“Жывая гісторыя” – пад гэтым тэрмінам мы разумеем гісторыю ў антрапалагічным вымярэнні: на прыкладзе ўчынкаў і лёсаў звычайных людзей, іх жыццёвых гісторый, якія разам складаюць гісторыю горада, з’яўляюцца часткай вялікай драмы жыцця нашага народа. Такім чынам, антрапалагічны падыход да гісторыі вылучаецца канцэнтрацыяй увагі менавіта на прысутнасці чалавека ў гісторыі, ва ўсіх яе праявах.
“Ажыўленню” гісторыі садзейнічае мікрагістарычны падыход. Яго сутнасць беларускі гісторык Вечаслаў Насевіч патлумачыў наступным чынам:
“Мікрагісторыя" ставіць сваёй мэтай аднаўленне суцэльнай карціны ў маштабах аднаго паселішча або мікрарэгіёна, вузкай сацыяльнай групы, а часам нават у маштабе адной сям’і або індывідуальнай біяграфіі. Размова ідзе не пра механічнае складанне адной вялікай гісторыі з мноства дробных, як мазаікі, а хутчэй пра стварэнне люстэрка, з дапамогай якога можна пад новым ракурсам зірнуць на вялікі свет. Ідэя гэтага падыходу грунтуецца на вядомым філасофскім прынцыпе, паводле якога вялікае адбіваецца ў малым, як Сусвет адлюстроўваецца ў кроплі расы. Ідэя мікрагісторыі нагадвае даследаванне асобнай клеткі пад мікраскопам з мэтай лепш зразумець функцыянаванне шматклетачнага арганізма”.
“Ажыўленню” гісторыі таксама спрыяюць вусна-гістарычныя крыніцы. “Вусная гісторыя” – гэта навуковы накірунак, які даследуе як мінулае, так і асаблівасці сацыяльнай памяці пра яго, шляхам запісу, архівізацыі і аналізу інтэрв’ю са сведкамі і/або ўдзельнікамі мінулых падзеяў. Важным кампанентам працы над стварэннем музея з’яўляецца збор вусных успамінаў аб падзеях мінулага яго відавочцаў.