Мураваны аднапавярховы асабняк з мансардай. Пабудаваны спецыяльна для дырэктара гаспадаркі ў 1934 г.
У міжваенны перыяд у Польшчы паспяхова развівалася конегадоўля. Да сярэдзіны 30-х гадоў колькасць коней дасягнула 4 мільёнаў галоў. Урад краіны прыняў рашэнне будаваць конезаводы ва ўсходніх крэсах.
Адзін з такіх племянных конезаводаў у 1934 годзе пачынае будавацца ў вёсцы Бердаўка. Былі ўзведзены тры цагляныя прасторныя стайні пад чырвоным шыферам агульнай плошчай 1878 кв.м. на 120 галоў племянных жарабцоў, манеж, ветэрынарны лазарэт з ізалятарам, склады фуражу, конскага інвентару і інш. Былі пабудаваны чатыры драўляныя шасцікватэрныя жылыя дамы з мансардамі для спецыялістаў (кожны па чатыры кватэры для сямейных і па дзве аднапакаёвыя кватэры для халасцякоў).
Гаспадарка займалася ўзнаўленнем і гадоўляй высокаякасных коней на племя. Яна забяспечвала жарабцамі-вытворнікамі конегадоўчыя прыватныя гаспадаркі. На конезавод былі завезены 120 племянных жарабцоў чыстых ангельскіх крывей, а таксама шведскія гудбрансдалі. Пры заводзе меліся свінарнік, аўчарня, вадзяны млын.
Жарабцы дзяржканюшні ў 50-х гг. удзельнічалі ў спаборніцтвах па конным спорце.
У век НТР коні на вёсцы не патрэбныя – вырашана было на ўзроўні кіраўніцтва дзяржавы. І пачалося іх рэзкае скарачэнне ў сялянскай гаспадарцы. У 1958 г. дзяржканюшня ў Бердаўцы спыніла сваё існаванне. Жарабцоў адправілі на бойню, нямногіх распрадалі калгасам. На базе дзяржканюшні арганізавалі дзяржплемстанцыю штучнага асемянення
У канцы 50-пачатку 60-х гг у доме дырэктара конезавода пэўны час працавала кантора дзяржплемстанцыі штучнага асемянення.
Некалькі год пакоі асабняка здаваліся для пражывання мясцовым спецыялістам. Так, у пакоях мансарды жыла сям'я былой загадчыцы Бердаўскага ФАПа Самахвалавай Раісы Сцяпанаўны.
З восені 1963 да 1985 гг. будынак стаў памяшканнем Бердаўскага дзіцячага сада.
З 1985 па бягучы момант будынак перайшоў ва ўладу мясцовых медыкаў. Сёння тут працуе Бердаўская ўрачэбная амбулаторыя ўрача агульнай практыкі