ДАВЕДНІК ДЛЯ АМАТАРАЎ ПАДАРОЖНІЧАЦЬ ПА РОДНЫМ КРАІ І ДЛЯ ГАСЦЕЙ БЕРДАЎСКАЙ ЗЯМЛІ
Прысвячаецца былым і сённяшнім жыхарам нашай вёскі.
Толькі дзякуючы іх штодзённай, карпатлівай і часам незаўважнай для іншых працы земляроба і рамесніка, будаўніка і жывёлавода, урача і бухгалтара, настаўніка і механізатара і многіх іншых было магчыма ўзнікненне і развіццё ўнікальнай мясцовасці, якая сёння называецца аграгарадком Бердаўкай...
Мяне завуць Паліна Грышкевіч, і я прапаную Вам наш аўтарскі даведнік
па аграгарадку Бердаўцы.
Бердаўка – населены пункт з багатай гісторыяй, якую стваралі людзі цягам амаль пяці стагоддзяў.
Без фальшывага пафасу варта сказаць: кожны, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй і культурай, а таксама краязнаўствам, – адным словам, любы госць лідскай зямлі, тым больш, лідчанін, абавязаны наведаць нашу вёску хоця б аднойчы
На жаль, большасць турыстаў знаходзіцца ва ўладзе некаторых сумненняў: а сёння ў вёсцы ёсць што глядзець?!
Адразу хочацца гэтыя сумненні развеяць:
Аграгарадок Бердаўка – цудоўны ўзор заходнебеларускай вёскі з гістарычнай і сучаснай забудовай. Наша вёска – музей пад адкрытым небам. Гэта не значыць, што тут за кожным паваротам вас чакае аніматар, а ля кожнай забудовы – экскурсавод.
Гэта значыць, што тут ёсць аб’екты, якімі цікавяцца турысты. А таксама маецца пэўная інфармацыйная забяспечанасць для знаёмства з імі.
Калі ж для вас як турыста і падарожніка недастаткова мемарыяльнай шыльды з надпісам ці інфармацыйнай карты-схемы былой сядзібы, то без экскурсіі альбо даведніка ў Бердаўцы не абысціся.
Вопыт мясцовага жыхара паказвае, што часта госці Бердаўкі, якія, напрыклад, наведалі тут сваякоў або трапілі праездам падчас велапаходу, жадаюць пазнаёміцца з яе славутасцямі і прыгожымі мясцінамі. Аднак пройдуцца ўздоўж цэнтральнай вуліцы, пастаяць ля крамы, у лепшым выпадку зойдуць у адзін з мясцовых музеяў і, змораныя і расчараваныя, пакідаюць вёску.
Чаму? Яны проста не ведаюць, КУДЫ ісці і ШТО глядзець!
Мы ўпэўнены: адэкватны турыст не можа з задавальненнем знаходзіцца ў незнаёмым населеным пункце больш за гадзіну, а таму павінен мець дакладны план дзеянняў
Таму нам уяўляецца значна больш эфектыўнай спачатку аглядавая экскурсія па населеным пункце з наведваннем турыстычных аб’ектаў, у тым ліку былога палаца Дамбавецкага, Музея сям’і і Бердаўскага гісторыка-краязнаўчага народнага музея. І, магчыма, Вам захочацца наведаць Бердаўку ў наступны раз, каб больш падрабязна пазнаёміцца з тым месцам, якое Вас асабліва зацікавіла, або каб стаць удзельнікам мясцовых брэндавых мерапрыемстваў, музейных анімацыйных праграм ці экалагічных акцый
Наш даведнік мае на ўвазе самастойны агляд
найбольш цікавых і значных з гістарычнага, культурнага
ці экалагічнага боку мясцін Бердаўкі на працягу 3-4 гадзін.
Падбор матэрыялу тут часам суб'ектыўны і адлюстроўвае нашы прыватныя меркаванні. Пры гэтым мы падзяляем глыбокую павагу
да пункту гледжання мясцовых жыхароў,а таксама захавальнікаў фондаў бердаўскіх музеяў.
