План
1) Характарыстыка сучаснай моўнай сітуацыі ў Беларусі.
2) Сутнасць паняццяў “білінгвізм” або “двухмоўе”, “білінгвы”.
3) Значэнне паняцця “моўная інтэрферэнцыя”.
4) Віды моўнай інтэрферэнцыі.
Беларуская мова сваёй прыгажосцю, духоўнымі багаццямі, самім фактам свайго існавання і функцыянавання вызначае самабытнасць нашага краю і самасвядомасці беларусаў.
Але гістарычна склалася так, што ў якасці мовы нацыянальных і між-нацыянальных зносін у нашай краіне зараз выступае мова руская. Большасць грамадзян нашай рэспублікі на практыцы надае перавагу рускай мове, разгля-дае яе як мову адукацыі, паколькі большая частка навуковай літаратуры існуе менавіта на гэтай мове.
У сучаснай моўнай сітуацыі руская мова ў Беларусі з’яўляецца:
сродкам зносін (выконвае камунікатыўную функцыю). У гэтай функцыі яна рэальна дамінуе фактычна ва ўсіх сферах зносін, у тым ліку і ў бытавой, дамашняй сферы. Выкарыстанне беларускай мовы ў гэтай функцыі абмежавана;
часткай беларускай духоўнай культуры. Менавіта руская мова абслу-гоўвае інтэрнацыянальную (агульначалавечую) частку беларускай духоўнай культуры. Яе нацыянальны аспект традыцыйна застаецца ў сферы ўздзеяння і выкарыстання беларускай мовы.
Такім чынам, на Беларусі склалася двухмоўе.
Двухмоўе, або білігвізм – гэта валоданне дзвюма мовамі і папераменнае іх выкарыстанне ў залежнасці ад умоў моўных зносін; носьбіты двухмоўя – білінгвы, двухмоўныя індывіды.
Вылучаюць два тыпы суіснавання моў ў індывіду:
1. абедзве мовы ўтвараюць дзве асобныя сістэмы асацыяцый, якія не маюць паміж сабою кантакту. Абедзве мовы ўтвараюць у даным выпадку дзве аўтаномныя галіны ў мысленні асоб, што сталі двухмоўнымі. Пры гэтым двухмоўная асоба не можа аўтаматычна пераключацца з адной мовы на другую, таму пераклад уяўляе для яго цяжкасці;
2. дзве мовы ўяўляюць у мысленні толькі адну сістэму асацыяцый, дзе любы элемент мае свой непасрэдны эквівалент у іншай мове, так што пераклад не ўяўляе цяжкасці.
Другі варыянт уяўляе спрыяльную глебу для змешвання моў.
Лічыцца, што чым менш тыпалагічная адлегласць паміж роднай і выву-чаемай мовамі, г. зн. чым больш ступень іх падабенства і менш розніца, тым больш магчымасць узнікнення інтэрферэнцыі, якая амаль непазбежна пры-сутнічае ў мове білінгваў.
Інтэрферэнцыя – парушэнне білінгвам правіл суадносін кантактуючых моў, якое праяўляецца ў яго маўленні як адхіленне ад нормы.
Глыбіня і аб'ём інтэрферэнцыі могуць быць рознымі. Яны залежаць ад суб'ектыўных і аб'ектыўных фактараў. Суб'ектыўныя фактары вызначаюцца індывідуальнымі моўнымі здольнасцямі гаворачага, яго моўнай кампетэнцыяй. Да аб'ектыўных фактараў можна аднесці ступень генетычнага падабенства кантактуючых моў, індывідуальныя сістэмна-структурныя ўласцівасці, спецыфічныя для "другой" мовы.
Лічыцца, што чым менш тыпалагічная адлегласць паміж роднай і "другой" мовамі, г. зн. чым большая ступень іх падабенства і меншая розніца, тым большая магчымасць з’яўлення інтэрферэнцыі.
Беларуская і руская мовы вельмі падобныя, але не ідэнтычныя. Несупадзенні ў родзе, ліку, склоне, а таксама ў словаўтварэнні і сінтаксісе прыводзяць да моўных памылак і няправільнага словаўжывання. Прычыны парушэнняў літаратурных нормаў шматлікія, але адной з найбольш важных з’яўляецца руска-беларуская інтэрферэнцыя.
Праблемы інтэрферэнцыі з'яўляюцца вельмі актуальнымі, асабліва ў наш час, калі пашыраюцца кантакты паміж краінамі, а значыць і паміж носьбітамі розных моў. Тым больш актуальныя гэтыя праблемы ў Беларусі, калі афіцыйнымі з'яўляюцца дзве мовы, блізкія па паходжанні. Папераменнае карыстанне імі ў моўных зносінах пры адсутнасці ведання іх спецыфічных рысаў і прыводзіць да парушэння нормаў як беларускай, так і рускай мовы – да руска-беларускай інтэрферэнцыі, вынікам якой з'яўляецца «трасянка». Выкарыстанне «трасянкі» негатыўна ўплывае на культуру як беларускамоўнага, так і рускамоўнага маўлення. З'ява інтэрферэнцыі характэрна ўсім узроўням мовы.
