Творчая і асабістая дружба двух волатаў беларускай літаратуры – змястоўная старонка не толькі біяграфіі кожнага з іх, але і гісторыі ўсёй беларускай літаратуры і культуры. На працягу амаль чатырох дзесяцігоддзяў Янка Купала і Якуб Колас ішлі поплеч.
Імя Я.Купалы Я. Колас пачуў упершыню ў 1907 г. , калі працаваў загадчыкам літаратурнага аддзела газеты “Наша ніва”. Яго ўразілі вершы Купалы, якія звярнулі на сябе ўвагу сваім песенным ладам, сваім зазыўным свежым тонам і шырокім размахам. У сваіх успамінах Колас піша, што Купала “становіцца частым і плодным супрацоўнікам “Нашай Нівы”. Амаль у кожным нумары з’яўляюцца творы Купалы. І гэтыя творы ўсё болей і болей мацнеюць, набываюць сілу сапраўднай народна-дэмакратычнай паэзіі.
Першая сустрэча паэтаў адбылася толькі ў 1912 годзе. Колас не мог паехаць да Купалы, так складваліся абставіны яго жыцця, ён быў пад наглядам паліцыі. Таму Купала вырашыў наведаць свайго калегу па пяру.
У лісце ад 26 ліпеня 1912 года Купала піша: “У суботу еду ў Стоўбцы да Коласа."
А сам Колас так апісвае іх першую сустрэчу: “…Хтось з дому прыбег у сяло, знайшоў мяне і сказаў мне тры словы: “Прыехаў Янка Купала”. Гэтыя словы мяне радасна ўсхвалявалі. Быў ужо даволі позні жнівеньскі вечар. Я жыва раздабыў кварту гарэлкі і борздзенька накіраваўся ў Смольню. Так звалася места, дзе была сядзіба маіх родных. У хаце гарэла лямпа. На лаве каля стала сядзеў малады, статны, жыццярадасны хлопец з вясёлымі, крыху насмешлівымі жаўтавата-карычневымі вачамі. Мы павіталіся, зірнулі адзін аднаму ў вочы, пацалаваліся. І ён мне, і, напэўна, я яму паказаліся зусім не такімі, як гэта прадстаўлялі мы сабе адзін аднаму ў нашым уяўленні…”
Купала Коласу надзвычай спадабаўся і Колас палюбіў яго шчырай таварыскай любоўю. Якубу Коласу на ўсё жыццё запомніўся Янка Купала ў поўным росквіце жыццёвых і творчых сіл; “ прыгожым юнаком з мяккімі, крышку насмешлівымі вачыма, у тон яго гаворкі ўвесь час прасочваўся дабрадушны гумар”.
Купала Коласу надзвычай спадабаўся і Колас палюбіў яго шчырай таварыскай любоўю. Сын Коласа Міхась Міцкевіч успамінаў, што першая сустрэча Купалы з Коласам адбылася, калі ім было па 30 гадоў, і 30 гадоў доўжылася іх сяброўства.
Першая сустрэча Я.Купалы і Я.Коласа сапраўды паклала пачатак іх дружбы давеку. Усё тое, што з таго 1912 года было ў іх наперадзе, было ўжо як бы іх абодвух – і вельмі многія радасці, і не менш шматлікія нягоды.
Другая сустрэча Я.Купалы і Я.Коласа адбылася ў прыгарадзе Вільні ў чэрвені 1913 г.
У паслякастрычніцкі час паэты сустракаліся найчасцей у Мінску, Якуб Колас некалькі разоў бываў у Янкі Купалы на дачы ў Ляўках. Яны вельмі любілі хадзіць у лес, збіраць ягады, грыбы. Купала любіў разводзіць кветкі, асабліва ружы, іх у яго было шмат сартоў.
