Будынак новага касцёла Найсвяцейшай Тройцы (сустракаецца назва касцёл Святой Тройцы) у Бердаўцы - гэта мураваны каталіцкі храм. Упрыгожыў вёску ў пачатку ХХІ ст. Касцёльны будынак можна разглядаць як яскравы прыклад сучаснай архітэктуры. Аднак высокая востраканцовая вежа над галоўным уваходам і некаторыя іншыя элементы характэрныя для неаготыкі
Сучасная каталіцкая парафія ў Бердаўцы створана 8 студзеня 1992 года. У 1992 годзе пад часовы храм быў прыстасаваны стары школьны будынак (цяпер гэта каталіцкая капліца). У 2003 г была асвячоная пляцоўка пад будаўніцтва новага мураванага храма, сам храм асвячоны ў 2009 г.
Новы будынак вырашаны прамавугольным у плане аб’ёмам пад двухсхільным дахам. Да фасада далучана высотная чатырохгранная вежа-званіца. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёныя высока ўзнятымі арачнымі аконнымі праёмамі з двухграннымі сандрыкамі над паддахавым карнізам
Стары касцёл у Бердаўцы (сёння месца яго размяшэння захоўвае мясцовую назву Кір'янаўскі двор) у 1947 г. быў зачынены, а ў 1957 г. разабраны. Дрэва пайшло на пабудову аднаго з новых будынкаў вясковай школы (сучасная капліца па вуліцы Лідскай).
Вядома, што службу ў бердаўскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы з 1944 па 1947 гг вёў святар Чыжэўскі Альфонс Леапольдавіч
(гады жыцця: 28.4.1897- пасля студзеня 1953; рэабілітаваны (пасмяротна) у 1954 г.).
Першым святаром у Бердаўцы ў 90-х гг быў ксёндз Станіслаў Лугоўскі SDB, адзін з першых салезіян у Беларусі.
Будаўніцтва новага будынка касцёла праводзілася пад апекай пробаршча ксяндза Ежы (Юрыя) Свіслоцкага.
Сёння пробаршч касцёла Святой Тройцы ў Бердаўцы Міхал Сцяцкевіч
Адрас:
231302 аг. Бердаўка вул. Школьная, 16 Лідскі р-н Гродзенская вобл.
Тэл.: (8-01561) 9-84-95
Расклад набажэнстваў (магчымы змены)
Св. Імша ў нядзелю і святы — 10.45
Св. Імша ў будні — 9.30
Адпуст: урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы (адбываецца праз сем тыдняў пасля Вялікадня)