Уладзя, першы сын Міхала і Ганны. Ён нарадзіўся ў 1879 годзе ў вёсцы Мікалаеўшчына. Пасля смерці бацькі заняў яго пасаду палясоўшчыка ў Альбуці, потым быў пераведзены ва ўрочышча Цёмныя Ляды. Там з Уладзем жыла яго маці, малодшыя дзеці, дзядзька Антось.
За рэвалюцыйную дзейнасць брата Кастуся пацярпеў і Уладзя: ён быў звольнены з пасады лесніка. Вялікая сям’я перабралася ў Мікалаеўшчыну, дзе ўсе разам жылі ў карчме і працавалі на арандаванай зямлі. Карчма згарэла пад час пажару ў Мікалаеўшчыне ў 1910 годзе. Міцкевічы купілі непадалёку старую хату, перавезлі яе ў Смольню і тут працавалі на зямлі.
Калі Кастусь сядзеў у Мінскім астрозе, то Уладзя часта наведваў яго, вазіў брату перадачы.
Каля 1909 года ажаніўся з Любоўю Адольфаўнай Пракаповіч, з якой яны мелі васьмёра дзяцей. З 1914 года працаваў лесніком у Акінчыцах, Матоўшчыне, Альбуці.
У 1933 годзе быў звольнены. Перашкодзіла далейшай працы творчая слава брата Кастуся, яго вершы і артыкулы супраць панавання польскіх акупантаў у Заходняй Беларусі. Сям’я перасяляецца ў Смольню, а пазней палову хаты перавозіць у Акінчыцы. Пасля вайны сям'і жылося нялёгка, і Якуб Колас неаднаразова аказваў грашовую дапамогу старэйшаму брату і іншым братам, сёстрам і сваякам.
Памёр Уладзімір Міхайлавіч у Акінчыцах 29 жніўня 1954 года, пахаваны ў Стоўбцах.
Алесь, другі сын у Міхала і Ганны. Нарадзіўся ў 1880 годзе ў вёсцы Мікалаеўшчына. Быў жанаты з Вольгай Казіміраўнай Белай. У пошуках заробку разам з жонкай выехаў у Курскую вобласць, дзе працаваў на чыгунцы.
Алесь некалькі разоў прыязджаў да брата ў Мінск, быў на 20- годдзі і 30-годдзі яго творчай дзейнасці ( у 1926 і 1936 гадах адпаведна).
Памёр 30 красавіка 1941 года, пахаваны ў Расіі (цяпер - станцыя Готня Белгарадскай вобласці).
Іх сын таксама працаваў на чыгунцы. У час вайны згарэў дом, і ўдава апынулася ў цяжкім становішчы. У пасляваенны час Якуб Колас сістэматычна пасылаў ёй грошы.
3 лістапада 1882 года у Акінчыцах трэцім у сям’і нарадзіўся Кастусь (будучы Якуб Колас).
У 1883 годзе ў сям’і нарадзілася дачка Ганна, якая памерла немаўлём.
У 1884 годзе нарадзіўся хлопчык, якому нават не паспелі даць імя.
У 1885 годзе з’явілася на свет дачка Вікця, якая хутка памерла. У 1886 годзе нарадзілася яшчэ адна дачка, якую таксама назвалі Вікцяй, але і ёй не суджана было выжыць.
Вялікім горам для сям’і было страціць чацвёра дзяцей.
Міхаліна. Нарадзілася ў 1887 годзе ў Ластку. Была восьмым дзіцем у сям’і.
Выйшла замуж за селяніна з вёскі Мікалаеўшчына Івана Станіслававіча Міцкевіча. Не маючы сваёй зямлі, сям’я пераехала ў горад Горлаўку на Украіну. Там у іх нарадзіліся тры сыны.
У 1921 годзе сям’я вярнулася ў Мікалаеўшчыну , дзе і засталася жыць. У 1950-х гадах цётка Міхаліна некаторы час жыла ў сям’і Якуба Коласа, дапамагала весці хатнюю гаспадарку, гадавала ўнукаў брата.
Памерла ў 1977 годзе, пахавана на могілках Церабяжы.
Старэйшы сын Міхаліны Міхайлаўны, Уладзімір Іванавіч Міцкевіч, працаваў настаўнікам фізікі, матэматыкі, замежнай мовы ў Мікалаеўшчынскай школе імя Якуба Коласа, стварыў там школьны Коласаўскі музей. Быў адным з актыўных стваральнікаў філіяла літаратурнага музея ў Смольні, у 1965 – 1985 гадах быў яго загадчыкам. Нястомна прапагандаваў творчасць свайго дзядзькі Якуба Коласа.
Юзя, нарадзілася ў 1891 годзе ў Альбуці дзявятым па ліку дзіцем у сям’і.
