Горад мае сваю ўнікальную атмасферу, якая праяўляецца ў візуальных вобразх, пахах і гуках.
Рынак
Адметнасць любога горада – наяўнасць гандлёвай плошчы, якую традыцыйна называлі Рынак. Пра рынкавую плошчу ў Гродне ўпершыню ўзгадваецца ў дэкрэце Вітаўта 1389 года. На той час гэта была невялікая гандлёвая пляцоўка, якая размяшчалася каля касцёлу — Фары Вітаўта. Больш важнымі былі два рынкі каля Старога замка. Статус гандлёва-рамеснага цэнтра горада гэта месца атрымала ў ХVI стагоддзі. Рыначная плошча выконвала таксама ролю асяродка гарадской улады. Тут знаходзіліся ратуша, дзе адбываліся пасяджэнні магістрата. У часы Расейскай імперыі плошча мела назвы Парадная, Саборная, у міжваеннае дваццацігоддзе была перайменавана ў плошчу Баторыя, у савецкі час стала Савецкай. У Гродне існавала яшчэ некалькі рынкаў – напрыклад, Нямецкі рынак, які некалькі разоў змяняў сваё імя на Казіны, Рыбны, ці проста Яткі (сёння гэта аўтастаянка па вул. Дамініканскай). Былі таксама Сенны (ці Скідзельскі), Дроўны рынак ды іншыя.
Бой вежавага гадзінніка
На вежы Фарнага касцёла знаходзіцца самы старажытны працоўны гадзіннік Европы. Узвышаецца над горадам на 60-метровай вышыні. Шлях да яго няпросты – трэба прайсці 110 прыступак па вінтавой лесвіцы. Гродзенскі гадзіннік зафундавала каралева Бона Сфорца. Механізм запусцілі яшчэ ў XVI ст. Такі ёсць таксама ў лонданскім музее, але там гадзіннік – ужо экспанат, а ў Гродна "жывы арганізм". Спачатку гадзіннік знаходзіўся на гарадской ратушы. У XVIII ст. яго перанеслі на вежу Фарнага касцёла. Гадзіннік б'е кожныя 15 хвілін, але вялікі звон гучыць кожную гадзіну. Каб гадзіннік не спыняўся, яго трэба заводзіць раз на тры дні.
Гадзіннік на Фарным касцёле
Не лічыць спазненне за грэх
І хоча чаканне сагрэць
Гадзіннік на Фарным касцёле.
Юрка Голуб
Гукі нашых храмаў: арганы
Першыя звесткі пра арган у Гродзенскім касцёле Св. Францыска Ксаверыя (сёння гэта Фарны касцёл) паходзяць з 1725 г., калі быў адрамантаваны стары арган. Сучасны арган Фарнага касцёла быў пабудаваны ў 1937 г. Гэты арган – самы вялікі сярод гістарычных інструментаў і з’яўляецца адзіным гістарычным інструментам, у якім ёсць 32-футавы рэгістр. У 1750 годзе ў гродзенскім францысканскім касцёле быў пабудаваны арган, частка якога дайшла да нашага часу.
Арган у лютэранскай царкве г. Гродна існаваў з 1919 па 1944 гг., меў 20 рэгістраў, быў выраблены ў Рызе. На жаль, яго месцазнаходжанне па сённяшні дзень невядома. Цяперашні арган лютэранскай кірхі быў прывезены з горада Франкфурта-на-Майне. Арган выраблены ў 1960 г. У ім 26 рэгістраў. Сёння кожны жадаючы можа наведаць канцэрт арганнай музыкі у лютэранскай кірхе.
Гукі нашых храмаў: званы Гродзенскага Пакроўскага сабора
Званы – голас праваслаўных храмаў. Свята-Пакроўскі сабор вылучаецца з шэрагу падобных яму храмаў сваёй званіцай, вышыня якой складае каля 30 метраў. Летам 1907 года незадоўга да асвячэння храма на званіцу былі паднятыя 9 званоў. Вага самага вялікага звона складала 301,5 пудоў. У 1915 годзе пры набліжэнні фронта да Гродна званы Пакроўскага саборы былі зняты са званіцы і вывезены з горада. На сённяшні дзень на саборнай званіцы знаходзяцца 10 званоў. Самы стары звон датуецца 1885 годам.
