Леснічоўка ў Альбуці,
Смольня, Ляды ды Ласток…
Тут, дзе Нёман віры круціць,
Родны Коласаў куток.
У Акінчыцах – калыска,
У Мікалаўшчыне – музей.
Тут да Прыстанькі так блізка
І – да велічных падзей.
Пра сябе паэт гаворыць,
Што пад зоркаю святой
Нарадзіўся пад шум бору
Позняй восеньскай парой.
Так! Жыла сям’я Міхала,
Працавітаю была.
Усё прырода ёй давала
І паэта зберагла.
Прызнаваўся Пятрусь Броўка,
Як ён Коласа вітаў,
Калі той паленцы лоўка,
Па-сялянску ў грудок клаў.
Потым – шчырыя размовы,
Заклапочаны настрой…
Бо праходзіў час жыццёвы
Перад самаю вайной.
Ад’язджаў Колас з пенатаў
У Клязьму – рускі гарадок.
З фронту не прыйшоў дахаты
Любы Юрачка-сынок.
Ад Радзімы адарваны,
Хаця ёй толькі і жыў,
Пра адважных партызанаў
Колас думаў і тварыў.
Спахмурнелы, пахудзелы,
Прыгадаў ён Талаша…
Сэрца вераю гарэла,
І надзеяю – душа.
Смерць раптоўная Купалы
Пагражала: дух зламлю!..
Скрозь фашысцкая навала
Угрызалася ў зямлю.
Не зламілі ўсё ж Якуба;
Ён – вялікі жыццялюб.
Сіла ёсць у старца-дуба, –
Жартаваў пясняр Якуб.
Вершы не дзеля спакусы
Костусь добрыя складаў.
Ён за годнасць беларусаў,
Як вяшчальнік, выступаў.
Так хацеў ён новых хатаў
І абноўленых палёў,
Каб сыны, сыны салдатаў
Не спазналі больш баёў.
Ён – змагар за Чалавека! –
Славіў працу на Зямлі.
Шмат герояў у паэта
Пафаса і Дабрыні.
Край свабодны! – Край навекі
Аднавіўся, расквітнеў.
Час мінуў, мінулі здзекі;
Новы чуецца напеў.
Сёння Колас разам з намі –
Да яго шляхі вядуць.
І злучае са шляхамі
Нашы сэрцы зноў Альбуць!
Карпуць Яўген
(г. Стоўбцы)