Свята лялькі 2019

У сапраўдным лялечным царстве апынуліся госці
“Свята беларускай лялькі” у аг.Індура

 

Як шмат мы ведаем пра лялек? Пра што яны думаюць? Што адчуваюць і бачаць? Адказы на гэтыя пытанні гледачы пазналі падчас тэатралізаванага адкрыцця свята. Свае гісторыі расказалі лялькі Тамара, Забавушка і Беларусачка, якіх ажывіў чараўнік.

З ліпеня падарожнічае па Гродзенскім раёне ручнік малой радзімы, які на працягу паўгода стваралі майстры з 15 аграгарадкоў. Убачылі яго і жыхары Індуры. Гэтак жа яны даведаліся пра значэнне беларускіх арнаментаў. Дарэчы, адзін з іх – знак агню – намаляваны на прыступках, што вядуць да цэнтра культуры.

 

У гэты дзень і без таго не маленькая лялечная сям'я стала яшчэ больш. Пасяліліся ў музеі знак аграгарадка Індура – Інда, злучаныя гаплікам Васілінка і Васіль, гліняная Снягурка, дзьмухавец з незвычайным імем Малышка Зу, графіня Марта Красінская, анёлы, заяц-Тыльда, Снежная каралева, апякунка газеты «Перспектыва» жытамлянская Матрона і іншыя незвычайныя персанажы. Калекцыю жыхаркі Рыбніцы Лёлі Падалянскай з больш чым сотні барышняў у касцюмах розных эпох і народаў перадалі ў дарунак яе сыны Міхал і Аляксандр Падалянскія. Палюбавацца вытанчанымі парцалянавымі красунямі можна было ў фае цэнтра культуры. Упрыгожылі яго і чатыры дзясяткі вялікіх і маленькіх карцін выхаванцы дзіцячых школ мастацтваў і кружкоў народнай творчасці, на якіх яны намалявалі свае любыя цацкі. Даведацца ж, у што гулялі жыхары раёна 1960-х – пачатку 2000-х, дазволілі экспазіцыі музея і фотаальбом “Лялька ў маiм жыццi”. У ім адмыслова пакінулі чыстыя старонкі для тых, хто захоча падзяліцца сваёй часцінкай дзяцінства з будучымі наведнікамі «лялечнай хаты».

 

Дзяцей на вар'яцкае чаяванне запрашалі Капялюшнік і Сакавіцкі Заяц – героі казкі Люіса Кэролла «Приключения Алисы в Стране чудес», у якіх пераўвасобіліся працаўнікі бібліятэкі № 3 г.Гродна. Майстар Ірына Рынкевіч паказвала, як зрабіць ляльку на лыжцы і Тарахкольце – зачур-бразготку, якая адпуджвае нячыстую сілу і засцерагае сон. У захапленне хлапчукоў і дзяўчынак прывялі роставыя лялькі з Дзятлава.

Пасля цэлага дня ў краіне лялек, апошняй, каго дзеці бачылі, спяшаючыся дахаты, была Прывiтальнiца. Узвышаючыся каля ўваходу ў цэнтр культуры, яна нібы казала сваім юным сябрам: “Да спаткання! Да новых сустрэч!”

па матэрыялах газеты “Перспектыва”