Марыя Дзмітрыеўна Каменская нарадзілася 8 лютага 1891 года ў Ашмянах ў сям’і псаломшчыка Дзмітрыя Аляксандравіча Каменскага, які быў родам з Яраслаўля. Маці Марыі – Марыя Цімафееўна – паходзіла з сям’і памешчыцы Генрыеты Карлаўны Гагенлоэ, якая мела зямельныя ўладанні ў Віленскім краі. У Марыі Дзмітрыеўны было пяць братоў і сястра, якая памерла ў маладосці.
Марыя Дзмітрыеўна была адукаванай жанчынай. Дзяўчынкай яна вучылася ў духоўным вучылішчы, потым працавала настаўніцай – у Вільні, у Пінску, затым у Падмаскоўі, на Куршчыне.
“Лёс падараваў Канстанціну Міцкевічу сустрэчу, знаёмства, каханне з адзінай жанчынай, якая на ўсё астатняе жыццё стала ягонай зоркай, натхненнем, спадзяваннем і шчасцем. Абставіны сустрэчы так і засталіся для ўсіх таямніцай. Нідзе і ніколі не пісаў пра тое Колас. Толькі сціпла расказваў, як пісаў некалі ў асобную запісную кніжачку вершы, прысвечаныя Марыі Дзмітраўне. Але нікому, нават ёй, сваёй каханай, іх не паказваў і не чытаў. Тая кніжачка, якой была даверана таямніца, трапіла да Марыі Дзмітраўны значна пазней, калі яны ўжо былі жанатыя, але, на жаль, згубілася пры пераездах. Толькі адзін верш – “Дзяўчыне” – потым быў апублікаваны,” –– так распавядае ўнучка Якуба Коласа – Вера Данілаўна Міцкевіч.
Не кажы, што злыя людзі
І што свет паганы:
Сэрца крыўду ўсю забудзе,
Час загоіць раны.
Тыя раны, што зладзеі
Сэрцу прычынілі,
Ты думкі і надзеі,
Што ў табе пабілі.
Ды ці ж варты баламуты,
Каб твой твар дзявочы
Засцілаўся ценем смуты
І тускнелі вочы?
Пройдзе ўсё, перажывецца, -
Вер мне, дарагая!
Будзе час - ускалыхнецца
Сэрца і ўзыграе.
А ў душы вясна настане,
Сэрца зноў палюбіць,
Прыдзе доля, ў вочкі гляне,
Шчыра прыгалубіць.
Не кажы ж, што злыя людзі
І што свет паганы:
Сэрца смутак перабудзе,
Час загоіць раны.
Якуб Колас з жонкай і сынам Данілам 1917 год
У чэрвені 1913 г. Марыя Дзмітрыеўна стала жонкай Канстанціна Міцкевіча. Лёс яе быў і шчаслівым, і вельмі цяжкім. Нялёгка быць жонкай паэта-генія. На плячах жанчыны ляжала вядзенне хатняй гаспадаркі, выхаванне дзяцей. Даводзілася браць на сябе нават клопаты па будаўніцтве дома, які Міцкевічы ў 1927 годзе пабудавалі ў Мінску па Вайсковым завулку (дом не захаваўся).
У сям’і Міцкевічаў у розныя часы жалі і выхоўваліся не толькі свае дзеці. У час грамадзянскай вайны яны ўзялі ў сям’ю дачку бежанцаў з Гродзеншчыны Вольгу Прачук. Потым у іх жыла сірата, далёкая сваячка Марыі Дзмітрыеўны Жэня Увядзенская. Некалькі гадоў жыў на кватэры ў Коласа Мікалай Міцкевіч – сын колішняга “дарэктара” Яські Базылёва (Івана Васільевіча Міцкевіча). Жыла тут знаёмая Валя Сай, якая потым жыла ўпераехала ў Маскву і ў 1945 годзе дапамагала сям’і Коласа: дала ім прытулак у сваёй кватэры і часта наведвала хворую Марыю ў бальніцы.
