Паспрабуем ажыццявіць невялікае віртуальнае падарожжа па шляхах Якуба Коласа, пазнаёміцца з гісторыяй увекавечання яго памяці.
Каб далучыцца душой да вытокаў творчасці народнага песняра, абавязкова трэба пабываць на яго радзіме. Менавіта тут нарадзіўся яго талент, а гэтыя мясціны сталі крыніцай шматграннага паэтычнага летапісу.
І вось мы тут, на Стаўбцоўшчыне. Перш-наперш пабываем у Акічыцах, дзе размешчана экспазіцыя “Калыска паэта”.
З усіх сядзібаў у Стаўбцоўскім раёне найбольшую каштоўнасць мае Ласток, дзе жыў маленькі Кастусь разам са сваімі бацькамі з 3-х да 8-і гадоў.
Гэтае месца нават зараз цяжка знайсці сярод Стаўбцоўскіх лясоў, а раней яно было зусім глухім. Напэўна, таму з усіх сядзіб на Стаўбцоўшчыне, дзе жыў будучы паэт, толькі тут і захавалася аўтэнтычная хата канца ХІХ стагоддзя і гумно — сведкі жыцця сям’і Міцкевічаў на працягу пяці гадоў.
Тут у глухім месцы сярод лесу прайшло ранняе дзяцінства паэта ў казачным прыродным асяроддзі, пад спеў лясных птушак і таямнічы шэпт дрэў, якія навявалі вобразы, увасобленыя пазней у паэмах “Сымон-музыка” і “Новая зямля”.
Гэта мясціна — яшчэ і непаўторны помнік прыроды. У хаце Міцкевічаў часта бывалі леснікі, аб’ездчыкі, сваякі з Мікалаеўшчыны — іх размовы пра несправядлівасць, крыўду на паноў уражлівы хлопчык успрымаў з болем у сэрцы і на ўсё жыццё захаваў варожае пачуццё да паноў.
Два пакоі экспазіцыі ў гэтай сядзібе былі створаны ў 1997 годзе па матывах паэмы “Сымон-музыка”. Яна захоўвае фатаграфіі, рукапісы, творы беларускіх мастакоў і майстроў народных рамёстваў.
З Ластка перабіраемся ў Альбуць.
Святых мясцін на свеце многа,
Але і гэтай не міні…
Іду ў Альбуць лясной дарогай-
Ступня адчула карані.
Какорыцца, рабрыцца шлях твой
Ва ўсе часы, мой родны кут.
Вазок фацэтны гордай шляхты
Пыхліва не імчаўся тут.
І ўвек ракетны,электронны
Урослай,сцішанай вярстой
Да Коласа ідуць з паклонам
Яго нашчадкі пехатой.
У паэме «Новая зямля», якая па праву лічыцца энцыклапедыяй сяланскага жыцця, сядзіба лесніка, куды перабралася сям’я Міцкевічаў пасля Ластка, называецца Парэчча — «слаўная мясціна, куток прыгожы і вясёлы». Сапраўдная ж назва яе Альбуць (у архіўных дакументах Альбута). Тут Якуб Колас жыў з 1890 па 1902 год, калі памёр бацька.
Праз год пасля таго, як пасяліліся, здарыўся пажар, і хату прыйшлося будаваць нанова, нанова нажываць усё дабро. Вельмі дапамагаў дзядзька Антось, які жыў у сям’і. Старанны працаўнік з глыбокімі ведамі земляроба, рыбак, паляўнічы і пчаляр,таленавіты расказчык, ён аказаў вялікі ўплыў на выхаванне дзяцей. Колас адлюстраваў яго вобраз у паэме “Новая зямля”.
Літаратурна -мемарыяльная экспазіцыя ў Альбуці па матывах гэтай паэмы створана ў 1990 годзе.
Апошнім месцам жыхарства сям’і стала Смольня, дзе збудавалі хату. Колас тады сядзеў у мінскай турме. А калі прыехаў да родных, пасадзіў на сядзібе ліпы, якія растуць там дагэтуль.
Тут летам 1912 года ён сустрэўся з Янкам Купалам. У памяць пра гэтую падзею, да яе 100 - гадовага юбілею ў Смольні быў устаноўлены мемарыяльны знак.
Тут па прапанове Дабрачыннага савета музея, які ўзначальваў былы начальнік аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама Анатоль Грэкаў, закладзены сквер “ Дрэва жыцця”, прысвечаны славутым імёнам Бацькаўшчыны.
