Я.Колас і З.Бядуля сярод студэнтаў рабфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 1922г.
Былыя ўдзельнікі настаўніцкага з'езду ў Мікалаеўшчыне. 1925 г.
Якуб Колас сярод удзельнікаў мастацкай самадзейнасці. 1927 г.
Беларускія пісьменнікі ордэнаносцы: Я.Колас, Я.Купала, П.Броўка. 1939г.
Якуб Колас з маладымі пісьменнікамі. 1949 г.
Я. Колас і беларускія пісьменнікі М. Клімковіч, Я. Маўр, П. Броўка, П. Панчанка, А. Бачыла, М. Аўрамчык, М. Лужанін, А. Астапенка і інш. 1947 г.
Якуб Колас з калгаснікамі. 1952 г.
Я. Колас на III з'ездзе пісьменнікаў БССР
У гасцях у Я. Коласа. 1954г.
Я. Колас і В. Купрэвіч
Мікалай Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі. “Якуб Колас у Дзятлаве”. 2013 год
Скончыўшы ў 1902 годзе Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, Якуб Колас некалькі гадоў працаваў вясковым настаўнікам. З юнацкім энтузіязмам і настойлівасцю браўся ён за наладжванне школьнай справы. Адначасова вывучаў жыццё Палесся, збіраў легенды і паданні, пісаў этнаграфічныя працы, чытаў сялянам асветніцкія лекцыі.
Восенню 1903 года Канстанцін Міцкевіч перавёўся ў Пінкавічы – бліжэй да Пінска, досыць значнага па тым часе прамысловага горада, дзе жыва пульсавала грамадскае жыццё.
“Першыя гады настаўніцтва, успамінае Якуб Колас у “Аўтабіяграфіі”, - прайшлі на Палессі – у Люсіне і Пінкавічах. Тут я першы раз пазнаёміўся з нелегальнай рэвалюцыйнай літаратурай… Гэтыя брашуркі зрабілі ва мне цэлы пераварот, даўшы ход маім разважанням у зусім новым напрамку. Газеты радыкальнага характару, японская вайна, гутаркі настаўнікаў, землякоў, якіх сустракаў летам, накіравалі мяне на рэвалюцыйны шлях. У 1905 годзе я быў ужо заўзятым ворагам самадзяржаўя і ў гэтым напрамку вёў работу”.
Жыхары Пінкавіч успаміналі пазней, як пад кіраўніцтвам Канстанціна Міхайлавіча вучні старэйшага класа развучвалі “Марсельезу”.
Калі пінкавічане вырашылі адабраць у пана Скірмунта незаконна прысвоеныя ім землі, то звярнуліся да настаўніка за дапамогай. Той прызнаў намер сялян законным і напісаў ад іх імя петыцыю. С.С.Скірмунт і мясцовыя ўлады расцанілі гэта як мужыцкі бунт. Аўтар петыцыі паўстаў у іх уяўленні як зачыншчык і арганізатар антыўрадавых беспарадкаў. Да расследавання справы аб удзеле К.М.Міцкевіча ў так званых аграрных беспарадках паліцыя падключыла і яго школьнае начальства. У дадатак да ўсяго на адрас мясцовага прадвадзіцеля дваранства паступіла некалькі скаргаў ад бліжэйшых да Пінкавіч памешчыкаў з просьбай перавесці Міцкевіча ў другое месца. Памешчыкі баяліся яго ўплыву на мясцовых сялян. Дырэкцыя народных вучылішчаў задаволіла просьбы памешчыкаў і неадкладна перавяла К.М.Міцкевіча ў Верхменскае народнае вучылішча Ігуменскага павета.
Першае суровае папярэджанне не толькі не спалохала Канстанціна Міцкевіча, а, наадварот, яшчэ больш актывізавала. На новым месцы працы настаўнік Міцкевіч становіцца больш актыўным прапагандыстам рэвалюцыйнага змагання з царызмам, падтрымлівае ідэю склікання з’езду настаўнікаў Беларусі і сам прымае ў ім актыўны ўдзел. З’езд адбыўся 9 – 10 (22 – 23 ) ліпеня 1906г. у вёсцы Мікалаеўшчына. Прысутнічала на ім 19 чалавек. Удзельнікаў з’езду застала паліцыя. Пачалося следства. А ўсе ўдзельнікі з’езду былі звольнены са сваіх пасад.