У 17 год выйшла замуж за Міхаіла Казіміравіча Белага, швагра свайго брата Алеся. У час Першай сусветнай вайны яе мужа забралі ў армію, Юзэфа з малымі дзецьмі эвакуявалася ў Горлаўку на Украіну, дзе жылі яе сёстры.
У 1917 годзе сям’я вярнулася ў Мікалаеўшчыну. Усяго ў сям’і было сем сыноў і тры дачкі. У пасляваенны час Якуб Колас сістэматычна дапамагаў сястры, прысылаючы грашовыя пераводы.
Памерла Юзэфа Міхайлаўна ў 1964 годзе, пахавана на могілках Церабяжы.
Лена, нарадзілася ў 1893 годзе ў Альбуці і была дзясятай з дзяцей.
У 1913 годзе выйшла замуж за селяніна з вёскі Мікалаеўшчына Міхаіла Іванавіча Лойку. Пасля яго службы ў арміі маладая сям’я пераехала ў Горлаўку, дзе жыла з сям’ёй старэйшая сястра Міхаліна. У даваенны час яны часта прыязджалі ў госці да Якуба Коласа ў Мінск.
У 1958 годзе Алена з мужам вярнуліся на радзіму. У Мінску пачаў стварацца музей Якуба Коласа, і яны жылі ў будынку музея і працавалі ў ім больш за 20 гадоў: сачылі за чысцінёй і парадкам, сустракалі наведвальнікаў.
Памерла Алена Міхайлаўна ў верасні 1980 года, пахавана на могілках Церабяжы.
Юзік, адзінаццаты ў сям’і, нарадзіўся ў 1895 годзе ў Альбуці.
Калі Якуб Колас працаваў настаўнікам у Пінкавіцкай школе, а затым у Верхменьскай, то яго малодшыя браты Юзік і Міхась жылі разам з ім і вучыліся ў гэтых школах.
Падчас Першай сусветнай вайныбыў у войску, вярнуўся ў Смольню ў 1917 годзе. У 1919 годзе ажаніўся з Любоўю Іосіфаўнай Маляўкай. У сям’і было два сыны і тры дачкі.
У Іосіфа Міхайлавіча былі добрыя акцёрскія здольнасці і выдатная памяць. Ён дэкламаваў па памяці амаль усю паэму “Новая зямля”, многія вершы брата. Доўгі час працаваў экскурсаводам у філіяле музея Якуба Коласа ў Смольні . Якуб Колас заўсёды падтрымліваў малодшага брата, дапамагаў матэрыяльна.
Памёр Іосіф Міхайлавіч у 1980 годзе ў Смольні, пахаваны на могілках Церабяжы.
Міхась, нарадзіўся 25 ліпеня 1897 года ў Альбуці дванаццатым у сям’і.
Разам з Юзікам жыў і вучыўся ў старэйшага брата Кастуся ў Пінкавічах, а пасля ў Верхмені. Закончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, займаўся літаратурнай і перакладчыцкай працай, друкаваўся пад псеўданімам Антось Галіна.
У час, калі Мікалаеўшчына ўваходзіла ў склад Польшчы , Міхась не пажадаў працаваць настаўнікам, бо трэба было вучыць дзяцей па-польску, а ён быў супраць паланізацыі беларусаў. Таму збудаваў сабе ў Смольні хату і заняўся сельскай гаспадаркай. Пасля далучэння Захлдняй Беларусі да БССР працаваў настаўнікам і дырэктарам Мікалаеўшчынскай школы. Не прымаў бальшавіцкай ідэалогіі і палітыкі русіфікацыі.
Падчас нямецкай акупацыі працаваў інспектарам школ на Стаўбцоўшчыне. Каб пазбегнуць рэпрэсій, у 1944 годзе эміграваў у Чэхаславакію, затым – у Заходнюю Германію. Вёў настаўніцкую і асветніцкую дзейнасць сярод беларусаў, што апынуліся там.
У 1950 годзе пераехаў у Нью-Ёрк, дзе працавў настаўнікам беларускай школы, а пазней вартаўніком цвінтара. Уласнай сям’і ў Міхася не было.
Памёр Міхась Міхайлавіч 25 кастрычніка 1991 года ў Нью-Ёрку. Пахаваны на беларускіх могілах у Іст-Брунсвіку на ўскраіне Нью-Ёрка.
Маня, трынаццатая і апошняя з дзяцей Міхала і Ганны, нарадзілася 5 снежня 1900 года ў Альбуці.
У 14-гадовым узросце адну зіму жыла ў свайго брата Кастуся ў Пінску, вучылася ў яго жонкі Марыі Дзмітрыеўны ў трэцім класе чыгуначнай школы.
Выйшла замуж за Івана Міхайлавіча Бруя. У сям ’і нарадзілася два сыны і чатыры дачкі. Жыла ў вёсцы Мікалаеўшчына.