План
1) Значэнне паняццяў “лексіка” і “лексікалогія”.
2) Класіфікацыі сучаснай беларускай лексікі.
3) Характарыстыка лексікі паводле паходжання.
4) Асноўныя прыметы запазычаных слоў.
5) Характарыстыка лексікі паводле ступені (актыўнасці) ўжывання.
6) Характарыстыка лексікі паводле ўжывання.
Лексіка – сукупнасць слоў, слоўнікавы склад мовы.
Лексікалогія – раздзел мовазнаўства, які вывучае слоўнікавы склад мовы, лексічныя значэнні слоў, іх паходжанне, развіццё і ўжыванне.
Задача – вывучэнне лексічных сродкаў мовы.
Аб’ект вывучэння лексікалогіі – слова.
Слова – гэта фанетычна і граматычна аформленая адзінка мовы, якая мае пэўнае значэнне і выступае сродкам моўных зносін.
Лексічнае значэнне – суаднесенасць гукавой абалонкі слова з пэўным прадметам ці з’явай рэчаіснасці.
Класіфікацыі сучаснай беларускай лексікі
У склад спрадвечна беларускай лексікі ўваходзяць:
агульнаславянскія словы, якія зараз ужываюцца ў большасці сучасных славянскіх моў (напрыклад, лес, дуб);
усходнеславянскія словы, якія з’яўляюцца агульнымі для беларускіх, рускіх і ўкраінцаў (напрыклад, кошка, сорак);
уласнабеларускія словы, якія характэрны толькі для нашай мовы: адтуліна, жыхар, навучэнец.
Сярод запазычаных слоў вылучаюць:
запазычанні са славянскіх моў – з рускай (ачаг, саюз), украінскай (варэнікі), польскай (маёнтак);
запазычанні з неславянскіх моў – літоўскай (дойлід), татарскай (арда), грэчаскай (Фёдар), лацінскай (астраномія), нямецкай (бутэрброд), французскай (кафэ), англійскай (баксёр), італьянскай (макароны), іспанскай (каньён), венгерскай (гуляш), японскай (кімано, дзюдо).
Асобную групу сярод запазычанняў складаюць інтэрнацыянальныя словы – міжнародныя словы, запазычаныя пераважна з грэчаскай і лацінскай моў. Да іх адносяцца тэхнічныя, палітычныя, навуковыя, эканамічныя тэрміны: гісторыя, мітынг, рэвалюцыя і інш.
Запазычаная лексіка мае свае асаблівасці вымаўлення і правапісу. Асноўныя прыметы запазычаных слоў наступныя:
1) наяўнасць у слове ф: фарба, Фёдар;
2) пачатковыя э, о: эра, опера;
3) спалучэнні ге, ке, хе ў корані: схема, агент;
4) спалучэнні бю, вю, кю, мю, пю, фю ў корані: бюро, кювет, капюшон;
5) спалучэнні двух галосных у корані: аул, дуэт;
6) цвёрдасць зычных д і т у спалучэннях дэ, ды, тэ, ты: дэтэктыў;
7) прыстаўкі а-, анты-, архі-, контр-, рэ-, дэ-, амфі-: амаральны, антыцыклон, рэфармацыя:
8) суфіксы –ізм-(-ызм-), -іст-(-ыст-), -ір-(-ыр-), -ум-, -ус- і інш.: арганізм, акварыум, радыус:
9) пачатковае спалучэнне дж: джаз, джынсы;
10) спалучэнні шт, шп: штаб, шпіль;
11) спалучэнні лье, нье, цье, сье: дасье, барэльеф.
Лексіка беларускай мовы паводле ўжывання
Уся лексіка сучаснай беларускай нацыянальнай мовы паводле ўжывання падзяляецца на агульнаўжывальную і абмежаваную ва ўжытку.
Да агульнаўжывальнай лексікі адносяцца шматлікія словы, якія не абмежаваны ва ўжыванні, могуць выкарыстоўвацца ва усіх моўных стылях і складаюць устойлівую аснову сучаснай беларускай мовы: маці, бацька, святло, краіна, родны, чырвоны, чатыры, першы, кожны, ён, спяваць, будаваць, каляндар, заўтра, пра, але.