У мемарыяльнай хаце доўгі час жыў брат пісьменніка Іосіф Міцкевіч з сям’ёй. Тут адноўлены хлеў і гумно, а ў пабудаваным двухпавярховым будынку размешчана літаратурная экспазіцыя, прысвечаная дзіцячым і юнацкім гадам пісьменніка, яго далейшаму жыццю і творчасці. Яна змяшчае каштоўныя дакументы і фатаграфіі, рэдкія выданні твораў Коласа.
Філіял у Смольні быў адчынены ў 1967 годзе.
«Мілы кут маіх дзядоў», – пісаў пра вёску Мікалаеўшчына Якуб Колас.
Адсюль родам былі бацька і маці, тут Кастусь вучыўся ў народным вучылішчы, атрымаўшы хатнюю адукацыю ў Альбуці.
Адсюль паехаў вучыцца ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю і сюды вярнуўся настаўнікам з Палесся, дзе пачынаў сваю працоўную дзейнасць.
Тут правёў нелегальны настаўніцкі з’ езд у 1906 годзе, за што быў пазбаўлены працы. Каля года затым жыў са сваякамі ў лясной каморы ў Цёмных Лядах за 4 кіламетры ад Стоўбцаў. Стварыў нелегальную школку для 12 дзяцей.
Менавіта тут была здзейснена першая публікацыя паэта пад псеўданімам Якуб Колас, які ён выбраў пад уздзеяннем творчасці расійскага пісьменніка Якубовіча-Меншына. У гэты перыяд ён шмат чытае і плённа піша.
Як памяць і запавет вучыцца знакаміты пісьменнік і вучоны пакінуў юным землякам збудаваную на яго сродкі ў Мікалаеўшчыне школу.
Верасень 1902 г. – пачатак педагагічнай дзейнасці К. М. Міцкевіча.
Ён працуе на Палессі настаўнікам Люсінскага народнага вучылішча Хатынскай вобласці Пінскага павета (цяпер Ганцавіцкі раён).
Тутэйшыя краявіды праз пэўны час увойдуць у знакамітую трылогію «На ростанях», а людзі стануць прататыпамі літаратурных герояў. Твор напіша Якуб Колас – той самы настаўнік з Люсіна.
Сёння на Ганцаўшчыне ўсім жадаючым ахвотна раскажуць аб жыцці класіка беларускай літаратуры і яго настаўніцкай дзейнасці ў гэтым краі, але самыя падрабязныя аповеды можна пачуць у літаратурна-этнаграфічным музеі Люсінскай школы.
Літаратурна-этнаграфічны музей Якуба Коласа адкрыты і ў Пінкавічах у 1990 годзе.
У гэтым будынку былой школы з 1904 па 1906 год Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч працаваў настаўнікам. Музейная экспазіцыя размешчана ў вестыбюлі і чатырох залах будынка. Сярод музейных матэрыялаў ёсць захаваныя запісы выступленняў Якуба Коласа і яго брата Іосіфа Міцкевіча, а таксама некаторыя ўспаміны жыхароў Пінкавіч пра вядомага пісьменніка.
У Пінску Якуб Колас правёў тры гады: з 1912 па 1915, дзе працаваў настаўнікам. Тут ён сустрэў настаўніцу Марыю Каменскую, з якой ажаніўся ў 1913 годзе і правёў у шлюбе больш за 30 гадоў. У Пінску нарадзіўся старэйшы з трох ягоных сыноў Даніла.
25 ліпеня 2015 года на званіцы Свята-Варварынскай царквы ў Пінску з’явілася мемарыяльная дошка, якая будзе напамінаць аб значнай падзеі - вянчанні беларускага песняра ў Пінску.
У Мінску на тэрыторыі Акадэмгарадка (цяпер квартал Мінска, сумежны з праспектам Незалежнасці, вуліцамі Акадэмічнай і Сурганава) Якуб Колас пасяліўся пасля вяртання з эвакуацыі ў маі 1945 года.
У спаленым горадзе цяжка было знайсці добрае жыллё, таму домік, прывезены з прыгараднай вёскі ў час вайны для патрэбаў нямецкага шпіталя і пастаўлены ў двары Акадэміі навук, стаў на той час адзіна магчымым вырашэннем жыллёвага пытання пісьменніка. Гэта быў драўляны домік памерам прыкладна 5 х 9 метраў, ён меў тры невялікія пакойчыкі і зусім маленькую кухню – 2 х 2 метры. Водазабеспячэння ў доме не было. Затое гэта было зручнае месца. Па-першае, у двары Акадэміі навук, дзе Якуб Колас працаваў віцэ-прэзідэнтам ад часу яе адкрыцця, па-другое, па ўспамінах старэйшага сына Данілы Міцкевіча, месца вельмі зручнае ў прыродных умовах – дом абступалі прыгожыя сосны – рэшткі загараднага лесу. Гэты дом знайшоў сын Даніла адразу ж пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і заняў яго з дазволу кіраўніцтва Акадэміі навук БССР .
