Багач

Прыйшоў Багач – кідай рагач,

Бяры сявеньку і сей памаленьку.

Да Багача баба рабача,

Па Багачы – хоць за плот валачы.

З разважанняў народных мудрацоў


Апошнім значным святам у гонар заканчэння збору ўраджаю стаў БАГАЧ.

З даўніх часоў свята было прымеркавана да дня асенняга раўнадзенства. Разам з тым назву “багач” атрымаў і галоўны атрыбут святкавання – лубок жыта з устаноўленай у яе сярэдзіну васковай свечкай. “Багач” сімвалізуе сабой яднанне вясковай абшчыны, талочны, згуртаваны характар яе існавання. Жыта для пераходнага лубка зносілася ўсімі сем'ямі вескі, прычым зерне звычайна бралася з абмалочанага першага – зажынкавага – снапа.

Ад аднаго свята да другога “багач” захоўвался ў адной якой-небудзь сям’і. Калі ж надыходзіў час новага Багача, жыхары вескі ўдзельнічалі ў святочным рытуале абходу вескі і пераносу лубка да суседзяў.


У час святкавання запрашалі святара, які служыў малебен у той хаце, дзе знаходзіўся “багач”. Пасля малебна лубка з жытам і запаленай свечкай у суправаджэнні ўсіх жыхароў абносілася па ўсей весцы. Тым часам пастух і гаспадыні зганялі жывелу на выган, а святар абходзіў вакол статка. Пасля выканання гэтага надзвычай важнага рытуальнага дзеяння, скіраванага на дабрабыт, на захаванне плоднасці статку, усе ўдзельнікі шэсця ішлі да той хаты, у якой “багач” павінен быў захоўвацца на працягу года.

Шаноўных гасцей ужо чакалі добразычлівыя гаспадары. На двары каля хаты, яны ставілі стол, упрыгожвалі бялюткім абрусам, на якім мясціліся лубкі з усялякай збажыной: жытам, пшаніцай, аўсом, ячменем. “Багач” ставіўся на сярэдзіну стала, затым служыўся непрацяглы малебен. Гасцінныя гаспадары запрашалі ўсіх прысутных у хату на святочную вячэру. “Багач” ставіўся на покуці і захоўваўся там да новага збору ўраджаю. Лічылася, што збожжавы “багач” прыносіў у хату багацце і шчасце.


Свята Багач было своеасаблівай мяжой у сістэме каляндарных абрадаў. Прырода павольна заціхала, рыхтавалася да доўгага зімовага сну. Адпаведна яе стану заканчваліся і абрады ўласна земляробчага накірунку.