Лексіка абмежаванага ўжывання выкарыстоўваецца ў мове радзей. Гэта спецыяльная, дыялектная і жаргонная лексіка.
Спецыяльную лексіку выкарыстоўваюць у сваёй мове прадстаўнікі асобных прафесій, пэўных галін ведаў. У спецыяльнай лексіцы вылучаюць тэрміны (навуковыя, тэхнічныя) і прафесіяналізмы.
Тэрміны (лац. terminus – граніца, мяжа) – гэта афіцыйныя літаратурныя словы, якія дакладна абазначаюць навуковыя, тэхнічныя, палітычныя, эканамічная, мастацкія паняцці: арлекін (тэатр.), бактэрыцыд (бакт.), вагранка (тэх.), вілка (тэх.; шахм.), дэбетаваць (бухг.), матэрыялізм (філас.). Вузкаспецыяльныя тэрміны, якія вядомы толькі самім спецыялістам, пазначаюцца ў слоўніках або агульнай паметай спец. (зарыбіць (спец.). Запусціць у вадаём рыбу для размнажэння), або канкрэтнай паметай, якая ўказвае на выкарыстанне тэрміна ў адпаведнай галіне навукі, тэхнікі, эканомікі (анат., архіт., геагр., заал., літ., мед., муз., с.-г., хім., эк., юр.). Агульназразумелыя шырокаўжывальныя тэрміны, вядомыя людзям розных спецыяльнасцей, звычайна не маюць такіх памет.
Прафесіяналізмы – гэта назвы прадметаў, дзеянняў пераважна ў вуснай мове людзей пэўнай прафесіі, рамяства, занятку (цесляраў, ганчароў, пчаляроў, паляўнічых, шаўцоў, краўцоў, друкароў, рыбаловаў і інш.): вуза або пропаліс, раёўня (пчал.); ваба, вабік, вабільшчык (паляўн.); цвікля, фастрыгаваць (кравецк.); перадкі, заднікі (шавецк.).
Да дыялектнай лексікі адносяцца такія словы мясцовай, пераважна сялянскай гаворкі з аднаго ці другога дыяклекту, якія ўжываюцца толькі на абмежаванай тэрыторыі Беларусі. Дыялектныя словы адрозніваюцца ад літаратурных крыху іншым гучаннем (вахля – вафля, гараць – араць), месцам націску (спіна – спіна, перун – пярун), словаўтваральнымі прыстаўкамі, суфіксамі (зліва – лівень, загата – гаць), значэннем (мост – падлога, перадок – услон, лаўка), рознымі асновамі (саколка – майка, галоступкам – на босую нагу, калакалуша – чаромха). Калі асобныя дыялектныя словы пранікаюць у вусную ці пісьмовую літаратурную мову, іх называюць дыялектызмамі. Пісьменнікі выкарыстоўваюць дыялектызмы ў мастацкай літаратуры як адзін са сродкаў моўнай характарыстыкі персанажаў і адлюстравання жыцця беларускай вёскі. Аднак празмернае захапленне дыялектызмамі зніжае мастацкія вартасці твора, абцяжарвае чытанне і ўспрыманне тэксту.
Дыялектныя, або абласныя, словы, якія праніклі ў літаратурную мову праз мастацкую літаратуру ці вусным шляхам, але не знайшлі яшчэ шырокага ўжывання, адзначаюцца ў тлумачальных слоўніках паметай абл., заўвагай «у народных гаворках».
Ад лексікі дыялектнай і спецыяльнай адрозніваецца жаргонная лексіка. Жаргон (фр. jargon) – мова вузкага кола людзей якой-небудзь сацыяльнай або прафесійна-бытавой группы (беларуска-польскі жаргон дарэвалюцыйнай шляхты, жаргон рамеснікаў, жаргон вучняў, студэнтаў, карцёжнікаў і інш.): кол (адзінка), пара (двойка), хвост (запазычанасць), матор (таксі) і да т. п. Жаргонныя словы (жарганізмы) толькі засмечваюць літаратурную мову і не маюць права існаваць у ёй. Яны зрэдку сустракаюцца пры апісанні пэўных сацыяльных з’яў, для моўнай характарыстыкі асобных персанажаў.