Сям’я Міцкевічаў была вельмі гасціннай. У іх дом часта прыязджалі сваякі, сябры, пісьменнікі. Марыя Дзмітрыеўна з радасцю прымала гасцей і частавала іх сваімі прысмакамі.
Былая студэнтка Белпедтэхнікума, вучаніца Якуба Коласа Ніна Загурская-Паддубная ўспамінала: “…Мне давялося пабыць шу гасцях у Якуба Коласа… Марыя Дзмітрыеўна ласкава частавала ўсіх, была ветлівай і гасціннай. За сталом я разгледзела яе вельмі мілы твар, добрыя, разумныя вочы. Проста, на прамы прабор зачэсана, валасы сабраны ў вузел, на ёй цёмне, добра пашытае плацце. Яна штохвілінна ўставала з-за стала, прапаноўвала і падавала то адно, то другое. Я агледзелася: у пакоі кветкі, чысціня цудоўная, цёпла, равявае ціхай хатняй утульнасцю. І што мне кінулася ў вочы: адносіны паміж Канстанцінам Міхайлавічам і Марыяй Дзмітрыеўнай. Гэта перш за ўсё надзвычайная блізкасць паміж імі, далікатнасць у абыходжанні, цеплыня, разуменне адзін аднаго з першага погляду. Я ніколі не чула, каб Колас гаварыў громка, голас яго быў мяккі, ціхі. І дома з жонкай ён размаўляў ласкава. Яна адказвала яму ўсмешкай, ветлівым словам.”
Родная сястра Якуба Коласа, Алена Лойка, гаварыла пра Марыю толькі станоўчае: “Такая была яна добрая, разумная. Гэта быў залаты чалавек. Не магу спакойна ўспамінаць. Добрая і да дзяцей, і да Коласа, і да ўсіх людзей. Жылі яны вельмі дружна. Шанавала яна Коласа. А ён яе таксама. Каб не такая жонка брату надарылася, то, можа, ён і такім вялікім не стаў бы. У кожны мой прыезд Марыя Дзмітрыеўна надта ж хораша мяне даглядала. Гаварыла заўсёды па-беларуску… І дзяцей навучыла любові да роднага, да людзей…”
Пяшчотныя, поўныя любові лісты дасылаў Якуб Колас сваёй Марусі з розных месц. Яны пачыналіся словамі: “Мілая, слаўная Маруся!”, “Мілая Марусечка!”, “Мілая, дарагая Маруся!”, “Дарагенечкі Марусёк!”.
Немалую дарогу прайшлі мы
Па чужой і па роднай зямлі.
Адыходзілі вёсны і зімы,
І гады за гадамі плылі.
Шмат снавалі мы кросен шаўковых
З нашых думак-лятунак і мар;
Сустракалі нас ветла дубровы,
І лясы нам давалі свой дар.
Па-над рэчкай у лузе квяцістым
Мы хадзілі, бывала, не раз;
Векавыя дубы жоўтым лістам
Навявалі няўцямны нам сказ.
Жураўлі праляталі над полем,
Забіраючы лета з сабой,
Ды пагуліваў вецер на волі
З неакрэсленай ціхай журбой.
Эх, ды дзе не ляжалі пуціны!
Хіба можна іх змераць, злічыць?
Пакідалі мы дзве каляіны,
Але песня адна ў іх гучыць.
Аб той песні, што сэрца мне поўніць,
Аб табе, кім жыву я заўжды,
Я хачу, мілы друг мой, напомніць,
Прыгадаўшы былыя гады.
1941г.
Якуб Колас з жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай каля дома ў Мінску 1940 г.
Марыя Дзмітрыеўна была першым слухачом, чытачом і нават крытыкам твораў свайго мужа. Ён вельмі паважаў думкі і ацэнкі Марусі.
