План
1) Сутнасць паняццяў "стыль", "стылістыка".
2) Функцыянальныя стылі маўлення.
3) Навуковы стыль: функцыя і стылёвыя рысы.
4) Жанры навуковага стылю.
Нацыянальная беларуская мова мае дзве асноўныя формы існавання – вусную і пісьмовую. Вусную форму выкарыстоўваюць пры непасрэдных моўных кантактах: у гутарцы, дыскусіі, дамашніх абставінах, выступленнях, на радыё і тэлебачанні. Вусная мова – з’ява, багатая інтанацыяй, эмацыянальнасцю, пачуццямі. Пісьмовая мова – гэта зрокавае ўспрыняцце тэксту: чытанне, запамінанне, завучванне матэрыялу. Абедзве формы існавання з’яўляюцца функцыянальна разнастайнымі, універсальнымі, абслугоўваюць рознабаковыя сферы грамадскай дзейнасці.
Стылістыка – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца функцыянальныя стылі маўлення і асаблівасці ўжывання ў іх моўных сродкаў.
Стылі – гэта розныя спосабы выкарыстання моўных сродкаў ў залежнасці ад камунікатыўнай сітуацыі.
Кожны стыль характарызуецца пэўным наборам моўных сродкаў з аднатыпнай эмацыянальна-экспрэсіўнай і функцыянальна-стылістычнай афарбоўкай, а таксама наяўнасцю міжстылявых (нейтральных) моўных сродкаў.
Размежаванне стыляў заснавана не толькі на наяўнасці пэўных асаблівасцей (стылёвых рыс), але і на тым, што кожны стыль пазбягае ўключэння такіх элементаў, якія яму не ўласцівыя.
Разам з тым функцыянальныя стылі не з‘яўляюцца замкнёнымі сістэмамі, таму што ўяўляюць сабой разнавіднасці сродкаў адной моўнай сістэмы. Яны могуць узаемадзейнічаць, кожны са стыляў у рознай меры можа ўключаць у сябе элементы іншых стыляў, калі гэта выклікана ўмовамі і мэтай зносін або эстэтычнымі задачамі і калі не парушаецца стылістычная цэласнасць тэксту.
Вылучаюць наступныя моўныя стылі: гутарковы, афіцыйна-справавы (афіцыйны), навуковы, публіцыстычны, мастацкі. Апошнія гады асобна вылучаецц канфесійны стыль – стыль рэлігійнай літаратуры. Кожны з іх характарызуецца пэўнай сферай ужывання, стылёвымі рысамі, моўнымі сродкамі і інш.Усе моўныя стылі, акрамя гутарковага, кніжныя. Гутарковы з’яўляецца стылем вуснай мовы.
Навуковы стыль - адзін з функцыянальных стыляў беларускай літаратурнай мовы, які абслугоўвае сферу навукі, тэхнікі і навучання; гэта стыль навуковых прац, манаграфій, дысертацый, падручнікаў і пад.
Асноўнай формай рэалізацыі навуковага стылю з'яўляецца пісьмовае маўленне, хаця з развіццём сродкаў масавай камунікацыі, пашырэннем навуковых кантактаў павялічваецца роля вуснай формы зносін.
Асноўная функцыя навуковага стылю — перадача навуковай інфармацыі, доказнасць яе сапраўднасці, нярэдка — навізны і каштоўнасці.
Гэтай функцыяй абумоўліваецца спецыфіка навуковага стылю і яго асноўныя стылёвыя рысы: навуковая тэматыка тэкстаў, абстрактнасць і абагульненасць, аб’ектыўнасць і дакладнасць, лагічнасць і строгасць, доказнасць, насычанасць фактычнай інфармацыяй.
Навуковая тэматыка тэкстаў. Прыналежнасць тэкстаў да навуковага стылю прадвызначае іх тэматыку: тэксты розных галін навукі раскрываюць пытанні і адлюстроўваюць праблемы меравіта той сферы навуковых ведаў, у рэчышчы якой праводзіцца навуковае даследванне і тлумачэнне прычын з’яў рэчаіснасці, апісанне прадмета навуковага пазнання.
