Будынак адміністрацыі калгаса «Бердаўка» ўведзены ў эксплуатацыю ў першай палове 80-х гг.
Цэнтральны фасад будынка ўпрыгожвае герб БССР. Ён замацаваны на шкляной вітражнай рознакаляровай увагнутай сцяне. Вітраж размяшчаецца паралельна над цэнтральным уваходам і па шырыні супадае з ім. Па вышыні шкляная сцяна займае другі і трэці паверхі.
Тэрыторыю навокал аздабляюць блакітныя елкі, летам кветкі
На трэцім паверсе размяшчалася ўласна адміністрацыя сельскагаспадарчага прадпрыемства: быў кабінет старшыні калгаса, прыёмная, кабінеты бухгалтэрыі, эканамістаў, іншых калгасных спецыялістаў, калгасная каса.
Другі паверх адводзіўся для Бердаўскага сельскага выканаўчага камітэта. Тут жа знаходзілася актавая зала, а таксама пакой урачыстай рэгістрацыі запісу грамадзянскіх актаў - шлюбу, нараджэння дзіцяці і інш.
На першым паверсе працавалі ашчадная каса і паштовае аддзяленне. Частку памяшканняў займаў калгасны архіў
У гаспадарцы Каранюка А.А. паважалі і любілі. Ён узначальваў калгас «Бердаўка» амаль трыццаць год. За выдатную працу партрэт старшыні двойчы змяшчаўся на раённай Дошцы гонару. Сам ён быў узнагароджаны ардэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай рэвалюцыі, «Знак Пашаны», медалямі «За працоўныя поспехі», «Выстава народнай гаспадаркі». Аляксандр Аляксандравіч абіраўся дэпутатам мясцовага, раённага і абласнога Саветаў. З 1980 па 1985 год – дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР Х склікання.
Аднавяскоўцы высока цанілі працоўную дзейнасць былога старшыні калгаса, адносіны да простых людзей, яго імкненне зрабіць жыццё калгаснікаў больш зручным і камфортным. Задоўга да сучаснай праграмы па адраджэнню вёскі Аляксандр Аляксандравіч стварыў у Бердаўцы сапраўдны аграгарадок з добраўпарадкаваным жыллём і інфраструктурай, якія па тых часах ні ў чым не саступалі гарадскім. Па ініцыятыве грамадскасці ў 2009 г. адна з новых вуліц «пасёлка» была перайменавана ў вуліцу Аляксандра Каранюка.
У 2013 годзе Каранюк А.А. ушанаваны высокім званнем «Ганаровы грамадзянін Лідскага раёна». Яго іменная зорка змешчана на памятным знаку «Гордасць Лідчыны» (г.Ліда, пляцоўка перад Лідскім гісторыка-мастацкім музеем)
Сёння ў адміністрацыйным будынку працуе паштовае аддзяленне і Бердаўская сельская інтэграваная бібліятэка. Сярод бібліятэчных кніг краязнаўчай тэматыкі ганаровае месца займае кніга Аляксандра Каранюка «Сэнс жыцця», якая ўбачыла свет у 2014 г.