Дзяды

Святыя дзяды, просім вас,

Хадзіце, ляціце да нас,

Есці і піць, што Бог даў,

Што я для вас ахвяраваў.

Святыя Дзяды, просім вас,

Хадзіце, ляціце, да нас.

З народнай песні

Культ продкаў займае ў народнай філасофіі, бадай, ці не галоўнае месца і выкрышталізаваўся ў даволі складаную песенна-абрадава-рытуальную сістэму.

Шырокае распаўсюджванне атрымалі восеньскія або змітраўскія дзяды, якія святкуюцца ў суботу на трэцім тыдні пасля Пакрова.

Змітраўскія дзяды сфарміраваліся ў асяроддзі беларусаў у своеасаблівы абрад ушанавання суродзічаў. Згодна з традыцыйнымі ўяўленнямі, людзі вераць, што ў гэты дзень душы продкаў апускаюцца на землю, каб даведацца, як жывуць іх нашчадкі, як яны клапоцяцца аб гаспадарцы і памнажэнні яе дастатку, як складаюцца сямейныя адносіны, ці не забываюць жывыя пра спрадвечныя звычаі.

Да свята рыхтавалася ўся сям’я. Дарослыя і дзеці імкнуліся ўсюды навесці парадак: вымяталі з двара смецце, вымывалі хату, гатавалі абрадавыя стравы, мыліся ў лазні.

Памінальны стол накрывалі з наступленнем цемры. Вячэра пачыналася малітвай. За стол садзіліся без запрашэння, без лішняй гаворкі, кожны на свае звычайнае месца. Гаспадар запальваў свечку, ставіў яе на кут або на сярэдзіну стала і, перахрысціўшыся, казаў: “Святыя дзяды, завем вас: хадзіце да нас! Есць тут ўсе, што Бог даў, чым толькі хата багата. Просім вас: ляціце да нас!”.

Існаваў строгі парадак падавання страў на стол, пры гэтым колькасць іх магла быць рознай, але абавязкова няцотнай ад 5 да 15. Кожны з членаў сям’і абавязкова павінен быў пакаштавць усе стравы. Пасля кожнага каштавання лыжку клалі на стол.

Вячэра праходзіла ціха, стрымана. Імкнуліся добрым словам памянуць усіх памершых родзічаў.

Уставаць з-за стала трэба было ўсім адначасова. Гаспадар заканчваў вячэру наступнымі словамі: “Святыя дзяды! Елі і пілі, ідзіце да сябе”.

Стол пакідалі непрыбраным. Рэшткі страў назаўтра збіралі і аддавалі, што старцам, што хатнім жывелам і птушкам, крошкі сыпалі на страху.


Старадаўняе беларускае свята “Дзяды” стала вялікім сямейным святам, якое абуджае нашу памяць, фарміруе самасвядомасць, умацоўвае карані, якія жывяць надзею на паляпшэнне жыцця, на шчаслівую долю.