямёнавіча Фурсенку, Яна Янавіча Фогеля, якія загінулі, абараняючы сваю Радзіму ў гады вайны.
Тэрыторыя Дзятлаўскага раёна вызвалена 9-10 ліпеня 1944 года. У вызваленні ўдзельнічала пяць дэвізій Другога Беларускага фронту.
На Дзятлаўшчыне 29 помнікаў і абеліскаў, а таксама 34 брацкія магілы. Ушанаванне памяці герояў - гэта сведчанне таго, што памяць аб вайне і вялікай Перамозе жыве, натхняе, вучыць і будзе вучыць новыя пакаленні, як трэба любіць і абараняць Радзіму.
На Дзятлаўшчыне стала традыцыяй на 9 мая, у Дзень Перамогі, праводзіць марш памяці “Беларусь памятае”. Па вуліцах горада дарослыя і дзеці праносяць партрэты сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. У маршы памяці прымаюць удзел жыхары горада і населеных пунктаў раёна. Дзятлаўчане памятаюць, якой цаной заваявана шчасце, мірнае небе над галавой. Усім тым, хто вынес вайну – паклон і памяць пакаленняў!
Падрабязней пра Дзятлаўшчыну ў гады Вялікай Айчыннай вайны чытайце тут і тут, а таксама тут.
Не забудзьцеся заглянуць на старонку "Цікава ведаць", дзе вы знойдзеце гістарычную даведку аб падзеях у гады Вялікай Айчыннай вайны на Дзятлаўшчыне,экскурсіі, успаміны ветэранаў вайны.