Ужо ў 10-гадовым узросце Колас пад уплывам баек Крылова напісаў свой першы твор “Варона і лісіца”. У 1891 г. сям’я лесніка Міхала развіталася з урочышчам Ласток і пераехала да новага месца службы ў Альбуць, дзе і прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Якуба Коласа.
“Там была надзвычай цікавая прырода. Леснікова пасада стаяла на бойкай дарозе, ішлі і ехалі людзі. Многа рознага люду перабывала ў нашай хаце. Нязмоўклыя цікавыя гутаркі новых людзей пашыралі мой запас ведаў аб людзях і наогул аб жыцці і далі мне багаты матэрыял для назірання. Лоўля рыбы, збіранне ягад і грыбоў, работы каля дому, на полі і на лузе – усё гэта давала багаты змест жыццю ў Альбуці,” - расказваў Я. Колас.
Свой першы верш на роднай беларускай мове Якуб Колас напісаў, калі было яму 12 гадоў. Прачытаў яго бацьку. ”Бацька паслухаў мяне ўважліва,- успамінаў Якуб Колас, - потым запытаў, ці праўда, што гэта напісаў я, і даў рубель гасцінцу…”
Верш той меў назву “Вясна”, на жаль, ён не захаваўся, але Якуб Колас добра запомніў, што напісаў ён свой першы верш пад уражаннем прыгажосці абуджанай вясной прыроды і песні жаўранка, якая кранула тады Костуся да слёз...
Упершыню на беларускай мове спрабуе пісаць падчас вучобы ў настаўніцкай семінарыі. На роднай мове былі напісаны паэмы «Каля кастра» і «Страх», а таксама празаічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле». На жаль, гэтыя творы не захаваліся да нашага часу.
У семінарыі на талент Міцкевіча звярнуў увагу адзін з выкладчыкаў – Ф. Кудрынскі. Ён прачытаў творы Коласа і адзначыў, што яго беларускамоўныя творы значна лепшыя за рускамоўныя.
Першы апублікаваны верш – "Край радзімы" – з'явіўся 1 верасня 1906 года ў газеце "Наша доля". Тут паэт упершыню выкарыстаў свой будучы псеўданім – Якуб Колас. А ўжо 15 верасня ў гэтай жа газеце, але пад іншым псеўданімам, Дзядзька Карусь, апублікаваны празаічны твор "Слабода". Супрацоўнічае пісьменнік і з іншым вядомым беларускім выданнем – "Нашай Нівай".
Актыўны этап творчасці ў Якуба Коласа пачынаецца ў зняволенні, калі ён адарваны ад настаўніцкай працы.
Першы зборнік вершаў " Песні жальбы" выходзіць у 1910 годзе.
У 1912 годзе выдае зборнік прозы "Апавяданні".
У 1910 Колас, яшчэ будучы ў зняволенні, пачаў ствараць паэмы "Сымон-музыка" і "Новая зямля". Таксама ў 1909 годзе ў Санкт-Пецярбургу выходзіць падручнік яго аўтарства «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». У 1913 годзе ў Санкт-Пецярбургу выходзяць адразу тры кнігі пісьменніка — «Неманаў дар», «Тоўстае палена», зборнік вершаваных апавяданняў «Прапаў чалавек».
У 1914 годзе ў Вільні выходзіць зборнік прозы "Родныя з'явы".
А ў 1916 годзе ў Санкт-Пецярбургу выходзіць з друку ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» першы драматычны твор Якуба Коласа — «Чарка ўсё на свеце робіць».
Пасля рэвалюцыі, у 1922 годзе ў Мінску выходзіць новы зборнік вершаў паэта «Водгулле». Ён прасякнуты антываеннымі настроямі, а таксама вершамі аб працы на карысць роднай зямлі.
У 1923 годзе публікуецца адна з галоўных прац у жыцці Коласа — паэма «Новая зямля».
А ў 1925 у часопісе « Полымя» друкуецца яшчэ адна знакавая паэма — «Сымон-музыка». У гэтыя ж гады пісьменнік стварае дзве вялікія аповесці — «У палескай глушы» (1923) і «У глыбі Палесся» (1927). У будучым яны ўвойдуць у склад рамана «На ростанях». Гэта самы вялікі і значны празаічны твор пісьменніка. Ён заснаваны на біяграфічных успамінах.
Дарэчы, у гэты час пісьменнік стварае даволі шмат твораў, заснаваных на ўспамінах. Напрыклад, п'еса"Забастоўшчыкі" (1925) ( аб нелегальным настаўніцкім з'ездзе), аповесць "На прасторах жыцця" (1926) (аб праблемах адукацыі і творчага развіцця моладзі).
Лічыцца, што ўжо ў канцы 20-х гадоў з-за моцнай цэнзуры, а таксама пастаяннага ціску на Якуба Коласа творчасць пісьменніка перажывае сур'ёзныя змены. Яго прымушаюць ствараць выключна тыя творы, якія пойдуць на карысць савецкай улады. З'яўляюцца творы, накіраваныя на падтрымку калектывізацыі. Напрыклад, аповесць «Адшчапенец» (1932). У ёй, насуперак сваім поглядам, апісаным у паэме «Новая зямля», аўтар паказвае, што калектывізацыя для селяніна – дабро.
У 1933 годзе выходзіць аповесць «Дрыгва», прысвечаная грамадзянскай вайне.
Падчас вайны вершы пісьменніка, яго публіцыстычныя нататкі, паэмы прысвечаны праслаўленню савецкага гераізму і выкрыцця фашыстаў.
У 1954 годзе скончыў працу над аповесцю "На ростанях". Разам з аповесцямі «У палескай глушы» (1923) і «У глыбі Палесся» (1927) яны створаць раман «На ростанях», у якім распавядаецца пра падзеі з жыцця пісьменніка 1906-1911 гадоў.
Пісьменнік займаўся і перакладчыцкай дзейнасцю. Працаваў з тэкстамі на рускай, украінскай і польскай мовах. Творы ж Коласа перакладзены больш чым на 40 моў свету. Часцей за ўсё паэт перакладаўся на рускую (больш за 80 кніг) і украінскую (10 кніг) мовы.
У філіяле Дома-музея ў Акінчыцах у кнізе водгукаў захоўваецца ўнікальны запіс аднаго з замежных наведвальнікаў – пераклад урыўка з паэмы “Новая зямля” на арабскую мову (“Мой родны кут, як ты мне мілы …).
У 1972-1978 гадах выйшаў збор твораў пісьменніка ў 14 тамах.
Творчасць Якуба Коласа натхніла іншых пісьменнікаў і паэтаў, кампазітараў, мастакоў, рэжысёраў на мастацкае ўвасабленне вобразаў, створаных паэтам. Створаныя імі карціны, ілюстрацыі, мастацкія фільмы, тэле- і радыёспектаклі, песні, вершы, паэмы – яскравае пацвярджэнне велічы яго таленту.