Канстанцін Міцкевіч вярнуўся да свайго брата ў Смольню, дзе неўзабаве адкрыў нелегальную школу і вучыў вясковую дзетвару. Да падазронага настаўніка прыходзілі знаёмыя калегі, вясковыя хлопцы і дзяўчаты, спявалі рэвалюцыйныя і жартоўныя песні, часам прыносілі антыўрадавыя лісткі.
У маі-чэрвені 1907 г. працаваў у газеце «Наша ніва» ў Вільні, быў загадчыкам літаратурнага аддзелу, але па загадзе паліцыі мусіў пакінуць Вільню. У 1908 годзе працаваў у прыватнай школе ў вёсцы Сані Талачынскага раёна.
15 верасня 1908 г. за ўдзел у настаўніцкім з'ездзе і нелегальную работу быў асуджаны на тры гады, адбываў пакаранне ў мінскім астрозе. У 1912—1914 гг. працаваў настаўнікам у 3-й прыходскай навучальні ў Пінску.
У час першае сусветнай вайны разам з сям’ёй эвакуіраваўся ў Дзмітраўскі павет Маскоўскаё губерні, настаўнічаў у сяле Старыкава. Быў мабілізаваны ў армію (верасень 1915). Скончыў Аляксандраўскую ваенную навучальню (Масква, 1916). Служыў у запасным палку ў Пярмі. Летам 1917 у чыне падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт, але цяжка захварэў і быў эвакуяваны ў горад Абаянь на Куршчыне, дзе жыла ягоная жонка з дзецьмі. Працаваў там настаўнікам, школьным інструктарам. Паводле дэкрэту Савецкага ўраду ў пачатку 1918 звольнены з войска як настаўнік.
На выклік ураду БССР у маі 1921 пераехаў у Мінск. Па прыездзе працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Народнага камісарыяту асветы, выкладаў у Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме, у Беларускім дзяржаўным універсітэце, чытаў лекцыі на курсах настаўнікаў, займаўся навуковай дзейнасцю ў Інстытуце беларускай культуры. Савецкія кіраўнікі ўслаўлялі Якуба Коласа як камуністычнага пісьменніка, аднак ніколі не забываліся на ягонае "дробнабуржуазнае нацыяналістычнае" мінулае ў газеце "Наша Ніва", удзел у першай нацыянальнай партыі Беларуская сацыялістычная грамада...
У 1926 годзе Канстанцін Міцкевіч праходзіў па судовай справе былога ўдзельніка антыбальшавіцкага слуцкага паўстання Юркі Лістапада, які абвінавачваўся ў стварэнні “нелегальнай антысавецкай арганізацыі”. Дома ў пісьменніка правялі вобшук, яго самога выклікалі на допыты ў ГПУ. Усё абышлося, але хутка гэта гісторыя мела працяг. 15 кастрычніка таго ж года, за месяц да святкавання 20-гадовага юбілею літаратурнай дзейнасці Коласа, на закрытым пасяджэнні ЦК КПБ(б) пастанавіла: “Правесці юбілей Якуба Коласа як літаратурны, культурніцкі юбілей, не надаючы яму грамадска-палітычнага характару”.
У 1930 годзе Коласа змусілі публічна прызнацца ў "дробнабуржуазным і кулацкiм нацыяналістычным адраджанізме". У 1938-м энкавэдысты паклалі на стол 1-га сакратара ЦК партыі Панамарэнкі кампрамат на класіка: "Проведенными арестами в 1937-1938 гг. органами НКВД нанесен значительный удар агентуре зарубежных разведок, засевшей в Академии наук... В руководстве Академии находятся активные контрреволюционеры: вице-президент АН Колас...". Аднак, як вядома, замест ордэраў Колас з Купалам атрымалі з Масквы ордэны Леніна.
Ну і, натуральна, нямала твораў дзядзькі Якуба пацярпелі ад цэнзуры. Гэтак, у 1931 годзе Культпрап ЦК КПБ(б) ініцыяваў “забаранiць распаўсюд казкi "Як пеўнiк ратаваў курачку" як контррэвалюцыйную". У 1928-м падчас падрыхтоўкі першага двухтомнага "Збору твораў" Колас выпраўляў у паэзіі дарэвалюцыйныя “ідэалагічныя памылкі”. Гэтак паўсюль выразалі слова “Бог”, і ў вершы "Да працы!" (1917) замест радка "Хай будзе Бог нам у прыгодзе!" з’явіўся "Хай будзе спор нам у прыгодзе!". Аформіўся і адпаведны ідэалагічны кантэкст: “Няма сумненняў, што гэты верш нарадзіўся ў сэрцы паэта, калі ён пачуў хвалюючую вестку пра Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю”. У вершы 1922 года “Першы гром” “голас Бога” саступіў месца “голасу моцы”. І такіх прыкладаў нямала.