Менавіта найперш на іх
даследчых матэрыялах, адкрыццях
і заключэннях заснаваны
дадзены даведнік
Мы не прапануем Вам абсалютна вычарпальную інфармацыю пра вёску, пра ўсе яе гістарычныя
і культурныя помнікі, будынкі, прыродныя аб’екты, калекцыі двух музеяў. Даведнік утрымлівае толькі найбольш цікавыя і важныя факты пра дзесяць пунктаў турыстычнага маршруту “Адзін дзень у Бердаўцы, або Месца, у якім хочацца жыць”. Для тых, хто жадае падрабязней пазнаёміцца з гісторыяй Бердаўкі, будзе цікавым “Летапіс аграгарадка Бердаўкі”. Замоўленыя тэматычныя экскурсіі ў нашы музеі дазволяць даведацца пра іх залы і асобныя экспанаты.
Да таго ж, дзякуючы юным краязнаўцам ужо з'явіўся анлайн-даведнік па гэтым музеі
Калі Вы выяўляеце рэкламу
ў даведніку ці спробы каго іншага здабыць прыбытак з яго дапамогай, гэта адбываецца насуперак
нашаму жаданню. Просім неадкладна паведаміць
пра такія факты на адрас:
berdovka-sch@edu-lida.gov.by
Пазнавальны турызм – атрыманне новых для сябе ведаў пра прыроду, грамадства, гісторыю і сучаснасць чалавецтва, культуру краіны і народа.
Рэкрэацыйны турызм – адпачынак, дасуг; аднаўленне і развіццё эмацыйнай сферы чалавека.
Гасцявы і настальгічны турызм – наведванне сваякоў, месцаў гістарычнага пражывання
Дзіцячы турызм, моладзевы турызм, турызм эканамічна актыўных людзей маладога і сярэдняга ўзростаў, турызм трэцяга ўзросту (пенсіянераў)
Агульная працягласць маршруту (ад аб'екта да аб'екта) – 2,4 км.
Аглядавая экскурсія займае 3-4 гадзіны.
Час можа быць павялічаны пры замове паўнавартасных экскурсій ў Бердаўскім гісторыка-краязнаўчым народным музеі, у былым палацы Дамбавецкага і Музеі сям'і.
Адпаведна, іншым будзе час пры ўдзеле ў брэндавых мерапрыемствах, анімацыйных праграмах або інтэрактыўных экскурсіях (глядзець закладку «Аматарам актыўнага і карыснага адпачынку»)
Каб з задавальненнем прайсці прапанаваны намі маршрут, кожны можа абраць той сезон, які яму больш за ўсё падабаецца. Бердаўка асабліва прыгажая, калі зімой усё навокал ахутваецца некранутай прыроднай беллю. Вясной і летам вясковыя вуліцы і наваколле патанаюць у смарагдавай зеляніне паркаў, акаляючых лясоў і рознаквецці садоў і палісаднікаў. Восенню усё навокал радуе вока назіральніка чароўнымі цёплымі фарбамі залатой лістоты і глыбокага колеру воднай гладзі.
Для турыстаў і наведвальнікаў у Бердаўцы ёсць што паглядзець у любую пару года. Музеі сустрэнуць вас па дамоўленасці круглагадова. Каб атрымаць дадатковую інфармацыю, тэлефануйце:
+375 154 544 101 або +375 154 544 103 (Бердаўскі гісторыка-краязнаўчы народны музей)
+375 154 623 519 (Музей сям'і, былы палац Дамбавецкага)
Аўтобусам - інфармацыя ТУТ
Цягніком з боку Ліда альбо з боку Маладзечна да прыпынка «Кір'янаўцы» - інфармацыя ТУТ. Адлегласць ад прыпынка да Бердаўкі - 3 км пешшу
Аўтамабілем - Карта аўтамабільных дарог