(З паэмы “Праводзіны”)
Поле, луг
Пачарнелі ад золкіх дажджоў,
Дні мінаюцца хмарныя, нерассвітаўшыя.
Добры друг
Ад мяне адышоў,
Не спытаўшыся,
Не развітаўшыся.
Добры друг
Усяго, што расце і жыве, -
Земляў, сонцаў і сэрцаў прастору вялікага,
Сціплы той чалавек,
Што наўкруг
Дзядзькам клікалі.
Бацькам клікалі.
Максім Лужанін
Коласаў запавет
(Урывак з паэмы “Праводзіны”)
Ці ты воін у скатцы, Ці юнак баявы,
- Палюбі сваю працу,
- І ты вечна жывы.
Беражы і ахоўвай
Залатыя правы
Нашай роднае мовы,
- І ты вечна жывы.
У бяду, ў небяспеку
Не ўгінай галавы,
Другам будзь чалавеку,
- І ты вечна жывы.
Не шкадуй для радзімы
Ні турбот, ні крыві,
Пройдуць леты і зімы,
А ты – вечна жывы.
Максім Лужанін