З дня ўтварэння Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1 студзеня 1929 г.) быў яе нязменным віцэ-прэзідэнтам. У 1935 г. удзельнічаў у рабоце Кангрэсу ў абарону культуры ў Парыжы. У Вялікую Айчынную вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жнівень 1941 — лістапад 1943), Маскве, займаўся творчай і навукова-грамадскай дзейнасцю.
У снежні 1944 г. вярнуўся ў Мінск. Пасля вайны шматлікія людзі пісалі лісты з просьбай аб дапамозе. У фондах музея налічваецца прыкладна тысяча квітанцый паштовых пераводаў, адрасаваных розным людзям. Спасылаючыся на кнігу ўспамінаў старэйшага сына Коласа Д. К. Міцкевіча "Любіць і помніць", можна сярод іншых прывесці і кур'ёзныя.
"Я прыгадваю, - піша Даніла Канстанцінавіч, - як у канцы 40-х гадоў з Заходняй Беларусі было атрымана пісьмо ў такім тэлеграфным стылі: "Глыбокапаважаны Канстанцін Міхайлавіч! Мне трэба купіць каня. Вышліце чатыры тысячы рублёў. Вось і ўсё". Далей ішоў подпіс. Адказ быў такі: "Паважаны таварыш! Уступайце ў калгас. Будзеце забяспечаны канём. Вось і ўсё. Якуб Колас".
Але вось да яго звяртаецца хворы чалавек. Просіць дапамагчы. Абяцае, што як толькі выздаравее - адразу ж разлічыцца. Выслаўшы адпаведную суму, Колас піша: "Папраўляйцеся, станавіцеся на ногі. Аддасцё, калі буду бедны я".
К. Міцкевіч падчас настаўнічання ў Пінкавічах меў цёплыя стасункі з сям’ёй мясцовага шматдзетнага царкоўнага старасты. У 1905 г. пахрысціў яго сына, які падчас Другой сусветнай вайны служыў пры немцах у самаахове і савецкай уладай быў за гэта расстраляны. Неўзабаве памёр і Лой-бацька. Паколькі на сем’і царкоўных служкаў савецкая ўлада ўскладала вялікія, часта зусім непамерныя падаткі, то такой долі, відавочна, не пазбеглі і Лоі (тут мог наўпрост спрычыніцца і фактар сына-паліцая). З улікам гора, якое навалілася на маці – Людмілу Кандратаўну, яна вырашыла звярнуцца да народнага паэта Якуба Коласа па дапамогу (праўда, дыпламатычна не раскрыла ўсёй жыццёвай рэчаіснасці). І не памылілася. Якуб Колас як чалавек незвычайнай дабрыні, не спужаўшыся магчымых наступстваў сяброўства з царкоўным старастам, да таго ж “заходнікам”, дапамогу аказаў. Паэт і на той час дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, па ўсім відаць, замовіў сваё важкае слова за Лояў перад уладай, у нейкай канкрэтнай уплывовай інстанцыі. Ад падаткаў сям’я была вызвалена, але толькі на адзін год.
Шмат лістоў з матэрыяльнымі просьбамі пісалі ўдовы, якім трэба было пасля вайны карміць дзяцей. Пісьменнік рэгулярна пасылаў грошы сваім братам, сёстрам, пляменнікам і проста незнаёмым людзям. Былі і нахабныя людзі, якія злоўжывалі дабрынёй пісьменніка.
На доўгія чвэрць стагоддзя сацыяльныя катаклізмы разлучылі Якуба Коласа з Заходняй Беларуссю, дзе на Стаўбцоўшчыне засталіся яго маці і шматлікія родныя, дзе ў палескіх вёсках пачынаўся шлях у самастойнае жыццё будучага літаратурнага класіка, а на той час – звычайнага настаўніка ўбогай народнай школкі. З 1915 па 1939 год Якуб Колас не наведваў тых мясцін. А калі пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР народны паэт зноў атрымаў магчымасць бываць у родных краях, то першае, што зрабіў, – пачаў клапаціцца пра сваіх землякоў – жыхароў вёскі Мікалаеўшчына, не ўпускаючы з-пад увагі перадусім школу .
