Купалле

" Ой, рана – рана на Яна

Сонца гуляла з Купала,

А лясы звінелі, як пелі,

А сяло дрыжала,

Музыка йграла…”

З народнай песні


Святкаванне Купалля звычайна адбывалася на традыцыйным рытуальным месцы, на якім вясковая абшчына яшчэ са старадаўніх часоў адзначала найбольш значныя падзеі. Гэта магло быць узбярэжжа ракі ці возера, а калі побач не было вады, то выбіраліся які-небудзь пагорак, невялікая палянка або проста ўскраіна гаю.

Цэнтральнае месца, вакол якога разгортвалася начная містэрыя, займаў рытуальны агонь.

Падрыхтоўка да свята вялася на працягу ўсяго дня. Хлопцы з некалькіх весак збіралі для свяшчэннага вогнішча розную старызну. Дзяўчата разыходзіліся па лугах, палетках, лясных ускраінах і збіралі кветкі для абрадавых вянкоў. Вянкі пляліся розныя. Адны прызначаліся для таго, каб надзець на галаву або павязаць на пояс, з другімі – вялікімі – дзяўчаты вадзілі карагоды.


Свята пачыналася з распальвання вогнішча, у сярэдзіну якога ўстаўлялася шостка з драўляным абсмаленым колам і прывязаным да яго жытневым снопам.

Пасля распальвання агню дзяўчаты смажылі яечню і ладзілі сумесную вячэру. Затым пачыналіся бясконцыя гульні-ігрышча, летнія карагоды. Адным з момантаў купальскай ночы стаў пошук-спадзяванне папараць-кветкі, што зацвітае на імгненне, быццам сонечны промень-знічка, які, дзякуючы зноў-такі сваей незвычайнасці, надзяляе чалавека-шчасліўца здольнасцямі больш глыбокага пранікнення ў таямніцы прыроды.


Як толькі полымя агню спадзе, дзяўчаты надзявалі на галаву вянкі, браліся папарна з хлопцамі і пачыналі скакаць праз вогнішча. У гэты час усе наваколле поўнілася музыкай; гуллівымі спевамі, вяселымі жартамі. Моладзь балявала. Усе стасавалася, гарманізавала: найбольшы росквіт сонечнай актыўнасці дапаўняўся энергіяй няўрымслівай моладзі:

Ой, рана-рана на Яна

Сонца гуляла з Купала,

А лясы звінелі, як пелі,

А сяло дрыжала, музыка йграла…

***

Сягоння й Купала, заўтра Ян,

Да зайграй, сонейка, зайграй нам,

Каб зялены лугі шумелі,

Каб сырая зямля стагнала.

Каб сырая зямля стагнала

Да й ад дзявоцкага гуляння,

Да й ад дзявоцкага гуляння,

Да й ад жаноцкага спявання.

***

Ой, рана-рана ды на Яна

Да ўся зямля дрыжала з Купалы.

Да зямля дрыжала з Купалы,

Да лясы звінелі, мы пелі,

Ды лясы звінелі, як мы пелі,

Сяло разлягалась з музыкай.


Летняя ноч пралятала непрыкметна. Адшугала полымя святочнага агню, гаі і бары, перапоўненыя звонам гуллівай моладзі, паволі заціхалі. Усе ўдзельнікі свята ішлі сустракаць узыход сонца. У гэту раніцу яно выплывала з-за гарызонту як бы “іграючы”, танцуючы. Ад гэтай найпрыгажэйшай фінальнай сцэны свята і паходзіць назва – Купалле.

Заканчвалася свята ўсеагульным купаннем у рацэ і пусканнем вянкоў на ваду з мэтай паваражыць аб сваей будучыні. Па тым, як будзе паводзіць сябе вянок, прадказвалі: калі ен адразу на дно пойдзе – не быць замужам у гэтым годзе, калі ж паплыве далека і роўна – быць шчасліваму замужжу.


Незвычайная купальская ноч поўнілася не толькі шумлівымі гульнямі моладзі, харавымі спевамі, калектыўным частаваннем, папарнымі скокамі праз агонь. Быў у яе і другі бок, прасякнуты арэолам таямнічасці і цудадзейства.