Абстрактнасць і абагульненасць уласцівы кожнаму навуковаму тэксту. Таму тут шырока выкарыстоўваецца абстрактная лексіка: устойлівасць, сукупнасць, уласцівасць, даследаванне, спосаб і інш. Для абазначэння агульных паняццяў ужываюцца словы з канкрэтным значэннем.
Аб’ектыўнасць і дакладнасць. Сэнсавая дакладнасць (адназначнасць) абумоўлівае ўжыванне слоў з прамым значэннем, шырокае выкарыстанне тэрмінаў. Паўтор ключавых слоў у навуковым маўленні лічыцца нормай. Дакладнасцю тлумачыцца і выкарыстанне ў навуковым тэксце сказаў з дзеепрыметнымі і дзеепрыслоўнымі зваротамі, з аднароднымі членамі і абагульняльнымі словамі.
Лагічнасць і строгасць. Падкрэсленая лагічнасць — тыповая рыса навуковага тэксту. Усе часткі ў ім цесна звязаны сэнсам і размяшчаюцца ў строга вызначанай паслядоўнасці.
Інфармацыя ў навуковых тэкстах павінна быць несупярэчлівай. Лагічнасць і строгасць навуковага выкладу дасягаецца шляхам выкарыстання:
· спецыяльных канструкцый: трэба адзначыць, неабходна спыніцца, спачатку прааналізуем, варта падкрэсліць;
· пабочных канструкцый: па-першае, гэта значыць, такім чынам;
· злучнікаў і прыслоўяў: таму, так як,затым, далей;
· канструкцый з прыназоўнікамі: з прычыны, у сувязі, у выніку;
· абагульняючых слоў пры аднародных членах сказа: Мэта цяпер разглядаецца ў якасці галоўнага фактару, які вызначае ўсе асноўныя кампаненты навучальна-выхаваўчага працэсу: змест, метады, эфектыўнасць (І. Ф. Харламаў);
· складаназалежных сказаў: У залежнасці ад асноўных дыдактычных задач, якія вырашаюцца на тым ці іншым этапе навучання, метады падзяляюцца на метады набыцця ведаў, фарміравання ўменняў і навыкаў, замацавання, праверкі ведаў, уменняў і навыкаў (З.Б. Варановіч);
· прамога парадку слоў у сказах: Многія навуковыя дысцыпліны для ўдасканальвання пазнавальнага апарату выкарыстоўваюць мадэліраванне сваіх аб’ектаў (“Беларуская мова: энцыклапедыя”).
Доказнасць. У тэкстах навуковага стылю ўсе палажэнні і гіпотэзы павінны быць аргументаваны, а іх правільнасць павінна пацвярджацца разнастайнымі статыстычнымі дадзенымі, графікамі, схемамі, дыяграмамі, формуламі, тэкставымі ілюстрацыямі і цытаваннем аўтарытэтных даследчыкаў са спасылкамі на іх працы.
Насычанасць фактычнай інфармацыяй. У навуковых тэкстах шырока выкарыстоўваюцца абрэвіятуры, разнастайныя ўмоўныя скарачэнні, формулы, сімвалічныя абазначэнні: КТП – каляндарна-тэматычнае планаванне, КТС – калектыўная творчая справа, ЗПР – затрымка псіхічнага развіцця, ДНК, Вт, кг і інш. Дадатковую грунтоўнасць і аб’ектыўнасць.
Жанры навуковага стылю
Рэферат – кароткі выклад зместу дакумента або яго часткі, які ўключае асноўныя фактычныя звесткі, вывады, неабходныя для першапачатковага азнаямлення з дакументам і вызначэння мэтазгоднасці звароту да яго.
Рэферыраванне – інтэлектуальны творчы працэс, які ўключае асэнсоўванне тэксту, пераўтварэнне інфармацыі аналітычна-сінтэтычным спосабам істварэнне новага (другаснага) тэксту. Падрыхтоўка рэфератаў – адзін з найбольш складаных відаў самастойнай работы. Рэферыраванне прывучае чалавека ўдумліва працаваць з літаратурай, арыентавацца ў ѐй, выбіраючы патрэбную інфармацыю.
