Наш музей з'яўляецца даследчыцкай лабараторыяй па вывучэнню працэсаў урбанізацыі, гарадской мінуўшчыны Беларусі праз прызму мікрагісторыі: на прыкладзе мікрараёна горада Гродна “Дзевятоўка”.
На базе музея фарміруюцца і развіваюцца даследчыя кампетэнцыі вучняў, а таксама шліфуецца даследчае і педагагічнае майстэрства настаўнікаў. Гэта пацвярджаюць нашы поспехі на раённых, гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных вучнёўскіх навуковых мерапрыемствах, дзе прадстаўляюцца вынікі нашых даследаванняў. Пяць нашых гімназістаў (Карнейчук Кацярына, Багдзевіч Павел, Іода Кірыл, Гулевіч Валерый, Герасюк Аляксей) у выніку перамог на рэспубліканскай канферэнцыі (конкурсе) даследчых работ сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі.
Адно з нашых нядаўніх навуковых адкрыццяў звязана з даследаваннем старажытных фібул (металічных засцежак для адзення, якія адначасова служылі упрыгожваннем). У музеі захоўваюцца, як нам падавалася, два бронзавых фрагмента фібул, якія датуюцца IV ст. У іх атрыбутацыі нам аказвалі дапамогу навуковыя супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Аднак пры больш дасканалым вывучэнні гэтых прадметаў аказалася, што адзін з гэтых фрагментаў з’яўляецца касметычным пінцэтам. Зрабіць гэта адкрыццё нам дапамагла Аксана Радзікевіч, студэнтка 2 курса ГрДУ імя Янкі Купалы спецыяльнасці “археалогія”, якая выконвае курсавую работу на тэму “Фібулы насельніцтва жалезнага веку на тэрыторыі Гродзенскага і Ваўкавыскага ўзвышша”. Аксана праходзіла педагагічную практыку на базе нашай гімназіі і, наведаўшы нашу экспазіцыю, зацікавілася фрагментамі фібул, экспануемымі ў музеі. Яна, а таксама яе навуковы кіраўнік – старшы выкладчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Гаршкоў – падказалі нам сапраўднае прызначэнне адной з іх – медыцына і касметалогія.
Мал. 1 Прадметы познерымскага перыяду – пачатку эпохі Вялікага перасялення народаў з музея гімназіі №6 г.Гродна. 1 – фібула, 2 – пінцэт.
Нашым вучням было вельмі цікава і карысна датыкнуцца да навуковага адкрыцця ў сферы гісторыі паўсядзённасці. Падрыхтавана навуковая публікацыя па гэтай тэме[i]. Такім чынам, школьны музей з’яўляецца лабараторыяй не толькі для вучэбна-даследчай, але і навукова-даследчай дзейнасці. Важную ролю ў гэтым працэсе маюць кантакты і супраца школьнікаў і настаўнікаў з кваліфікаванымі спецыялістамі навуковых цэнтраў краіны.
[i] Радикевич О.О. Предметы позднеримского периода – начала эпохи Великого переселения народов из музея гимназии № 6 г. Гродно // III МЕЖДУНАРОДНАЯ НАУЧНО-ПРАКТИЧЕСКАЯ КОНФЕРЕНЦИЯ МОЛОДЫХ УЧЕНЫХ «ВЕКТОР 3.0»: материалы Международной научно-практической конференции, Витебск, 24 февраля 2023 г. / редкол.: И.В. Николаева [гл. ред.]; [и др.]. – Витебск : ВГУ имени П.М. Машерова, 2023.− С. 136 – 138.