Закранутыя ў нашым даследаванні лёсы Язэпа Жукевіча, Паўла Чабатарэвіча, Вацлава Можджэра, Антона Леошкі – з’яўляюцца адлюстраваннем лёсаў усіх нашых землякоў, якія апынуліся ў складзе польскіх вайсковых фарміраванняў у часы Другой Сусветнай вайны. Частка з іх загінула ў час ваенных дзеянняў, альбо ў палоне. Паводле даследаванняў Івана Фёдаравіча Будніка, аўтара кнігі пра нашых землякоў на Заходнім фронце, там загінулі 78 вайскоўцаў з Гродна і Гродзенскага раёна. У ліку загінуўшых у Італіі – Вацлаў Можджэр, уражэнец вёскі Дзевятоўкі. Тыя, што засталіся ў жывых і прынялі рашэнне вярнуцца на радзіму, апынуліся перад пагрозай савецкіх рэпрэсій. Многія з іх былі дэпартаваныя ў Сібір (як, напрыклад, Павел Чабатарэвіч).