У структуры рэферата любога тыпу вылучаюць тры асноўныя кампаненты:
– бібліяграфічнае апісанне;
– уласна рэфератыўны тэкст;
– даведачны апарат.
Як і любы навуковы тэкст, рэферат мае пэўную кампазіцыю:
1. Уступ. Задачы ўступу могуць быць наступнымі: указаць выхадныя даныя тэксту (назва тэксту, дзе і калі апублікаваны); паведаміць звесткі аб аўтары (прозвішча, імя, імя па бацьку, спецыяльнасць, вучоная ступень, вучонае званне); раскрыць сэнс назвы работы, чаму яна прысвячаецца і ў сувязі з чым напісана.
2. Пералік асноўных пытанняў і праблем, пра якія паведамляецца ў першакрыніцы.
3. Аналіз самых важных, на думку рэферэнта, пытанняў, якія ўтрымліваюцца ў тэксце-арыгінале. Праводзячы такі аналіз, неабходна абгрунтаваць важнасць абраных пытанняў, сцісла перадаць думку аўтара па гэтых пытаннях, выказаць сваѐ меркаванне наконт разважанняў аўтара першакрыніцы.
4. Агульны вывад аб значэнні ўсѐй тэмы або праблемы рэферыруемага тэксту.
Такім чынам, рэферат мае пастаянныя структуры: загаловачную частку з бібліяграфічным апісаннем, уласна рэфератыўную частку, у якой абагульняюцца звесткі аб аўтарах, называецца асноўная тэма і праблематыка першакрыніц, даецца падрабязнае апісанне або сціслае выкладанне найбольш важкіх пытанняў, робяцца вывады.
У рэфераце выкарыстоўваюцца моўныя клішэ, характэрныя для данага жанру навуковага стылю: аўтар спыняецца на пытанні; аўтар аналізуе; пры гэтым ѐн адзначае; самым сур‘ѐзным наступствам гэтага з‘яўляецца; адсюль аўтар робіць вывад; задача, на думку аўтара, заключаецца ў тым, што; аўтар разглядае; артыкул прысвечаны і інш.
Анатацыя – кароткая характарыстыка арыгінала, якая перадае змест у выглядзе пераліку асноўных пытанняў, а часам дае і крытычную ацэнку. У адрозненне ад рэферата, анатацыя з‘яўляецца максімальна кароткім паведамленнем аб змесце кнігі, артыкула. Веданне правіл напісання анатацыі неабходна для таго, каб умець характарызаваць кнігу або прачытаны артыкул. Анатацыя дае ўяўленне аб:
– характары арыгінала (навуковы артыкул, тэхнічнае апісанне, навукова-папулярная кніга і інш.);
– яго будове (якія пытанні і ў якой паслядоўнасці разглядаюцца);
– прызначэнні арыгінала (на каго разлічаны і з якой мэтай напісаны).
Асобы жанр навуковай літаратуры – тэзісы. Спецыялістам па якой-небудзь галіне навукі часта бывае неабходна сабрацца разам, паслухаць даклады адзін аднаго, пагаварыць, абмяняцца думкамі. Публікаваць поўныя тэксты дакладаў часта няма магчымасці, а таксама і неабходнасці. У такіх выпадках выдаюцца зборнікі тэзісаў дакладаў.
