Дзевятоўка на старых картах:гэты раздзел экспазіцыі дапамагае ўявіць прастору, у якой развівалася Дзевятоўка і паступова ператваралася ў частку горада Гродна. Гістарычнае развіццё планіроўкі Гродна паказвае, што наш гарадскі раён фарміраваўся на працягу 19 – 20 стагоддзяў. Важную ролю ў гэтым адыграла гаспадарчая дзейнасць уладальнікаў маёнтка Станіславова – князёў Друцкіх-Любецкіх, у прыватнасці, іх цагельныя заводы. Менавіта дзякуючы таму, што Уладзіслаў Друцкі-Любецкі саступіў гораду частку сваёй зямлі – стала магчымым заснаванне Янам Каханоўскім гродзенскага заапарка. Цікавая карта сярэдзіны 19 ст., якая прысвечана правілам продажу алкаголя ў Гродне і навакольных вёсках, паказвае, што Дзевятоўка ўваходзіла ў межы двух-вёрстнай паласы вакол Гродна, а значыць знаходзілася пад яго моцным уплывам. Карту археалагічных знаходак склаў па выніках сваіх навуковых вандровак на поўнач ад Гродна гісторык і археолаг Юзэф Ядкоўскі. Гэта карта пачатку ХХ ст. – адно з першых сведчанняў навуковага зацікаўлення тымі мясцінамі, што сёння знаходзяцца ў межах мікрараёна Дзевятоўка.