Добры дзень Госпаду Богу,
Жыту ядронаму,
Хазяіну палявому!
З народнай песні
Адным з найбольш адказных перыядаў у жыцці селяніна было жніво. Адметнай асаблівасцю беларускага жніва стала талака – агульнародавая ўзаемадапамога падчас збору ўраджаю.
Жніво імела ў сабе некалькі этапаў, кожны з якіх суправаджаўся цікавымі і змястоўнамі абрадамі.
Падрыхтоўка да яго пачыналася задоўга. Яшчэ не паспелі звесці на гумно сена, а гаспадару карцела раз-пораз прайсціся ўздоўж жытневай залацістай сцяны, паглядзець, ці не палягло яно, ці добра выспеў колас, наколькі ен быў важкім і ядраністым. Гаспадыня таксама непакоілася: трэба было ўважліва аглядзець збажыну, каб не было заломаў або абжатых загонаў.
Калі ж агледзіны нівы сведчылі аб яе захаванасці і некранутасці, то шчаслівая сям’я рыхтавалася да зажынкаў: чыста вымывалася хата, па-святочнаму белым абрусам усцілаўся стол, на покуці чысціней зіхацела лава. Назаўтра раніцай, яшчэ да ўзыходу сонца, пачыналася галоўная дзея зажынак. Маладзейшая з нявестак апраналася ў чыстую бель, брала з сабой сваіх заловак – мужавых сясцер – і адпраўлялася на ніву. Павольна, з разуменнем справы і ўскладзенага пачэснага абавязку маладзіца нажынала невялікі сноп жыта, спрытна і прыгожа абвівала яго наміткай або спецыяльным рытуальным ручніком і як мага вышэй падкідвала яго ўгору. Следам за ім ляцелі магічныя словы, пачутыя раней ад сваей маці:
Пакрыла ніўку
На добрую спажыўку.
Парадзі, Божа,
Наша збожжа.
Тым часам дзяўчаты-жнейкі кругам абступалі маладзіцу і, весела пляскаючы ў ладкі, рытмічна прыгаворвалі:
Пашлі, Божа, многа збожжа!
Нарадзі хлеба пры дарозе:
Каб усім было гожа
І не пуста на кожным возе.
Крыта, крыта!
Поўна, сыта!
Божа, памажы,
Хлеба ўрадзі!
Выканаўшы гэты не вельмі складаны, але абавязковы абрад, моладзь вярталася дадому, дзе іх з нецярплівасцю чакалі старэйшыя. Пры ўваходзе ў хату дзяўчаты зноў спявалі:
Крыта, крыта!
Поўна, сыта!
Божа, памажы,
Хлеба ўрадзі!
Тым часам маладзіца падавала нажаты снапок свякроўцы, якая ў адказ адорвала нявестку грашамі і кавалкам палатна. Дзяўчаты-сестры падыходзілі да бацькі, які запрашаў усіх да стала.
Праз два дні пасля “пакрывання поля” гаспадыня збіралася на зажынкі.
Падышоўшыда ўскрайку нівы, зажынальніцы ў пояс кланяліся ей. Зажон пачыналі з найбольш густой мясціны. Гаспадыні неабходна было нажаць ці адзін вялікі сноп, ці нават адну “бабку”. Як толькі была пастаўлена першая “бабка” жнеі ўсаджваліся на пожні і частаваліся рытуальнай ежай. Рэшткі ежы закопвалі на месцы першага нажатага снапа, ці неслі дадому і там даядалі падчас агульнай вячэры.
Увайшоўшы ў хату сноп-гаспадар з паклонам перадаюць бацьку. Той, падкінуўшы сноп да столі, ставіў яго ў чырвоны кут на лаву, пад абразы. Затым клаў чатыры манеты і, іройчы пакланіўшыся, адыходзіў да стала, за якім уся сям’я спраўляла зажынкавую вячэру.
Жніўны пачынак зроблены. Пачыналася жніво – агульнародавая надзвычайная падзея.
Шматдзенная аднастайная праца, ацяжараная летняй спекай, недахопам дужых рабочых рук забірала ў жнеяк усю фізічную і духоўную моц. А летняя ноч – бы кладачка праз ручай, здаецца, яшчэ спіна не выпрасталася, а серп ужо зноў на плячы вісіць. Вось тут і паўстае ва ўсей сваей велічнасці песня жніва, песня, якая дапамагала хутка аднавіць змардаваную моц, якая – бы хмарка нябесная – адцягвала ад неспакойных думак, якая сушыла і салены пот і горкую слязу.
Дзень заканчэння жніва называўся – абжынак, дажынак, дажону.
Для апошняга загону жанчыны пакідалі звычайна кавалак найлепшага жыта. Дзесятак-другі каласоў пакідалі, іх не зжыналі, а прытоптывалі да зямлі. Прытоптаныя каласы прыціскалі невялічкімі каменчыкамі, а пад ніз клалі маленькі кавалак хлеба.
Затым з нажатага жыта жнеі рабілі вянок. Сплецены і ўпрыгожаны палявымі кветкамі вянок ускладалі на галаву самай спрытнай жняі, збірала рэшткі абеду, клалі на плечы сярпы і адпраўляліся дадому.
Пакуль талака кацілася дадому, гаспадар з гаспадыняй рупліва завіхаліся ў хаце. Пачуўшы прыбліжэнне жанок да двара, гаспадар выходзіў з хаты сустракаць жнеяк. Яны віталі яго добрымі словамі, перадавалі на захаванне вянок; ен жа ў сваю чаргу запрашаў іх да стала.
Асаблівасць жніва – абрадава-песенны комплекс, які суправаджаў пераважна пачатак жніва і яго заканчэнне. Само жніво насычана цяжкай, праз сілу, працай, якая толькі ў перапынак на абед або напрыканцы доўгага спякотнага летняга дня поўнілася працяжнай і бясконцай песняй.