Юраўскае свята

Выганяю я сваю кароўку

На шырокую вуліцу,

На шаўковую травіцу,

У глыбокую крыніцу,

Па светлу вадзіцу.

З народнай песні

У цыкле народных свят важнае месца займае юраўскае свята. Шырока вядома ва ўсім славянскім свеце, яно прымеркавана да дня 6 мая.

Перш за ўсе лічылася, што менавіта ў гэты дзень неабходна было першы раз пасля паўгадовага стойлавага ўтрымання выгнаць скаціну ў поле.

Амаль паўсюдна гаспадыні выганялі з двара кароў вельмі рана. Пры гэтым у варотах абавязкова клалі велікоднае яйка, пояс, хлеб і свянцоную соль. Выкарыстанне кождай з гэтых абрадавых рэчаў мела сімвалічнае значэнне. Так яйка – сімвал жыцця – павінна было забяспечыць будучы прыплод, захаваць на працягу года скаціну здаровай, таму гаспадыня тройчы абходзіла вакол каровы, абводзіла яйкам па яе скуры; пояс ахоўваў жывелу ад усялякіх пашкоджанняў, як быццам прывязваў яе да свайго двара; свянцоная соль выкарыстоўвалася як ахоўны сродак ад сурокаў.

Выганяючы жывелу з двара, гаспадыня легенька сцябала яе асвечанай ў царкве на Вербніцу галінкай вярбы. Тым самым яна імкнулася перадаць карове веснавую жыццяздольнасць, жадала, каб яна была дужая, здаровая і прынесла прыплод гаспадарцы. Увечары жанчына сустракала скаціну з поля з той жа галінкай, пасля чаго ўтыкала яе ў шчыліну сцяны або клала пад страху хлява дзеля таго, каб яна спрыяла штодзеннаму вяртанню жывелы дадому. Пасля гэтага гаспадыня шаптала якія-небудзь замовы або малітоўныя заклінанні. Пасля брала нож і тройчы абводзіла ім вакол варот хлява – рабіла своеасаблівую магічную агароджу вакол каровы дзеля таго, каб яе не задраў воўк, калі жывела адыдзе ад статку і заблудзіцца дзе-небудзь у лесе.


Адну з найбольш важных роляў у Юраўскай абраднасці выконвалі пастухі. Сялянскі гурт даручаў ім увесь вясковы статак, свае галоўнае спадзяванне на дабрабыт. Пастух павінен быў быць шчырым і добразычлівым, уважлівым назіральнікам, ведаць адпаведныя замовы і не мець ліхога вока, якое “магло забіраць малако ў каровы”.

Звычайна пастухоў адорвалі хлебам, кавалкам сала, яйкамі, пляшкай гарэлкі. Выгнаўшы статак на поле, яны раскладалі агонь, рыхтавалі пачастунак, абавязкова пяклі яечню, з якой потым абыходзілі тры разы ўвесь статак.Акрамя выразнай жывелагадоўчай накіраванасці юраўскае свята было напоўнена і іншымі сельскагаспадарчымі клопатамі. У гэты дзень неабходна наведаць палеткі, інакш яны не дадуць ураджаю. Звычайна гаспадар уставаў да ўзыходу сонца, браў хлеб, косці ад “свянцонага” стала, загортваў ўсе гэта ў настольнік і абыходзіў з ім поле, па вуглах якога ўтыкаў косці. Калі ен вяртаўся дадому, уся сям'я частавалася тым хлебам.



Яшчэ адной цікавай асаблівасцю юраўскага святкавання беларусаў з’яўляецца ваджэнне карагодаў. Як правіла, у іх удзельнічала вясковая моладзь, якой час прыспешваў шукаць пару для стварэння сям’і. Таму асноўнай тэмай карагодных песень былі любоўныя ўзаемаадносіны:

ЗА РЭЧКАЮ, ЗА РАКОЙ

За рэчкаю, за ракой,

Да люлі-люлі, за ракой,

Там стаяла дзераўцо,

Да люлі-люлі, дзераўцо.

Рачыстае стаяла,

Да люлі-люлі, стаяла.

Там дзявіца плакала,

Да люлі-люлі, плакала,

За старога ідучы,

Да люлі-люлі, ідучы,

На старога гледзючы,

Да дюлі-люлі, гледзючы:

–Сушыцель мой, стары муж,

Ссушыў мяне, маладу,

Да люлі-люлі, маладу,

Як грушачку ў саду,

Да люлі-люлі, у саду.

***

За рэчкаю, за ракой,

Да люлі-люлі, за ракой,

Там стаяла дзераўцо,

Да люлі-люлі, дзераўцо.

Рачыстае стаяла,

Да люлі-люлі, стаяла.

Там дзявіца плакала,

Да люлі-люлі, плакала,

За малага ідучы,

Да люлі-люлі, ідучы,

На малага гледзючы,

Да дюлі-люлі, гледзючы:

–Сушыцель мой, малы муж,

Да люлі-люлі, малы муж,

Ссушыў мяне, маладу,

Да люлі-люлі, маладу,

Як яблану ў саду,

Да люлі-люлі, у зеляном.

***

За рэчкаю, за ракой,

Да люлі-люлі, за ракой,

Там стаяла дзераўцо,

Да люлі-люлі, дзераўцо.

Рачыстае стаяла,

Да люлі-люлі, стаяла.

Там дзявіца плясала,

Да люлі-люлі, плясала,

За роўнага ідучы,

Да люлі-люлі, ідучы,

На роўнага гледзючы,

Да дюлі-люлі, гледзючы:

–Красіцель мой, роўны муж,

Да люлі-люлі, роўны муж,

Скрасіў мяне, маладу,

Да люлі-люлі, маладу,

Як і слівачку ў саду,

Да люлі-люлі, у зеляном.


Юраўскае свята у народнай свядомасці з’яўляецца і ахоўнікам статку і ўладаром вільгаці, неабходнай для росту раслін. А карагод на Юр’я абуджае душу, дае магчымасць зусім інакш глянуць на будзеннасць сялянскага побыту.