Гуканне вясны


Благаславіце, старыя людзі,

Вясну-красну гукаці.


З народнай песні


Кожнай пары года адпавядалі пэўныя вытворча-магічныя абрады, звычаі, рытуалы, песні, прыкметы і павер’і. Вясной пачыналіся самыя адказныя сялянскія работы: ворыва, сяўба, выган скаціны ў поле. Ад таго, як хутка і своечасова будзе выканана гэта праца, залежаў будучы дабрабыт сям’і.

У прыродзе адна пара мінаецца, другая ўжо на падыходзе. Але пад нагамі па-ранейшаму ці то макрэча, ці то легкі ранішні шэраш. І паветра ўсе яшчэ сцюдзенае ды волкае. Здаецца, усе навокал дыхае адным пытаннем: калі ж, калі вясна ўзарве паднябессе песняй жаўрука, а зямля ажыве спевам раўчукоў і гулам крыгаходу на вялікіх рэках. А вясна не спяшаецца. Чамусці марудзіць, як бы шкадуе набіраючага моц сонца. Чакалі-чакалі нашы продкі гэтай веснавой прыроднай сімфоніі, ды ўрэшце пачыналі яе гукаць сваей спрадвечнай песняй-загуканнем . Звычайна ў поўдзень моладзь збіралася гуртам і ішла за ваколіцу, на ўзвышша спяваць. Высокае месца выбіралася таму, што яно першае вызвалялася з-пад снегу, падсыхала, адсюль было далека відаць, а песні-гуканні разносіліся аж да суседніх весак:

Хлопцы ў гэты час збіралі з усяе вескі розную старызну, зносілі іх у адно месца і распальвалі вогнішча. На першы погляд здавалася, што дзеянні мелі звычайны гульнева-забаўляльны характар. Аднак яны мелі глыбінны рытуальны характар. Моладзь – аснова жыцця, найбольш прадуцыруючая сіла прыроды – паліла надакучыўшую зіму, ачышчала зямлю ад усяго анямеўшага, нежывога, непатрэбнага ў заўтрашнім земляробчым клопаце. Вясна бачылася нашым продкамчасам новага ўваскрашэння, святам пачатку новага года, лета.

А нараджэнне новага магчыма было толькі праз адміранне старога. Вось таму і ачышчалі хлопцы зямлю, а дзяўчаты поўнілі яе песнямі-гуканнямі.


Сакральны рытуал замыкання зімы і адмыкання вясны можна было пачынаць толькі з дазволу старэйшых і найбольш паважаных людзей вескі або сям’і, таму і гучыць у песнях зварот да родапачынальнікаў:

Благаславіце, старыя людзі,

А й, вясну красну загукаць,

Загукаці жа.

Лютую зіму ж замыкаць,

Замыкаці.

Да вясну красну на вулачку,

На вулачку ж.

Лютую зіму ў каморачку.

Благаславіце, старыя дзяды,

Ой, вясну красну пагукаці,

Пагукаці,

Цеплага лета дажыдаці,

Дажыдаці.

Цеплае лета на вуліцы,

На вуліцы.

Халодна зіма ў каморачцы,

У каморачцы.

А зірну-гляну на вуліцу,

На вуліцу,

Ці ўсе вулачкі падмецены,

Падмецены,

Ці ўсе дзевачкі павенчаны,

Павенчаны.

Адна й вулачка не мецена,

Не мецена.

Адна дзевачка не венчана,

Не венчана.

Благаславі, маці,

Вясну гукаці,

Цеплага лета дажыдаці.

Цеплае лета ў каточку,

Халодная зіма ў палазочку.

Кожны радок песні заканчваўся працяглым рэфрэнам-гуканнем: “у-у-у!” (таму свята атрымала назву “гуканне вясны”). Заспяваная на пагорку песня далека неслася ў чыстым паветры. Бывала так, што спявачкі з дзвюх весак па чарзе выконвалі па адным радку і слухалі, як рэха дакоціцца да суседзяў і вярнецца назад. Перагукванне спявачак доўжылася да самага вечара.


Чалавек радаваўся абуджэнню прыроды, якое несла надзею на лепшае жыцце, але дасягнуць паляпшэння можна было толькі недасыпаннем, недаяданнем, крапатлівай працай. І ўсе ж разам з вясной адраджалася надзея, спадзяванне.