У час Вялікай Айчыннай вайны сям’я Міцкевічаў, знаходзячыся ў Ташкенце, ужо ў 1943 годзе марыла вярнуцца дадому. Планавалі перабрацца спачатку да брата Марыі ў Падмаскоўе. Выезд з Ташкента намячаўся на канец чэрвеня – пачатак ліпеня, калі закончыць школу сын Міхась. Аднак у чарговы раз захварэла Марыя Дзмітрыеўна, потым – Міхась. Якуб Колас стараўся крыху падлячыць іх у санаторыі каля гары Чымган. А пасля вяртання ў Ташкент захварэў сам пісьменнік. Пазней сям’я каля паўгода жыла ў Клязьме, у Маскве. Марыя Дзмітрыеўна не магла вярнуцца ў Мінск, здароўе яе пагаршалася. Колас разрываўся паміж Мінскам і Масквой.
У канцы мая 1945 года ў лісце да сваякоў у Мікалаеўшчыну Якуб Колас паведамляў:
“У ноч з 20 на 21 мая памёр мой самы блізкі, самы дарагі друг, Маруся. Памерла ў Маскве ў бальніцы, 24 мая пахавалі яе ў Мінску на Ваенных могілках. Адчуваю сябе так, як бы мне адсеклі правую руку і абарвалі палавіну душы. Цяжка мне і пуста.”
У тым жа 1945 годзе ў вершы “У родных мясцінах” паэт напіша:
Праз пяць гадоў я зноў наведаў Вусце,
Прытулак дум, абраны мой куток,
Дзе высіцца Вусцянскі мой грудок
І вецер лёгенька гайдаецца на кусце.
Іду на груд павольнаю ступою.
Сумотна мне, бо я цяпер адзін,
Мне шмат чаго прыходзіць на ўспамін,
І нікну я паныла галавою.
<…>
І толькі мне адно сягоння горка:
Няма таго, з кім думкі я дзяліў,
З кім тут стаяў, з кім я шчаслівы быў,-
Пагасла ты, яснюсенская зорка.
А ў 1946 годзе ў паэме “Рыбакова хата” з’явяцца наступныя радкі:
Я мімаволі ўспамінаю
І ў той куток імкнуся зноў,
Дзе жыў я ціха, як у раю,
З сваёй сям’ёю між дубоў.
Былі вы жывы і шчаслівы –
Ты, друг мой жонка, і ты, сын…
<…>
Мой мілы сын, мая Маруся!
Нас разлучыў няўмольны лёс.
За вас зямлі я памалюся
І акраплю расою слёз…
23 лютага 1951 года ў пісьме да Ніны Загурскай-Паддубнай з нязгасным болем у душы Якуб Колас зноў піша:
“У 1945 годзе, 21/V(мая), памерла мая жонка, мой самы лепшы ў свеце друг, і я ўжо стаю адзін з боку ад жыцця, жыву болей прошлым, чым будучым”.
Той жа настрой і ў вершы “Ці дома я, ці я ў паходзе…”:
На сэрца горыч вірам хлыне,
Як дождж на голле і камлі:
Мой добры друг, мая святыня
Ляжыць адна ў сырой зямлі.
8 снежня 1952 года ў лісце да Ніны Загурскай-Паддубнай яшчэ раз гучыць прызнанне ў каханні да Марыі:
“Марыя Дзмітрыеўна, мая нябожчыца жонка, была самым лепшым другам маім. Такія жанчыны, як яна, пападаюцца не часцей, як адна на 10 000 жанчын. На маёй дарозе траплялася многа прыгожых дзяўчат і маладзіц. Шмат кім з іх я глыбока захапляўся, але перад Марыяй Дзмітрыеўнай я быў чысты. Скажу болей (а Ваша справа паверыць ці не паверыць): і да жаніцьбы, і пасля жаніцьбы я ніколі не здрадзіў сваёй жонцы”.
Усе гэтыя радкі сведчаць пра моцнае, чыстае, светлае, пяшчотнае, шчырае каханне паміж Марыяй Дзмітрыеўнай і Канстанцінам Міхайлавічам Міцкевічамі, якое яны пранеслі ў сэрцах да апошніх дзён свайго жыцця.