Пачатак іх сумеснай дзейнасці адносіцца да чэрвеня 1921 г., калі Янка Купала і Якуб Колас пачалі працаваць у Акадэмічным цэнтры Наркамасветы БССР, з гэтага часу яны былі ўдзельнікамі з’ездаў, пленумаў, сходаў, нарад, пасяджэнняў, мітынгаў.
У 1925г. на ўрачыстым пасяджэнні літаратурнай секцыі Інбелкульта, прысвечанага прысваенню Янку Купалу ганаровага звання беларускага народнага паэта, Якуб Колас прысвяціў яму прыгожую казку “Ноч, калі папараць цвіце”.
У сваіх творах “Янку Купалу”, “Янку Купалу. Экспромт”; эпіграме “Адзначым факт”, “Топаль” Колас паказаў абагульнены вобраз паэта-трыбуна, змагара за разняволенне народа.
Сапраўднае сяброўства паэты пранеслі праз усё жыццё — разам працавалі ў “Тэрміналагічнай камісіі", у Інстытуце беларускай культуры, у Акадэміі навук БССР, разам ездзілі на з’езды саветаў, на сесіі Вярхоўнага Савета СССР.
У 1930-я гады, калі абодва паэты жылі ў Мінску, яны амаль кожны дзень хадзілі адзін да аднаго ў госці, гулялі ў шахматы, дзяліліся сваімі творчымі планамі.
Колас успамінае: “Купала быў маім частым госцем, таксама як і я быў госцем у Купалы. Мы ішлі рука ў руку дарогамі нашага жыцця".
Вострым болем у сэрцы Коласа адгукнулася смерць Купалы. Ідэяй бессмяротнасці Купалы прасякнуты верш Коласа “Над магілай друга”, які быў напісаны 2 ліпеня 1942г. Якуб Колас дапамагаў выдаць кнігу памяці Купалы, якая выйшла ў Маскве ў 1943 годзе. Улетку 1949г. у Мінску адкрываўся першы помнік Янку Купалу.
На ўрачыстым адкрыцці помніка Якуб Колас у сваім выступленні на мітынгу выказаў шкадаванне, што Купала ўсяго толькі некалькі дзён не дажыў да свайго 60-годдзя: “Для мяне гэта смерць была найцяжэйшай удвая, бо я страціў не толькі любімага паэта, але і самага блізкага сябра”.
Янка Купала – аўтар прысвячэнняў “Якубу Коласу” (“ Як калісь спявалі”), “Нібы эпіграмы”, (“Якубу Коласу”), “Якубу Коласу” (“Жыві ў радасці і ў шчасці”).
Якуб Колас – аўтар крытычных артыкулаў, прысвечаных Я. Купалу: “Прывітанне другу”, “ Крыштальная празрыстасць” (1940), “ Янку Купалу” (1945), “Нашы сустрэчы” (1947), “ Ён жыве сярод нас”(1952).
Перапіска Купалы і Коласа небагата: магчыма не ўсе лісты выяўлены. Зберагліся шматлікія сумесныя фотаздымкі Купалы і Коласа.
Паводле слоў паэтэсы Раісы Баравіковай, Бог паспрыяў беларусам, што ў адзін год у народа з’явіліся два волаты — Янка Купала і Якуб Колас. Паводле яе слоў, паэтаў радніць моц таленту, але было і шмат таго, што іх розніць.
“Усё гэта толькі дапаўняе хараства, паўнаты, глыбіні нашаму прыгожаму пісьменству. Уся нашая літаратура XX і XXI стагоддзяў бярэ вытокі ад Купалы і Коласа. І сяброўства гэтых паэтаў прыгожае і асаблівае, бо ў ім прысутнічае муза, натхненне і нейкі вэлюм таемнасці”, — сказала Баравікова.
Я. Харытоненка. Першая сустрэча Якуба Коласа і Янкі Купалы ў 1912 г. 1956
І. Ахрэмчык . Якуб Колас i Янка Купала 1960
С. Селіханаў. Янка Купала і Якуб Колас. 1952