З'ява інтэрферэнцыі характэрна ўсім узроўням мовы. Найбольш трапляюць пад уплыў арфаэпічныя, арфаграфічныя і стылістычныя нормы, бо ў іх адлюстроўваецца спецыфіка беларускай мовы. Правільнае вымаўленне – гэта істотная прыкмета агульнай культуры чалавека. Вымаўленне: хажу, коньчык, меньшы, лѐхькі, выіграць, гляжу, мяхькі – усе гэтыя памылкі – вынік уплыву рускай мовы. Прыклады акцэнталагічных парушэнняў: каменны, прыняў, гліняны, дзяцьмі, малы, верба, закованы, некатары і інш. Пад уплывам рускай мовы ўзнікаюць словаўтваральныя парушэнні тыпу: чытацель, тэлевізіѐншчык, Грышын (падручнік), Міцін брат, генеральша, занятны.
Недастатковае веданне марфалагічных асаблівасцяў беларускіх часцін мовы прыводзіць да марфалагічных парушэнняў пад уплывам рускай мовы ва ўжыванні роду і ліку назоўнікаў (вострая боль, салдацкая шынель, залатая медаль, адчыніць дзвер), кароткіх формаў (дораг, чыст, нізак) і ступеняў параўнання прыметнікаў (здароўе даражэй за грошы (правільна: даражэйшае); ва ўжыванні не ўласцівых беларускай мове формаў дзеепрыметнікаў (чытаючы вучань, прагаладаўшыяся дзеці, пачарнеўшыя стрэхі), ва ўжыванні дзеясловаў (беч, сеч, несць, есць, шоў). Нацыянальная спецыфіка беларускай мовы выразна выяўляецца ў словазлучэннях: мае адрозненні дзеяслоўнае кіраванне ў рускай і беларускай мовах, ужыванне словазлучэнняў з колькаснымі лічэбнікамі два, тры, чатыры, ужыванне прыназоўнікаў. Пры ігнараванні сінтаксічных асаблівасцяў беларускай мовы пад уплывам рускай атрымліваюцца словазлучэнні тыпу ісці к сябру, пайшоў за ягадамі, не к каму звярнуцца, здзекаваліся над людзьмі, плыве па мору, дзве доўгіх зімы, тры новых дома, ажаніўся на Веры.
Такія парушэнні засмечваюць наша маўленне і мову, яны могуць наогул прывесці да істотных змен у будове моўнай сістэмы, у яе арганізацыі і ўнутраных сувязях.
Устанаўленне дыферэнцыяцыі паміж рускай і беларускай мовамі, устанаўленне адметнасці беларускай мовы ў параўнанні з рускай дазволіць пазбегнуць інтэрферэнцыі ў мове.
Разгледзім некалькі відаў моўнай інтэрферэнцыі.
Пытанні для самакантролю
1. Што такое білінгвізм?
2. У індывіду вылучаюць два тыпы суіснавання моў. Назавіце іх.
3. Раскрыйце значэнне паняцця інтэрферэнцыя.
4. Пералічыце тыпы моўнай інтэрферэнцыі. Прывядзіце прыклады.
ЛІТАРАТУРА
Вялюга, С.А. Беларуская мова (прафесійная лексіка): вучэб – метад. комплекс/ С.А. Вялюга, А.І. Зянько. – Наваполацк: ПДУ, 2011. – 263 с.
Беларуская мова: прафесійная лексіка: дапам./Д.В.Дзятко [і інш.]; пад рэд. Д.В. Дзятко. Мінск:Тэтраліт, 2013. – 231 с.
Беларуская мова. Прафесійная лексіка для педагогаў: вучэб. дапам./ Д.В. Дзятко [і інш.]; пад рэд. Д.В. Дзятко. Мінск: Беларусь, 2012. – 231 с.
Беларуская мова. Прафесійная лексіка. Прыродазнаўства: вучэб. дапам. / М.Р. Прыгодзіч [і інш.]. Мінск: Рэсп. ін-т выш. шк., 2015. – 260 с.
Беларуская мова. Прафесійная лексіка. Сацыяльна-гуманітарныя навукі: вучэб. дапам. / М.Р. Прыгодзіч [і інш.]. Мінск: Рэсп. ін-т выш. шк., 2015. – 258 с.
Беларуская мова (прафесійная лексіка): метад. рэкамендацыі/ склад. А.М. Муравіцкая. Мінск: РІВШ БДУ, 2006. – 35с.