СПЕЦЫЯЛЬНАЯ ЛЕКСІКА
Спецыяльная лексіка – гэта словы і спалучэнні слоў, звязаныя з прафесійнай дзейнасцю людзей. Сярод спецыяльных слоў выдзяляюць прафесійную лексіку (прафесіяналізмы) і тэрміны.
Да прафесійнай лексікі адносяцца словы і выразы, якія выкарыстоўваюцца ў розных сферах вытворчасці, тэхнікі, прафесіі, што не сталі, аднак, агульнаўжывальнымі. У адрозненне ад тэрмінаў прафесіяналізмы функцыянуюць пераважна ў вусным маўленні як «паўафіцыйныя» словы, якія не маюць строгага навуковага характару. Прафесіяналізмы служаць для абазначэння розных вытворчых працэсаў, выпушчанай прадукцыі і пад. Напрыклад, у мове паліграфістаў выкарыстоўваюцца прафесіяналізмы: канцоўка (графічнае ўпрыгожанне ў канцы кнігі), вусік (канцоўка з патаўшчэннем усярэдзіне), хвост (ніжняе знешняе поле старонкі); у мове журналістаў і рэдактараў можна пачуць слова шапка (загаловак для некалькіх газетных заметак); у мове супрацоўнікаў праваахоўчых органаў – дзяжурка (дзяжурная часць); будаўнікі карыстаюцца словамі віра! (уверх), майна! (уніз). Прафесіяналізмы характэрны для мовы спартсменаў, шахцёраў, урачоў, настаўнікаў, рыбакоў, паляўнічых і інш.
Дзякуючы сваёй эмацыянальнай выразнасці прафесіяналізмы праз гутарковую мову трапляюць іншы раз у літаратурны ўжытак, дзе выступаюць звычайна як размоўныя, экспрэсіўныя эквіваленты тэрмінаў.
Тэрмін (лац. terminus – граніца, мяжа) – спецыяльнае слова ці словазлучэнне, створанае для дакладнага выражэння спецыяльных паняццяў і абазначэння спецыяльных прадметаў. Кожнае слова-тэрмін мае дакладнае значэнне, зафіксаванае ў спецыяльных навуковых даследаваннях ці тэрміналагічных слоўніках. Тэрміны і прафесіяналізмы даюцца ў тлумачальных слоўніках з паметай “спецыяльнае”, зрэдку ўказваецца сфера прымянення таго ці іншага тэрміна (фіз., мед., мат.
і г. д.).
Адрозніваюць тэрміны шырокаўжывальныя (агульназразумелыя) і вузкаспецыяльныя. Значэнне шырокаўжывальных тэрмінаў вядома і неспецыялісту. Найперш гэта агульнанавуковыя тэрміны, якія выка-рыстоўваюцца ў розных галінах навукі і належаць навуковаму стылю мовы ў цэлым: эксперымент, адэкватны, эквівалент, прагназаваць, гіпатэтычны, прагрэсіраваць, рэакцыя і г. д. Гэтыя тэрміны ўтвараюць паняційны фонд розных навук і характарызуюцца найбольшай частотнасцю ўжывання.
Адрозніваюць і спецыяльныя тэрміны, якія замацаваны за пэўнымі навуковымі дысцыплінамі, галінамі вытворчасці і тэхнікі, напрыклад, у эканоміцы: гандаль, падатак, цэнаўтварэнне, лізінг; у лінгвістыцы: дзейнік, фанема, прэфікс; у медыцыне: міёма, парадантоз, кардыялогія і інш.