Сам Колас прыехаў у сталіцу ўпершыню пасля вызвалення 6 снежня 1944 года і некаторы час жыў у гэтым доме. Бываў і пазней наездамі, а канчаткова пераехаў з Масквы у маі 1945 года пасля смерці жонкі Марыі Дзмітрыеўны. Паступова пачалі абжывацца на новым месцы. У канцы 1944 года вакол сядзібы зрабілі агароджу – час быў неспакойны.
На працягу 1945-1946 гадоў пабудавалі пуню, гараж, склеп і лазню. Улетку 1946 года дом песняра наведаў першы сакратар ЦК КПБ і старшыня СМ БССР Панцеляймон Панамарэнка. Ён быў шчыра здзіўлены больш чым сціплым побытам сям’і пісьменніка і, палічыўшы дом няўтульным і непрыгодным для жылля і працы народнага паэта, прапанаваў Коласу пабудаваць больш прасторны дом. Колас падзякаваў яму за клопат, але адмовіўся ад прапановы. Каля двух мільёнаў жыхароў рэспублікі жылі тады ў зямлянках, і народны паэт лічыў немагчымым для сябе ў той час жыць у раскошы.
Замест узвядзення новага будынка сям’я вырашыла абыйсціся частковай рэканструкцыяй старога. І ўжо ў 1947 годзе была зроблена двухпавярховая цагляная прыбудова, фактычна яшчэ адзін невялікі дом, дзе размясцілі кухню, туалетны пакой, маленькі пакойчык для хатняй работніцы на першым паверсе, а таксама кабінет і спальню пісьменніка на другім. У такіх умовах Колас з сям’ёй (сам, два сыны, нявестка) жыў на працягу пяці гадоў да 1952 года.
І толькі ўлетку 1952 года, да 70-гадовага юбілею паэта, быў пабудаваны вялікі прасторны дом на падмурку старога (аўтар праекта – архітэктар Георгій Заборскі). На першым паверсе размясціліся спальныя пакоі сыноў Коласа, гасцёўня, сталовая, веранда і кухня, а на другім – кабінеты сыноў Данілы і Міхася Міцкевічаў, кабінет і спальня Коласа, вялікая гасцёўня – усяго 319 м² жылой плошчы. У такім прыгожым і вялікім асабняку, адпаведным яго статусу, Колас пражыў амаль чатыры гады – з верасня 1952 па 13 жніўня 1956 года .
Паэт памёр у сваім доме, у кабінеце за рабочым сталом.
Дом знакамітага пісьменніка абступае мемарыяльны сад. Якуб Колас, геній якога ўзгадаваны на глебе народнай культуры, глыбей, чым хто іншы, не проста тонка разумеў, але і адчуваў духоўнае значэнне кожнай расліны. Адсюль – і яго імкненне акружаць сябе прыродай, жыць у суладдзі з ёю. Сядзібу заўсёды аздабляла і мноства кветак – ружы, півоні, касачы, лілеі, вяргіні. Квітнелі гваздзікі, нарцысы, цюльпаны.
Ужо ў красавіку 1945 г. на сядзібе пасадзілі шмат дэкаратыўных дрэў, сярод якіх быў і любімы Коласаў вяз. Пад гэтым вязам паэт часта адпачываў, гутарыў з сябрамі. У хуткім часе пасадзілі з дзесятак яблыняў каля хаты. Неўзабаве ўзнік і пладовы сад: яблыні, вішні, чарэшні, слівы, грушы, кусты агрэсту, парэчак, маліны, а таксама дэкаратыўныя дрэвы і кусты: ліпа, клён, каштан, піхта, серабрыстая елка, арэхі, барбарыс, бэз, вінаград і інш. Колас садок свой дбайна даглядаў і бярог. Нават калі наспела неабходнасць пабудовы новага дома, ён не вельмі разгортваўся ўшыр, каб не прымусіць высякаць што-небудзь у садзе. Колас вельмі любіў кусты: з прыгараднага лесу быў прывезены ядловец і пасаджаны ў кампанію да барбарысу, язміну, бэзу. А пад адным з вокнаў Колас саджаў тытунь, але пасля таго, як дактары забаранілі пісьменніку курыць, ён быў бязлітасна вырваны.
