Гісторыя ўзнікнення сядзібы
Гісторыя ўзнікнення сядзібы
Гісторыя ўзнікнення сядзібы.
Калі ўгледзецца ў план мястэчка Масты ў сярэдзіне XVI cтагоддзя 1561г., складзены нашым аднавяскоўцам, выкладчыкам Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта ім. Янкі Купалы Віктарам Аляксандравічам Белазаровічам на падставе “Пісцовай кнігі Гродзенскай эканоміі”, то мы заўважым, што на карце пад нумарам 7 вызначана месца, дзе размясціўся каралеўскі двор, а яшчэ пазней –сядзіба. Першапачатковы будынак сядзібы не захаваўся. Сучаснае памяшканне пабудавана ў 1866 годзе.
Будынак пабудаваны ў стылі мадэрн .
Архітэктура мадэрн (архітэктура ар-нува)-архітэктурны стыль, атрымаўшы распаўсюджанне ў Еўропе ў 1890-1910 гадах у рамках мастацкага накірунку мадэрн. Архітэктуру мадэрна адрознівае адказ ад прамых лінійі вуглоў на карысць больш натуральных, прыродных ліній, выкарыстоўваючы новыя тэхналогіі (метал,шкло).
Як і шэраг другіх стыляў архітэктуру мадэрна адрознівае таксама імкненне да ўтварэння адначасова і эстэтычна прыгожых, і функцыянальных памяшканняў. Вялікая ўвага ўдзялялася не толькі знешняму выгляду памяшкання, але і інтэр'еру, які падрабязна адпрацоўваўся. Усе канструктыўныя элементы-лесвіцы, дзверы, калоны, балконы - мастацкі абрабляліся. Так называемы цагляны стыль, калі архітэктары адказваліся ад атынкоўкі і ўсе дэкаратыўныя дэталі рабіліся з цэглы.
Сядзіба з чырвонай цэглы, страха пакрыта бляшанымі стужкамі металу, двухпавярховы, з чатырма ўваходамі: з боку мястэчка і збоку ракі Нёман. Гэта парадныя ўваходы з балконам на другім паверсе з боку ракі Нёман, тэрасаю і трыма калонамі з боку шашы. Два ўваходы для абслугоўваючага персаналу: з боку фальварка Міхайлоўка і рыначнай плошчы. Вакол маёнтка раскінулася ліпавая алея. Прыступкі з тыльнага боку вялі да ракі, дзе знаходзілася прыстань і альтанкі для адпачынку. На пляцоўцы перад цэнтральным уваходам знаходзіліся кветнікі, паміж імі – цікавай формы фантан. У доме - ліпавая драўляная падлога, сцены атынкаваныя і пафарбаваныя ў белы колер, ванны пакой, душ, туалет, тры пакоі на першым і чатыры пакоі на другім паверсе. Памяшканне маёнтка абагравалася з дапамогаю пячнога ацяплення, але ў зале для гасцей меўся камін, які ўпрыгожваў інтэр’ер пакоя і ацяпляў саму залу, ад якога у сценах ішлі трубы з вадою па ўсім пакоі захоўваючы цеплыню доўгі час. У пакоях гарэлі керасінавыя лямпы і свечкі. Была маленькая часоўня ў выглядзе флігеля з калідорнай планіроўкай з жылымі памяшканнямі, выканана ў тэхніцы "прускага муру".
Госці выходзілі праз цэнтральны ўваход з боку Нёмана. Побач з маёнткам стаяў невялікі дом-барак, дзе жылі батракі. Перад маёнткам размяшчаўся басейн, вада для якога была на страсе памяшканняў у бочках. Там жа знаходзілася вада для напаўнення фантана, які гаспадары ўключалі ў час прыезду гасцей. Вакол маёнтка знаходзілася агароджа з цэнтральным уваходам - каменнаю брамаю. З тыльнага боку памяшкання, на беразе Нёмана, знаходзілася добраўпарадкаваная крыніца. Чыстай крынічнай вадой карысталіся не толькі гаспадары, але і жыхары ўсёй вёскі.
Сучаснае памяшканне, якое можам назіраць на сённяшні час, пабудавана ў 1866 годзе, аб чым сведчыць запіс на будынку.
Храналагічны шлях уладальнікаў сядзібы.
Карыстаючыся кнігай “Памяць” Мастоўскага раёна можна прасачыць храналагічны шлях яе гаспадароў.
