Горад як рэлігійны і адукацыйны цэнтр праз прызму гісторыі Дзевятоўкі адлюстроўвае наступны раздзел экспазіцыі – SACRUM.
Дзевятоўка на працягу стагоддзяў належала да парафіі касцёла Святога Францыска Ксаверыя –галоўнага каталіцкага храма нашага горада. Храм мае шэраг унікальных адметнасцяў: анёлы на вежах, гадзіннік, самы стары ў Еўропе, унікальны барочны інтэр’ер, цудатворны Абраз Маці Божай Кангрэгацкай.
Цікава, што Цудатворны Абраз Маці Божай Кангрэгацкай да яго пераносу ў храм знаходзіўся на тэрыторыі цяперашняга мікрараёна Дзевятоўка – а менавіта ў в.Кульбакі, маёнтку Войцэха Жаляроўскага. Ён у 1664 г., ужо будучы цяжка хворым, падараваў яго кангрэгацыі студэнтаў пры калегіуме езуітаў. Урачысты перанос абраза з маёнтка Жаляроўскага Кульбакі ў касцёл езуітаў адбыўся 3 жніўня 1664 года.
Прадстаўнік роду Дзевалтоўскіх – Геранім, прысвяціў шмат год свайго жыцця і талента езуіцкаму калегіуму і касцёлу. Фрагмент каталога Гродзенскага калегіума езуітаў за 1674-1675 г., прадстаўлены на стэндзе, пералічвае абавязкі Гераніма Дзевалтоўскага: духоўнік калегіума, кіраўнік будоўлі касцёла, назіральнік за стылем працы рэктара і яго дарадца, святар для штодзённай службы ў храме, асноўны спавядальнік студэнтаў.
Сярод знакамітых выкладчыкаў езуіцкага калегіўма быў: Войцэх (Альберт) Віюк-Каяловіч, ураджэнец Каунаса, пісьменнік, палеміст, гісторык, аўтар "Гісторыі Літвы".
Бадай што самым знакамітым выпускніком гродзенскага езуіцкага калегіўма з’яўляецца Марцін Пачобут-Адляніцкі, ураджэнец в. Саломенка, Гродзенскага павета – астраном, матэматык, асветнік. Рэктар Віленскай акадэміі (1780 – 1799).
Наступная постаць, якую нам захацелася абавязкова ўзгадаць у кантэксце гісторыі адукацыі, лучыць горад Гродна з Францыяй. Як сёння на Дзевятоўцы ёсць вуліца Лімож – у гонар французскага горада-пабраціма Гродна, так і ў міжваенны перыяд у Гродне была вуліца Ліонская – у гонар роднага горада Жана Эмануэля Жылібера, славутага біёлага і медыка, стваральніка і кіраўніка медыцынскай акадэміі і батанічнага саду ў Гродне.
Напеў званоў на цэрквах і касцёлах
Зліецца ранкам з песняю званка.
У мамінай руцэ твая рука –
Сваіх дзяцей вядзе Гародня ў школу.
Першы званок у нашай школе прагучаў 1 верасня 1983 г. Тады гэта была СШ №25 – першая школа ў мікрараёне Дзевятоўка. У экспазіцыі прадстаўлена фатаграфія ўрачыстага адкрыцця школы (гэта першы дырэктар Уладзімір Стрэльнікаў). Сімвалічны ключ ад нашай школы, які прадстаўлены ў вітрыне, з часоў першай лінейкі!