Тэзісы – палажэнні, правільнасць якіх павінна быць раскрыта і абгрунтавана; сфармуляваныя палажэнні, якія коратка перадаюць асноўныя думкі лекцыі, даклада, артыкула і інш. Тэзіс уключае ў сябе прадмет мовы (аб чым гаворыцца ў тэксце) і галоўную аналізуемую прыкмету (тое, што гаворыцца аб гэтым прадмеце). Доказам галоўнага тэзіса з‘яўляюцца аргументы (довады, якія прыводзяцца як доказ). Для больш поўнай аргументацыі тэзіса неабходны ілюстрацыі – прыклады, якія пацвярджаюць прапанаваныя тэарэтычныя палажэнні. Пры напісанні тэзісаў абыходзяцца без уступу, апісання методыкі работы, прыводзяцца толькі асноўныя вынікі работы. Паколькі тэзісы з‘яўляюцца палажэннямі, то яны маюць адпаведную структуру сказаў. Гэта або назыўныя сказы (выказваюць сцвярджэнне або адмоўе), або сказы, якія з‘яўляюцца тлумачэннем розных паняццяў (маюць структуру гэта ёсць гэта).
Даклад – разгорнутае публічнае паведамленне на якую-небудзь навуковую тэму. Даклад бывае вусным і пісьмовым.
Даклад – адзін з відаў самастойнай навукова-даследчай працы, у якой аўтар раскрывае сутнасць праблемы, якую даследуе, асвятляе розныя пункты гледжання на яе, выказвае свае думкі.
Этапы працы над дакладам:
1.падбор і вывучэнне першакрыніц па тэме даклада;
2.складанне бібліяграфіі (пералік даследаваных лексікаграфічных крыніц);
3. апрацоўка і сістэматызацыя матэрыялу;
4.падрыхтоўка вывадаў і абагульненняў;
5.складанне плана даклада;
6.напісанне даклада;
7.публічнае выступленне з дакладам.
Рэцэнзія – гэта пісьмовы водгук на навуковую працу, які змяшчае:
- каментаванне асноўных палажэнняў навуковага тэксту (тлумачэнне аўтарскай думкі; уласнае стаўленне да праблемы, даследаванай аўтарам, выяўленне свайго пункту гледжання на пытанні, закранутыя аўтарам);
- абагульненую аргументаваную ацэнку навуковай працы;
- вывады аб значнасці навуковага даследавання.
Пытанні да самакантролю
1. Раскрыйце паняцце “навуковы стыль”.
2. Якую асноўную функцыю выконвае наваковы стыль?
3. Пералічыце стылёвыя рысы, уласцівыя тэкстам навуковага стылю.
4. Назавіце жанры навуковага стылю.
5. Якія моўныя асаблівасці характэрны для тэкстаў навуковага стылю?
ЛІТАРАТУРА
Вялюга, С.А. Беларуская мова (прафесійная лексіка): вучэб – метад. комплекс/ С.А. Вялюга, А.І. Зянько. – Наваполацк: ПДУ, 2011. – 263 с.
Беларуская мова: прафесійная лексіка: дапам./Д.В.Дзятко [і інш.]; пад рэд. Д.В. Дзятко. Мінск:Тэтраліт, 2013. – 231 с.
Беларуская мова. Прафесійная лексіка для педагогаў: вучэб. дапам./ Д.В. Дзятко [і інш.]; пад рэд. Д.В. Дзятко. Мінск: Беларусь, 2012. – 231 с.
Беларуская мова. Прафесійная лексіка. Прыродазнаўства: вучэб. дапам. / М.Р. Прыгодзіч [і інш.]. Мінск: Рэсп. ін-т выш. шк., 2015. – 260 с.
Беларуская мова. Прафесійная лексіка. Сацыяльна-гуманітарныя навукі: вучэб. дапам. / М.Р. Прыгодзіч [і інш.]. Мінск: Рэсп. ін-т выш. шк., 2015. – 258 с.
Беларуская мова (прафесійная лексіка): метад. рэкамендацыі/ склад. А.М. Муравіцкая. Мінск: РІВШ БДУ, 2006. – 35с.
Сучасная беларуская літаратурная мова: вучэб. дапам./ Д.В. Дзятко [і інш.]; пад рэд. Д.В. Дзятко. Мінск: Выш. шк, 2020. – 588 с.
Энцыклапедыя для школьнікаў і студэнтаў: у 12 т. Т.7: Беларуская мова/ рэдкал.: У.У. Андрыевіч (гал.рэд.) [і інш.]; пад агул. рэд. Д.В. Дзятко. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2017. – 495 с.