Першыя звесткі пра гаспадара маёнтка сустракаюцца ў 1795 годзе пасля трэцяга падзела Рэчы Паспалітай, калі Заходняя частка перайшла пад уладу Расійскай Імперыі. Кацярына II дарыла маёнткі з прыгоннымі сялянамі розным спосабам на вечнае і патомнае карыстанне. Так, калежскаму саветніку Літцы падаравана з Мастоўскага ключа Гродзенскай эканоміі 171 душа мужчынскага і 157 душ жаночага полу мястэчка Масты.
У Гродзенскую эканомію ўваходзіла 14 двароў (ключоў). Сярод іх адным з буйных быў Мастоўскі двор (ключ) з цэнтрам у мястэчку Масты, размешчаны на абодвух берагах Нёмана, і фальваркам Мікелеўцы. Да двара адносілася 15 сёл. Яны складалі воласць.У сваю чаргу воласць дзялілася на войтаўствы. Мастоўская воласць складалася з трох войтаўстваў па 5 сёл у кожным.
Пазней сапраўднаму стацкаму саветніку Шавалье Давальё. Дакладна годы не вядомыя.
Затым таможнаму інспектару Мураўёву.
Пасля смерці Мураўёва паводле гістарычных даведак маёнтак належаў сапраўднай стацкай саветніцы Францішцы Велянінавай (па першым шлюбе Мураўёвай) у пачатку 19 стагоддзя. Буйным уладаннем быў маёнтак. Да яго належала 7340 дзесяцін зямлі.(прыблізна 1805 -1845 гады).
У сярэдзіне 19-стагоддзя (1846 г.) маёнтак купіў пан Мацей Лавіцкі. Мацей і Ізабэла Лавіцкія жылі не вельмі багата, таму ў канцы 19 стагоддзя фальварак (такую назву далі месныя жыхары ) канфіскаваны за нявыплату падаткаў. Сам Мацей Лавіцкі і яго жонка Ізабэла Лавіцкая, а таксама іх дзеці: Тэадора і Ганна Лавіцкія пасля смерці пахаваны менавіта на могілках мястэчка Масты (сучаснага аграгарадка Масты Правыя).
Аднак паводле інфармацыі з перапіскі з нашчадкамі Аляксандра Іванавіча Азнабішына, Таццянай Мікалаеўнай Азнабішынай, мы даведаліся, што наступным ўладальнікам маёнтка на беразе ракі Нёман з’яўляўся Аляксандр Іванавіч Азнабішын стацкі саветнік, камергер двара, ганаровы міравы суддзя Гродзенскай губерніі, які на ўласныя сродкі пабудаваў Свята-Мікалаеўскую царкву ў мястэчку Пескі. Пасля смерці пахаваны на тэрыторыіі Свята-Мікалаеўскай царквы ў мястэчку Пескі.
Азнабішыны - дваранскі род, які паходзіць, паводле падання, ад польскага выхадца Філіпа Азнабшы, які прыехаў у Маскву ў 1423 г. і Чарнігаве. Род Азнабішыных унесены ў VI і II часткі радаводаў кніг Уладзімірскай, Пензенскай, Саратаўскай, Сімбірскай і Тамбоўскай губерняў.
Пасля смерці Аляксандра Іванавіча Азнабішына ў 1893 годзе сядзіба Масты адышла да сыноў: калежскаму саветніку Аляксандру, надворнаму саветніку Аляксею і Юрыю (Георгію) Азнабішыным.
Сядзіба Новая Квасоўка, якая знаходзілася ў Гродзенскім павеце, Лашанскай воласці на рэках Свіслач і Нёмана, за 25 вёрст ад Гродна па рашэнню Трацейскага суда адышла да Аляксея Іванавіча Азнабішына. Маёнтак складаўся з 563 дзесяцін зямлі.
Гаспадаром маёнтка Масты заставаліся Аляксндр Аляксандравіч і Юрый (Георгій) Аляксандравіч Азнабішыны. Становішча фінансавае нашчадкаў было нестабільнае. З 1904 па 1908 часткова прадаюцца землі з маёнтка Масты каля 123 дзесяцін былі распроданы сялянам.
Старажылы ўспамінаюць, што пасля пана Юрыя Азнабішына гаспадаром стаў пан Міхаіл Межаеўскі .Але ўладарыць яму давялося вельмі кароткі час. Моцна хварэў адзіны сын і ў 1927 годзе памёр. Праз поўгода памерла і пані Марыся Межаеўская. Пахаваны яны на могілках у Правых Мастах побач з капліцаю. Пан Межаеўскі пачаў аздабляць магілку жонкі і сына. Быў складзены фундамент з камення пад будучую каплічку, але мары не было суджана споўніцца. Увосень 1927 годза Міхал Межаеўскі памёр, так і заставіўшы толькі фундамент на месцы захавання паноў Межаеўскіх.