Аналагічны клопат Якуб Колас праяўляў не толькі адносна сваіх аднавяскоўцаў, але і пра іншыя беларускія вёсачкі, у ліку якіх апынулася ў свой час і Люсіна, з якім міжволі звязаўся лёс паэта. Вяскоўцы заўсёды захоўвалі памяць і амаль праз паўвека – пасля Другой сусветнай вайны. Таму сувязь аднавілася, калі сціхла апошняе на нашай зямлі ваеннае ліхалецце, а Пінскае Палессе назаўсёды стала неад’емнай часткай Беларусі. Ведаючы дабрыню знакамітасці яшчэ па колішніх часах – двух навучальных гадах настаўнічання “Лабановіча”ў “Цельшыне” – жыхары вёскі, калі настала патрэба, таксама, дарэчы, як і мікалаўцы (землякі Якуба Коласа), звярнуліся да чалавека, які да той пары стаў народным паэтам. А патрэба была не абы-якая: не было дзе вучыцца падрастаючаму пакаленню люсінцаў. Таму па дапамогу звярнуліся да свайго вялікага настаўніка. На жаль, гэтага прашэння не выяўлена.
Аднак пра яго вядома з апублікаванага ліста народнага паэта (арыгінал захоўваецца ў Музеі беларускага Палесся, г. Пінск): “Мае дарагія сябры-прыяцелі, мае былыя вучні і суседзі-люсінцы! Радасна мне атрымаць ад вас пісьмо. Ваша Люсінская школа была маім першым настаўніцкім месцам, з якога пачалася мая дарога ў жыццё. Радасна таксама і тое, што мы сягоння, аддзеленыя такім доўгім часам, можам проста і ясна паглядзець адзін аднаму ў вочы, бо нічога непрыемнага, прыкрага не было паміж намі. Я вас любіў чыстым юнацкім сэрцам, хацеў дапамагчы вам знайсці лепшую дарогу ў жыццё, лепшую за тую дарогу, па якой ішлі вашы дзяды і бацькі…”
Так 24 чэрвеня 1948 г. пісаў звычайнаму вясковаму люду ў палескую глуш чалавек, вядомей за якога на Беларусі тады хіба не было. “Радасна было мне даведацца з вашага пісьма і аб тым, што слаўныя люсінцы ваявалі і супраць польскіх паноў і супраць нямецкіх захопнікаў, як партызаны, як салдаты Савецкай Арміі. Чэсць вам і хвала! – з гэтых Коласавых слоў мы даведваемся і пра тое-сёе, што распавялі люсінцы ў першым сваім лісце. – Я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб у вас на месцы старой драўлянай школы, каля якой стаяў высачэзны крыж, была пабудавана новая, прасторная, светлая школа з цэглы. Я напісаў заяву міністру асветы. У сваёй заяве прашу яго адпусціць грошы на будаўніцтва Люсінскай поўнай сярэдняй школы. Спадзяюся, што такая школа ў вас будзе”. На развітанне класік выражае жаданне наведаць Люсіна, “калі пазволіць жыццё і здароўе”, кажа, што высылае кнігу пра Люсіна, названае Цельшынам (зразумела, маецца на ўвазе аповесць “У палескай глушы” ці ўся трылогія “На ростанях”), і перадае прывітанне “усім, падпісаўшым пісьмо”.
Відавочна, што справа ў патрэбным кірунку не закруцілася. Таму што ў самым канцы 1948 г. даволі шырокім колам прадстаўнікоў люсінскай грамадскасці вырашана было напісаць чарговае калектыўнае пасланне Якубу Коласу з просьбай пасадзейнічаць займець у іх вёсцы прыстойную школу. Гэтае пісьмо доўгі час было невядомым. Апісаныя два лісты люсінцаў, такім чынам, сталі ці не першым за доўгія-доўгія гады кантактам вяскоўцаў са сваім былым настаўнікам.
Якія вынікі таго калектыўнага ліста? Трэба сказаць, што праблемы вяскоўцаў са школай пачалі канструктыўна вырашацца. Прычым вельмі хутка – у наступным сезоне. Ужо ў 1949 г. пачатковая школа была пераўтворана ў сямігадовую. У тым жа 1949 г. ганцавіцкая раённая газета паведаміла пра планы пабудаваць у раёне некалькі новых школ, у тым ліку ў Люсіне (але без указання тэрмінаў).