У 1952-1953 гадах паэт пасеяў у сябе пад акном жыта і нават зрабіў вядомы дослед па сумеснаму пасеву жыта і ячменю, пра які вычытаў у дарэвалюцыйным часопісе. Вынікі цікавага пісьменніцкага эксперыменту публікаваліся ў “Вестях АН БССР” і рэспубліканскіх газетах.
Пра сваю сядзібу Колас нават напісаў верш “З майго летапісу”:
Стаіць мая хата між хвой кучаравых,
І купіна жыта на клумбе пры ёй.
Свая ў мяне пожня, і дрэўцы, і травы,
Пляцоўка, і двор свой і я сабе свой.
На Коласавым падворку ці не кожная раслінка мела сэнс – ад блакітнавокіх незабудак да жыццястромкіх сосен. Асаблівае месца займала кампазіцыя з чатырох дубоў і бярозы – дрэў, якія сімвалізавалі сям’ю вялікага Песняра: жонку, сыноў і яго самога. Дрэвы, канешне, падбіраліся невыпадкова: каб сімвалізм быў і глыбокі, і разам з тым зразумелы чалавеку паспалітаму. Так, любімае Коласава дрэва дуб – гэта ўвасабленне цвёрдасці, моцы, здароўя, надзейнасці. Бяроза з’яўляецца перадусім сімвалам чысціні і цнатлівасці жанчыны, яе хараства, а таксама любові і кахання. У беларускай культуры бяроза атаясамілася яшчэ і з вобразам маці і радзімы.
Мінула болей за паўвеку, як не стала гаспадара, а сама сядзіба пераўтварылася ў музей. Але ўсталяваныя яшчэ за дзядзькам Якубам традыцыі супрацоўнікі ўстановы імкнуцца захаваць. Па сённяшні дзень кожнай вясной цвітуць незабудкі, у любую пару года імкнуцца да нябёсаў сосны, дружнай грамадою паўстаюць волаты-дубы.
У даваенны час, пачынаючы з трыццаць трэцяга года, Колас разам з жонкай і дзецьмі штогод адпачываў у Пухавіцкім раёне недалёка ад Мар'інай Горкі - збіраў грыбы, лавіў рыбу, вывучаў мясцовасць, назіраў за станам надвор'я. Сустракаўся з вяскоўцамі і слухаў гісторыі іх жыцця. І, безумоўна, шмат працаваў - выношваў ідэі твораў, пісаў паэмы і вершы.
У 1937-38 гадах Міцкевічы праводзілі лета ў глухім хутары Вусце, недалёка ад месца, дзе зліваюцца Балачанка і Свіслач.
А летам 39-га і 40-га яны адпачывалі на процілеглым беразе - у вёсцы Березянка. Гэтая мясціна яшчэ мацней кранула душу паэта сваім маляўнічым хваёвым лесам і далінай ракі Свіслач са старымі дубамі. Напэўна, малюнкі прыроды нагадвалі яго незабыўную маці-радзіму, якая так нечакана апынулася за мяжой і стала часткай Польшчы, - Альбуць, Смольня, Мікалаеўшчына, Высокі бераг і Бервянец з дубамі ў пойме Нёмана.
Яшчэ да вайны, адпачываючы ў ваколіцах Мар'інай Горкі кожнае лета, сям'я Міцкевічаў радавалася таму, што яны разам, весела і займальна праводзяць час. У вёсцы Березянка пясняр марыў мець летнюю дачу, нават нагледзеў сабе месца, завёз бярвенне, каб летам 1941-га пачаць будаўніцтва. Але грымнула вайна...
У 1945-м Колас зноў наведваецца ў знаёмыя месцы. Толькі ці пазнае ён іх? Вёскі Вусце і Березянка сцёртыя з твару зямлі - у сорак трэцім іх спалілі карнікі. Жыўцом згарэлі і жыхары вёсак. Знікла таксама старая Балачанка, хаты якой акупанты разабралі на бярвенне. Загібелька перастала існаваць яшчэ ў час раскулачвання і жудасных рэпрэсій. Сумна было паэту бачыць і ўсведамляць маштабы нядаўняй трагедыі. Не спраўдзілася і запаветная мара паэта мець тут свой летні прытулак.
Але ці патрэбны ён быў цяпер аўдавеламу паэту? Чаго каштавалі яму маляўнічыя наваколлі без каханай жанчыны, з якой зусім нядаўна дзяліў радасць жыцця? І ўсё ж душа Коласа была моцна звязана з гэтай зямлёй. Не толькі светлымі аб ёй ўспамінамі і болем ад незваротных страт. Але і простай чалавечай прагай прабегчы знаёмымі грыбнымі сцяжынкамі, якія вядуць на цёплы бераг лясной рачулкі.