У 1925 годзе маёнтак быў абтынкаваны звонку і пафарбаваны ў белы колер. Такім ён быў да 1980 года.
У 1928 годзе маёнтак перашоў у склад дзяржаўнай маёмасці Польшчы. Побач з сядзібаю ўзвышалася вежа.
З успамінаў старажылаў вёскі Масты Правыя Шырокай Аліны Іванаўны і Ярмак Яніны Міхайлаўны вядома, што:
з1938 года па 1941 год будынак пуставаў. Аднак у адным з пакояў арганізоўваліся вечары адпачынку для моладзі вёсак Масты Правыя, Масты Левыя, Сцяпанішкі.
З 1941г- памяшканне будынку выкарыстоўваецца для пражывання салдат-вартаўнікоў маста праз раку Нёман.
З 1942-1943 года пражывалі нямецкія салдаты, якія стварылі стрэльбішча з правага боку ад маёнтка.
У 1943годзе, пасля вызвалення Мастоўшчыны, у будынку сядзібы часова, перад ад’ездам у Польшчу, жылі браты Канапацкія.
Нельга не адзначыць, што напрыканцы 1945 года, а менавіта ў былой сядзібе размясціўся спецдзетдом для дзяцей-сірот, чые бацькі загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Бакштаеў Георгій Аляксандравіч быў першым выхавацелем. Аднымі з першых знайшлі тут прытулак сястра і брат Ванда і Станіслаў Домуці. Дзяўчынцы было 10, хлопчыку-6 гадоў.
Распараджэннем загадчыка аддзела адукацыі Гродзенскага аблвыканкама №315 ад 22 чэрвеня 1960 года Мастоўскі дзіцячы дом быў рэарганізаваны ў агульнаадукацыйную школу-інтэрнат на 120 выхаванцаў. Узначаліў школу дырэктар М.І. Пась і яго намеснік З.М. Касьяновіч. Побач з сядзібай пабудаваны вучэбны корпус. У чэрвені 1980 года ён быў перафарбаваны ў светла-рыжы колер. Памяшканне сядзібы ў той час выкарыстоўвалася як спальны корпус. У чэрвені 1980 года ён быў перафарбавны ў светла-рыжы колер.
У 2007 годзе ДзУА “Правамастоўская спецшкола-інтэрнат” была рэарганізавана . Памяшканне не выкарыстоўвалася, пуставала.
Мясцовыя жыхары з павагай ставяцца да захавання памяці аб культурнай гістарычнай спадчыне свайго роднага краю. Зыходзячы з таго, што ў нашай мясцовасці няма царквы, праваслаўныя вернікі хадайнічалі перад Мастоўскім райвыканкамам аб ператварэнні былога спальнага корпуса спецшколы-інтэрната ў царкву. Рашэннем Савета дэпутатаў Мастоўскага райвыканкама № 42 ад 21.12.2009 года памяшканне перададзена праваслаўным вернікам.
Зусім нядаўна святар Уладзімір Саверчанка расказаў, што на дабрачынныя грашовыя сродкі прыхаджан у памяшканні былой сядзібы на першым паверсе зроблены рамонт, набыта царкоўнае начынне. Пачаўся вонкавы рамонт сцен сядзібы. Сёння тут месціцца дамавы храм Іконы Божай Маці “Усіх смуткуючых у радасць”. На другім паверсе, са слоў святара Ўладзіміра, у памяшканні панскага маёнтка плануецца размясціць маладзёжны місіянерскі праваслаўны цэнтр.
У 2015 годзе часткова зроблены часткова вонкавы рамонт маёнтка.
Атынкаваныя сцены і галоўны ўваход змяніў колер са светла-рыжага на светла-зялёны колер. Адрамантаваная страха металадахоўкай зялёнага колеру.Старыя драўляныя вокны змянілі на сучасныя шклопакеты. Адрамантаваныя прыступкі галоўнага ўвахода ў маёнтак.
Вельмі прыемна, што насельніцства сучаснага аграгарадка клапаціцца аб сваёй гісторыка-культурнай спадчыне, аб каштоўнасцях пакінутымі нашымі продкамі.