“Этнаграфія роднага краю” Правамастоўскай сярэдняй школы
Першыя вышыванкі, сурвэткі, ручнікі і посцілкі з'явіліся дзякуючы Гайдукевіч Алене Станіславаўне, якая выкладала ў школе сусветную мастацкую культуру. Яна разам са сваімі вучнямі пачала збіраць першыя экспанаты для будучага музейнага пакою.
Музейны пакой быў створаны на базе Правамастоўскай сярэдняй школы настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Касцянкоўскай Аленай Канстанцінаўнай. Пакой прыняў сваіх першых наведвальнікаў 01.09.2006 г. Першыя экспанаты, сабраныя вучнямі, датычацца 1970 гадоў. Дзякуючы настаўніку гісторыі і грамадства Бубену Юрыю Віктаравічу ў музейным пакоі з'явіўся раздзел "Подзвіг народа бессмяротны". Над адкрыццём разделаў: "Гісторыя населенага пункта" і "Гісторыя школы", а таксама слоўніка мікратапонімаў, сцэнарыяў абрадаў "Хрысціны", "Вялікдзень","Каляды" на падставе ўспамінаў мясцовых жыхароў працавала Маскевіч Людміла Іванаўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры. На падстве загада №13 ад 27.11.2008 года музейны пакой набыў статус краязнаўча-этнаграфічнага музею "Этнаграфія роднага краю". Кіраўніком музея на падставе загада № 74 ад 01.09.2008 года прызначана Цяслюк Галіна Іосіфаўна, якая пашырыла фондавы запас музейных экспанатаў па раздзеле "Подзвіг народа бессмяротны", стварыла экспазіцыю "Гонар школы" аб знакамітых вучнях школы, настаўніцкіх дынастыях, гісторыя ўзнікнення ўстаноў адукацыі на тэрыторыі населенага пункта, сабрала зборнік навукова-даследчых прац вучняў.
У склад экспазіцыі музея ўключаны наступныя раздзелы:
Гісторыя населенага пункта
Першы раздзел прысвечаны гісторыі ўзнікнення мястэчка Масты, яго эканамічнаму развіццю пачынаючы з 1486 года. Археалагічная экспазіцыя цесна звязана з першабытным мінулым нашых продкаў. Прадстаўлены гістарычныя звесткі аб мастацка-культурных аб'ектах мясцовасці.
Гісторыя школы
Раздзел уключае звесткі аб гісторыі ўзнікненні адукацыі на тэрыторыі Мастоўшчыны з 1876 года. Гісторыя школ, якія працавалі на тэрыторыі населенага пункта, іх кіраўнікоў, іх уклад у развіццё адукацыі на тэрыторыі населенага пункта. Раздзел уключае экспазіцыі: "Гонар школы" (аб знакамітых выпускніках ,чыя праца адзначана высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі), "Яны скончылі школу з медалём" (аб выпускніках-медалістах).
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва
Быт аднавяскоўцаў
Раздзел пабудаваны ў выглядзе ансамблевай экспазіцыі – «жыццёвы» экспазіцыйны комплекс: інтэр'ер, дзе музейныя прадметы прадстаўлены ў асяроддзі свайго бытавання. Гэта садзейнічае вобразнаму ўспрыманню аб жыцці нашых продкаў.
Подзвіг народа бессмяротны
Раздзел прысвечаны гістарычным падзеям, якія адбываліся на тэрыторыі Мастоўшчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ветэранам, якія прымалі ўдзел у баях з фашысцкімі захопнікамі, непаўналетнім вязням. Сабраны ўспаміны і асабістыя рэчы ветэранаў. Фотаздымкі-арыгіналы ваенных год з асабістай калекцыі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Карэвік Я.А. і Карэвік І.Дз.