Неўзабаве з’яўляюцца паведамленні пра разгортванне будаўніцтва новай школы ў в. Люсіна: “У вёсцы Люсіна метадам народнай будоўлі распачалося будаўніцтва сямігадовай школы. Гарызонт заканчэння той гісторыі яшчэ не быў відзён, а пісьменнік у пачатку 1950 г. думаў, што люсінцы ўжо маюць “новую, болей прасторную” школу, якая б задаволіла іх патрэбы ў навучанні. Значыць, слова ён замовіў, значыць, хадайнічаў перад уладамі ў справе будаўніцтва школы, таму і меркаваў, што люсінскія школьнікі маюць ужо прыста-саваны будынак для вучобы. Яго меркаванні, аднак, былі далёкімі ад сапраўданага становішча рэчаў. У рэшце рэшт на ўзвядзенне школьнага дома было патрачана чатыры поўныя гады і пяць летніх сезонаў – і новы будынак Люсінскай школы быў здадзены ў эскплуатацыю. У ім распачаўся 1953/54 навучальны год. Даўгабуд аказаўся зусім не маштабным па плошчы дома. Нават сямігодка ў новай школе не магла змясціцца пры працы ў адну змену. Вышэйзгаданая Коласава просьба не атрымала належнай рэалізацыі: ні новай, прасторнай, светлай школы з цэглы, ні тым больш поўнай сярэдняй школы вялікая вёска тады не атрымала. Тым не менш гэта сталася істотным паляпшэннем наяўных на той час у Люсіне ўмоў для школьнага навучання.
Якуб Колас быў сябрам ЦВК БССР (1929—1931, 1935—1938), дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР (1946—1956) і БССР (1938—1956), з'яўляўся старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэту абароны міру. Акадэмік АН БССР. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 г. На той час Колас быў ужо вядомым палітычным і грамадскім дзеячам, і яго з дзелавым візітам наведаў Першы сакратар ЦК Беларусі П. К. Панамарэнка. Ён быў вельмі здзіўлены надзвычай сціплымі жыллёвымі ўмовамі, у якіх туліўся народны пісьменнік.
Афіцыйная дакументацыя сведчыць, што Колас быў вельмі сціплым чалавекам. Калі яму прапанавалі палепшыць жыллёвыя ўмовы, то ён не запатрабаваў грошай або чагосьці яшчэ. У выніку да яго хаты была зроблена ўсяго толькі невялікая цагляная прыбудова. Дзякуючы гэтаму у паэта нарэшце з'явіўся кабінет, у якім ён мог працаваць. У такім стане хата прастаяла да 1952 года. І толькі ўлетку 1952 года, да 70-гадовага юбілею паэта, быў пабудаваны вялікі прасторны дом на падмурку старога. Аўтарам праекту стаў архітэктар Георгій Заборскі. Але пражыць давялося тут пісьменніку ўсяго чатыры гады…
Становішча роднай мовы ў часы савецкай улады востра непакоіла паэта. Аб гэтым сведчыць і яго выступленне падчас урачыстасцяў у гонар яго 70-годдзя. Усяго за некалькі гадзін да смерці Канстанцін Міхайлавіч занёс у ЦК КПБ пратэстны ліст-заклік аб крытычным стане беларускай мовы. Над зместам зварота Колас працаваў не адзін месяц. Аднак сакратар ЦК Кампартыі Цімафей Гарбуноў, які адказваў за культуру, яго не прыняў.
“Перш-наперш, вярнуўшыся з ЦК, бацька павіншаваў з народзінамі 5-гадовую ўнучку Марыю. За абедам ва ўласным кабінеце бацька раптам аціх. Я быў у ад’ездзе, а вось мой брат Даніла падумаў, што ён папярхнуўся грэцкай кашай. Аднак тое была імгненная смерць”, - прыгадваў Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч – сын Якуба Коласа. Коласаў зварот на дзесяцігоддзі апынуўся пад грыфам "Совершенно секретно". Толькі ў 1990 годзе яго ўпершыню надрукаваў “ЛіМ”.
Самае крыўднае, што і сёння Коласаў запавет гучыць амаль гэтаксама злабадзённа, як і ў час напісання.