Школьны званок
Напеў званоў на цэрквах і касцёлах
Зліецца ранкам з песняю званка.
У мамінай руцэ твая рука
Сваіх дзяцей вядзе Гародня ў школу.
Святлана Куль
Першы званок у нашай школе прагучаў 1 верасня 1983 г. Тады гэта была СШ №25 – першая школа ў мікрараёне Дзевятоўка.
А ўвогуле гісторыя педагогікі Гродна налічвае некалькі стагоддзяў. Ля вытокаў адукацыі ў Гродне ў ХІІ ст. стаіць асветніцкая дзейнасць святароў і манахаў – першыя школы дзейнічалі пры храмах і манастырах. Адной з самых вядомых навучальных устаноў XVII стагоддзя быў езуіцкі калегіум, які існаваў у Гродне з 1625 па 1773 год. У 1775 – 1781 гадах дзейнічала Гродзенская медыцынская акадэмія – першая ў Беларусі вышэйшая навучальная ўстанова па падрыхтоўцы медыцынскага персаналу. Сёння ў Гродне дзейнічае разгалінаваная сістэма дашкольных, агульных і спецыяльных сярэдніх навучальных устаноў, 4 ВНУ.
Трубач на пажарнай каланчы
Кожны дзень у любое надвор'е ён апранае старадаўнюю форму пажарнага і падымаецца на каланчу – помнік архітэктуры пачатку ХХ ст., каб абвясьціць – у горадзе ўсё спакойна. Так рабілі пажарныя ў пачатку ХХ стагоддзя, у ХХI вырашылі традыцыю адрадзіць. Праўда, у адрозненне ад калегі з мінулага, сучасны трубач можа сыграць любую мелодыю, для кожнай – свой дзень тыдня.
Тэатральны званок
Театр. Будынак тэатра Антонія Тызенгаўза ў Гродне з'яўляецца помнікам архітэктуры другой паловы XVIII стагоддзя. Тут месціўся першы публічны гарадскі тэатр. Будынак тэатра ўзведзены ў 1774 г. архітэктарамі Мёзерам і Сака, хоць сам ТЭАТР пачаў функцыянаваць яшчэ ў 1769 г. Створаны як невялікі ансамбль вакалістаў і інструменталістаў, неўзабаве ТЭАТР Тызенгаўза пераўтварыўся ў пастаянны калектыў з вялікім балетным і оперным рэпертуарам. Сёння ў гэтым будынку працуе Гродзенскі абласны тэатр лялек.
Будынак сучаснага Гродзенскага драматычнага тэатра, заснаванага ў 1947 г., быў узведзены ў 1984 г. (архітэктары Мачульскі і Пархута).
Паравоз
Чыгунка. Гродна стаў першым горадам Беларусі, праз які ў 1862 годзе прайшла чыгунка. Рух па першай пракладзенай па беларускай зямлі лініі Гродна-Парэчча Пецярбурга-Варшаўскай чыгункі адкрылі ў снежні 1862 года. На станцыі "Гродна" быў узведзены драўляны будынак вакзала. У 1868 г. яго замяніла мураваная пабудова – яркі прыклад эклектыкі. Гэта быў найстарэйшым чыгуначным вакзалам у Беларусі. У 1956 годзе кінарэжысёр Леў Голуб здымаў тут фільм "Міколка-паравоз" паводле апавядання Міхася Лынькова. У 1986 годзе быў пабудаваны новы сучасны вакзальны комплекс. У 2013 годзе завершана яго рэканструкцыя.
Тралейбус
У 1974 годзе было створана Гродзенскае тралейбуснае ўпраўленне, 5 лістапада 1974 года быў запушчаны наш першы тралейбус, які называўся "Піянерскі". А зараз у горадзе працуе 24 тралейбусных маршрута, якія заўсёды дапамагаюць жыхарам горада. Парк, у асноўным, складаецца з тралейбусаў завода «Белкамунмаш» (Мінск). Перавозіцца ў сярэднім каля 80 мільёнаў пасажыраў у год.