Толькі тут - у краі над Свіслаччу і Балачанкай - ён знаходзіў суцяшэнне ў сваёй адзіноце, у горкай памяці пра загінуўшага на вайне сына Юрку, заўчасна страчанага сябра Янку Купалу і толькі што памерлую жонку Марыю. Толькі тут ён мог падлечваць цяжкія раны душы. Штогод Колас імкнуўся наведаць знаёмыя і дарагія месцы.
У 1955-м, за год да смерці, народны паэт Беларусі Якуб Колас у адным з лістоў пісаў: "Вусце, Балачанка, Беразянка сталі для мяне святымі".
Трыма гадамі раней ён таксама прызнаваўся: "Вельмі люблю я Вусце і Балачанку. Я нават не падзяляю іх, таму што гэта мая другая радзіма..."
Імя вялікага сына беларускага народа ўвекавечана ў шматлікіх помніках. Іменем Якуба Коласа названы: Інстытут мовазнаўства і Цэнтральная навуковая бібліятэка, Акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, Паліграфічны камбінат у Мінску. У гонар паэта названы вуліцы ў Мінску, Навагрудку і іншых гарадах Беларусі, Валгаградзе, Кіеве, Пермі. Адна з цэнтральных плошчаў сталіцы Беларусі носіць імя Якуба Коласа, а таксама станцыя метро, якая знаходзіцца побач.
У 1957, 2002 і 2017 гадах выпушчаны паштовыя маркі з партрэтам Якуба Коласа.
У 1962 годзе выпушчана паштовая марка да 50-годдзя з дня першай сустрэчы Якуба Коласа і Янкі Купалы.
Да чарговых юбілеяў з дня нараджэння паэта выпушчаны памятныя канверты
Да 100-годдзя з дня нараджэння класіка выпушчаны памятны медаль.
У1992 годзе Цэнтральны банк Расійскай федэрацыі выпусціў памятную манету ў памяць паэта.
У 2002 годзе ў Беларусі выпушчана манета ў гонар 120-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа.
Яркая, самабытная, творчая асоба Якуба Коласа, яго багатая і шматгранная спадчына пастаянна выклікаюць цікавасць людзей розных пакаленняў і знаходзяць водгук у творчасці пісьменнікаў, мастакоў і кампазітараў.
13 жніўня 1956 года
«...праз трыццаць гадоў пісьменніцкі пленум разглядаў пытанне: пісьмо, з якім Якуб Колас хадзіў у ЦК партыі ў дзень сваёй смерці... Пісьмо — пра становішча з роднай мовай...»
Янка Брыль
На стале песняра засталося не дапісаным апошняе пісьмо маскоўскаму перакладчыку Яўгену Мазалькову.
Калышацца пад лёгкім ветрам жыта,
вартуюць сосны знакаміты дом.
Апошні дзень...
Яшчэ ён не пражыты...
Схіляецца чало над аркушам, сталом.
«Што напісаць? Ці праўдай гэта будзе?
Ці зразумееш, браце Мазалькоў...»
He промні жніўня
злая сцюжа студзеня
залезла ў жылы і халодзіць кроў.
...На сосны глянуў, зачыніўшы брамку,
акінуў навуковы гарадок.
Кірунак ясны... Як і неба зранку...
Жыве надзея...
Рызыкоўны крок...
Хоць у паветры не было задушша —
спаў тры гады злавесны той мікроб,
што вытраўляў, гнаіў людскія душы,
ссылаў туды, дзе гаспадарыў крот...
Ішоў, люляў, шаптаў, нібы замову,
радкі свайго балючага ліста.
У ім слязой нявыплаканай — мова,
якой служыў,
якую страціць страх...
Яе адну хацеў аддаць нашчадкам,
як лёс Айчыны,
свой палынны лёс...
...Радкі ліста —
загадку часу —
душа таемна несла да нябёс...
Яўген Хвалей
«У суботу еду ў Стоўбцы да Коласа».
З пісьма Янкі Купалы ад 26 ліпеня 1912 года
АНАТОЛЬ ВЯРЦІНСКІ. "Купала ідзе да Коласа"
МАКСІМ ТАНК. "Ля помніка Якубу Коласу"
СЯРГЕЙ ГАРАДЗЕЦКІ. "На ад'езд Якуба Коласа ў Сярэднюю Азію"
ГЕНАДЗЬ КЛЯЎКО. "Якубу Коласу"
ПЯТРУСЬ БРОЎКА. "Якубу Коласу"
ЯЎГЕН КАРПУЦЬ. "Сёння Колас разам з намі"