Канверт датаваны 26 снежня 1948 г.
Вялікаму Беларускаму пісьменніку –Якубу Коласуад сялян вёскі Люсіна, Ганцэвічскага раёна Пінскай вобласці.
Паважаны Канстанцін Міхайлавіч!
Мы, сяляне вёскі Люсіна, калектыў настаўнікаў Люсінскай пачатковай школы і ўся інтэлігенцыя Люсінскага с/совета шлем Вам, паважаны Канстанцін Міхайлавіч, большэвіцкае прывітанне! Прайшло многа год з таго часу, калі Вы, Канстанцін Міхайлавіч, жылі і працавалі ў нашай вёсцы настаўнікам. Многія Вашы вучні цяпер ужо сталі старыкамі. Школа, у якой Вы працавалі яшчэ стаіць, але ўжо непрыгодная для вучобы. Дзеці нашы вучацца ў наёмных непрыгод-ных пад школу памяшканнях і ў дзве змены (звыш 200 вучняў у школе). Выконваючы рашэнні партыі і ўрада аб аднаўленні і развіцці народнай гаспадаркі нашай Беларусі, мы поўнасцю разлічыліся з дзяржавай па ўсіх відах налогаў, – і ўсе як адзін дастойна сустрэнем 30-ю гадавіну нашай Беларусі. Паважаны Канстанцін Міхайлавіч! Мы яшчэ раз звяртаемся да Вас, а таксама да партыі і ўрада з просьбай: пабудаваць у 1949 – 50 г.г. васьмігадовую школу ў в. Люсіна, якую з вялікай пашанаю назавём Вашым іменем. Мы не пашкадуем ні сіл, ні здароўя на заканчэнне сталінскай пяцігодкі ў 4 гады і хутчэйшаму пераходу да комунізма.
Жадаем Вам, Канстанцін Міхайлавіч, добрага здароўя і лепшых поспехаў у працы на карысць нашай Радзімы!
Старшыня выканкома Люсінскага с/совета дэпутатаў працоўных /Жалезны/
Загадчык Люсінскай пач. Школы /Санько/
Настаўнікі.
Сяляне ад сялян в. Люсіна
2 сакратар Комсамольскай арганізацыі (Занько)
3 сакратар с/с выканкома (Телушко)
Вучні 3 і 4 класаў. (усяго 65 чалавек)