Станіславова

Наступны раздзел нашага музея прысвечаны гісторыі маёнтка Станіславова, які ўзнік у канцы 18 ст. як адна з загарадных рэзідэнцый апошняга караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага (разам з Аўгустова і Панямонь). 

Палацава-паркавы ансамбль быў пабудавана ў 1760-х – 1770-х гадах, архітэктарам Джузэппа Сака ў стылі пераходным ад позняга барока да класіцызму. Вось так яго намаляваў картограф на карце канца 18 ст..

У 1797 г. маёнтак быў адданы расійскаму генералу Рубану, які ў 1814г. прадаў яго князю Францішку Ксаверыю Друцкаму-Любецкаму. 

Захаваўся фрагмент купчай: цікава, што Рубан уступаў Друцкаму-Любецкаму некаторыя прадметы мэблі (камоды з чырвонага дрэва), а з сялян – повара, а ў замен гэтага прасіў – цытую  “каляску варшавскай работы и купно с тем выслать сироту малолетнюю девочку Евдокию…” Гэты дакумент адлюстроўвае эпоху прыгоннага права, калі людзі – прыгонныя сяляне – выступалі “жывым таварам”.  

Друцкія-Любецкія былі ўладальнікамі Станіславова да 1939 г. 

Пасля ўсталявання савецкай улады – тут быў створаны саўгас Станіславова. Нейкі час знаходзіўся радыёвузел. У правым флігелі працавала кузня, у левым быў склад. Зараз у сядзібным доме размешчаны корпус аграрнага ўніверсітэта. 

Маёнтак Станіславова быў уключаны ў межы горада ў 1933 г. На карце 1935 г. добра бачны план Станіславова, галоўныя камунікацыйныя артэрыі, якія звязалі Станіславова з горадам – гэта вуліца Станіславоўская (сучасная Ціміразева), і невялікае яе адгалінаванне пад прыгожай назвай - алея Кахання. Гэта вуліца часта адлюстроўвалася на старых паштоўках і фотаздымках – у розныя пары году і з розных ракурсаў. Вельмі шкада, што яна не захавалася ў такім выглядзе і пад такой назвай сёння. Рэгулярна спланаваная, стройная вуліца, абсаджаная з двух бакоў дрэвамі, гэта камунікацыйная артэрыя сімвалізуе планамернае развіццё гарадской прасторы ў паўночным напрамку. 

Вынікам чаго і стала ўзнікненне нашага мікрараёна. У вялікай ступені гэтаму садзейнічала прадпрымальніцкая дзейнасць князёў Друцкіх-Любецкіх, а менавіта – заснаванне і развіццё прадпрыемстваў будаўнічай галіны – цагельняў і кафлярні – на землях маёнтка Станіславова.

Першая невялікая цагельня была заснавана ў 1820-я гады. Яна выглядала прыблізна так, як на малюнку Напалеона Орды.

Цагельня запрацавала напоўніцу пасля вялікага пажару 1885г. Тады згарэла літаральна палова будынкаў горада. Трэба было яго адбудоўваць! 

Цагельня карысталася багатымі залежамі гліны на паўночных ускраінах Гродна. Мясцовая гліна мела характэрны жоўты колер, таму і зробленая з яе цэгла была з такім самым жоўтым адценнем.

Друцкія-Любецкія часта звярталіся да ўладаў з прашэннямі, звязанымі з удасканальваннем і пашырэннем вытворчасці: пабудовы мураванага памяшкання для лакамабіля, новых печаў, завадскіх труб, драўляных навесаў для сушкі цэглы.

У 1900 годзе ў маёнтку Станіславова было ўжо тры цагельныя заводы. На іх  штогод выраблялася да 5,5 мільёнаў цаглін і было занята больш за сто чалавек. 

У 1895 годзе каля чыгункі недалёка ад гродзенскага вакзала была заснавана кафлярня. Гродзенцы здаўна выкарыстоўвалі кафлю для аздаблення печаў у сваіх дамах. Нашы майстры ўмелі рабіць вельмі добрую кафлю. На вітрынах прадстаўлена шмат гатункаў і ўзораў кафлі! 

Друцкія-Любецкія клапаціліся пра сваіх рабочых больш за іншых гродзенскіх прадпрымальнікаў. Трывалым сведчаннем гэтага з’яўляюцца цудоўныя аднапавярховыя домікі, якія былі пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя для рабочых цагельні і кафлярні (яны захаваліся і сёння ўздоўж вуліцы Таўлая). 

Друцкія-Любецкія заснавалі таксама тарфяны завод, прадпрыемства па вырабу коламазі. Дбалі пра санітарны стан горада. Пра іх актыўную гаспадарчую дзейнасць сведчаць прадстаўленыя тут дакументы.

Уладзіслаў Друцкі-Любецкі – вызначыўся таксама тым, што стаў уладальнікам першага ў горадзе Гродна аўтамабіля.

Пасля верасня 1939 года ўсе будаўнічыя прадпрыемствы былі нацыяналізаваны, а ў пачатку 1960-х гадоў вынесены за межы горада ў раён вуліцы Горкага. Яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў будынкі былой цагельні Станіславова свяцілі пустымі аканніцамі або выкарыстоўваліся як склады, аж пакуль у пачатку ХХІ стагоддзя іх цалкам не зруйнавалі. 

Сёння сведкамі росквіту будаўнічай прамысловасці ў горадзе засталіся толькі будынкі кафлярні Станіславова на Чырвонаармейскай вуліцы , рэшткі цагельні Аркіна на вуліцы Лермантава, а таксама некалькі дамоў, пабудаваных для рабочых на вуліцы Каханоўскага і Дзяржынскага. Усе гэтыя помнікі гісторыі важна захаваць! Хоць яны звязаныя з вытворчасцю звычайнай цэглы, аднак без яе не было б нашага цудоўнага горада!