Сёння рака Вядроўка працякае паўз аграгарадок Бердаўку і падзяляе яе на дзве часткі: правабярэжную (больш старажытную) і левабярэжную (сучасную, якая пачала актыўна забудоўвацца пераважна з другой паловы 70-х гг. ХХ ст.).
ВЯДРОЎКА - рака ў Лідскім раёне, правы прыток ракі Гаўі (басейн Нёмана).
Даўжыня 10 км. Плошча вадазбору 37 кв.км. Сярэдні нахіл воднай паверхні 2,2 %. Пачынаецца каля вёскі Воўкаўцы, упадае ў Гаўю каля вёскі Лугавая. На ўсім працягу каналізаваная (Крыніца: Блакiтная кнiга Беларусi. - Мн.:БелЭн, 1994).
На рацэ каля вёскі Бердаўкі існуе прыродная сажалка, а таксама створана сажалка штучная
Возерам «Новым» у Бердаўцы здаўна называюць штучную сажалку, створаную
не пазней за канец ХІХ ст. Магчыма,
пры А. С. Дамбавецкім, паколькі менавіта пры ім на рацэ Вядроўцы быў пабудаваны вадзяны млын
Калі меркаваць па здымку першай паловы ХХ ст, бердаўскі плацінны колавы млын - узор вясковага прамысловага дойлідства. Відавочна, з колам верхняга бою - вада накіроўвалася на верхнюю частку кола і такім чынам яно рухалася.
Прастакутны аднапавярховы будынак выкананы з дрэва на каменным падмурку. Выкарыстоўваўся млын найперш для памолу і прасейвання збожжа
Размяшчаўся справа ад сучаснага моста па трасе Ліда-Іўе. У месцы, дзе рака Вядроўка выбягае са штучнага става.
У канцы XIX-пачатку ХХ стст. млын, як і сама вёска, належыў А. С. Дамбавецкаму, уласніку маёнтка Бердаўкі. Змяняліся ўласнікі вёскі, і адпаведна - уласнікі млына.
Пасля Другой сусветнай вайны млын, відавочна, быў нацыяналізаваны і перададзены на баланс мясцовага калгаса. Яшчэ ў пачатку 60-х гг мінулага стагоддзя працаваў.
Пазней быў разабраны да каменнага падмурка. Рэшткі падмурка былі знішчаны ў 2006-2007 гг, калі адбываўся капітальны рамонт моста падчас рэканструкцыі вёскі.
Больш падрабязна пра гэты бердаўскі млын ТУТ
Сёння возера «Новае» - упадабанае месца бердаўчан-аматараў рыбнай лоўлі, жыхароў іншых вёсак, горада Ліды і не толькі. Для кагосьці рыбалка - гэта адпачынак і рэлакс, для кагосьці - спорт і рызыка. Агульную колькасць рыбацкіх рэкордаў ведае, напэўна, толькі мясцовая русалка. Яна ўжо амаль сорак год ахоўвае бердаўскае возера