Яго сын Юзэф ажаніўся з прыгоннай сялянкай – Ганнай Кісель. Відаць, каханне было настолькі моцным, што не стаў перашкодай прыгонніцкі статус нявесты. Увогуле, Плягі былі добрымі сем’янінамі. Сем’і былі шматдзетнымі. Так, Юзэф Пляга, які жыў у першай палове 19 ст., у 28 гадоў ажаніўся з 18-гадовай Ганнай Шабелкоўскай з Путрышак – і ў іх было сямёра дзетак! І яшчэ адзін прыклад: у Міхаіла і Марыянны Плягаў, якія жылі ў другой палове 19 – пачатку 20 ст., было чатырнаццаць дзяцей! Нам сёння гэта здаецца неверагодным. А ў тыя часы, гэта было нормай.