Адзнакай нашага часу стала распаўсюджанне тэрмінаў за межы навуковых прац, што дае падставы гаварыць пра тэрміналагізацыю нашага маўлення. Так, многа слоў, што маюць тэрміналагічнае значэнне, атрымалі шырокае распаўсюджанне: сайт, электарат, вердыкт, кансэнсус, перпендыкуляр.
Да спецыфічных асаблівасцей тэрмінаў адносяцца:
· наяўнасць дэфініцыі (для большасці тэрмінаў);
· адназначнасць;
· адсутнасць экспрэсіі;
· прыналежнасць, як правіла, навуковаму стылю;
· значная перавага сярод іх назоўнікаў;
· вялікая колькасць у складзе тэрміналагічных сістэм слоў іншамоўнага паходжання, інтэрнацыянальнай лексікі.
Сукупнасць тэрмінаў пэўнай навукі або прафесіі называецца тэрміналогіяй, або тэрмінасістэмай. Кожная галіна навукі, тэхнікі, культуры мае сваю тэрмінасістэму. Напрыклад, існуе тэрміналогія лінгвістычная, эканамічная, медыка-біялагічная, прамыслова-гандлѐвая, фізіка-матэматычная і інш. Такім чынам, для кожнай навукі існуе менавіта свой штучна створаны набор лексічных адзінак, выкарыстанне якога абмежавана той ці іншай галіной. Акрамя таго, тэрміналогіяй яшчэ называюць сукупнасць усіх тэрмінаў пэўнай мовы.
Пытанні для самакантролю
1. Што такое лексіка і лексікалогія?
2. Якія існуюць класіфікацыі лексікі беларускай мовы?
3. Як падзяляецца лексіка паводле паходжання?
4. Якія прыметы запазычаных слоў вы ведаеце?
5. Як падзяляецца лексіка паводле ступені (актыўнасці) ўжывання?
6. Як падзяляецца лексіка паводле ўжывання?
7. Якія словы адносяцца да спецыяльнай лексікі?
8. Што такое прафесіяналізмы? Тэрміны?
ЛІТАРАТУРА
Азарка, В.У. Беларуская мова: спецыяльная лексіка: вучэб.-метад. дапам./ В.У. Азарка, А.С. Васілеўская, М.М. Круталевіч. – 2-е выд., выпр., дап. Мінск: БДПУ, 2005. – 243 с.
Вялюга, С.А. Беларуская мова (прафесійная лексіка): вучэб – метад. комплекс/ С.А. Вялюга, А.І. Зянько. – Наваполацк: ПДУ, 2011. – 263 с.
Беларуская мова: прафесійная лексіка: дапам./Д.В.Дзятко [і інш.]; пад рэд. Д.В. Дзятко. Мінск:Тэтраліт, 2013. – 231 с.
Беларуская мова. Прафесійная лексіка для педагогаў: вучэб. дапам./ Д.В. Дзятко [і інш.]; пад рэд. Д.В. Дзятко. Мінск: Беларусь, 2012. – 231 с.
Беларуская мова. Прафесійная лексіка. Прыродазнаўства: вучэб. дапам. / М.Р. Прыгодзіч [і інш.]. Мінск: Рэсп. ін-т выш. шк., 2015. – 260 с.
Беларуская мова. Прафесійная лексіка. Сацыяльна-гуманітарныя навукі: вучэб. дапам. / М.Р. Прыгодзіч [і інш.]. Мінск: Рэсп. ін-т выш. шк., 2015. – 258 с.
Беларуская мова (прафесійная лексіка): метад. рэкамендацыі/ склад. А.М. Муравіцкая. Мінск: РІВШ БДУ, 2006. – 35с.
Сучасная беларуская літаратурная мова: вучэб. дапам./ Д.В. Дзятко [і інш.]; пад рэд. Д.В. Дзятко. Мінск: Выш. шк, 2020. – 588 с.
Энцыклапедыя для школьнікаў і студэнтаў: у 12 т. Т.7: Беларуская мова/ рэдкал.: У.У. Андрыевіч (гал.рэд.) [і інш.]; пад агул. рэд. Д.В. Дзятко. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2017. – 495 с.