Свята лялькі 2015

Індура - сталіца традыцыйных лялек

 

21 лістапада 2015 года ў аграгарадку Індура ў другі раз прайшло Свята беларускай лялькі. Гледачоў чакала разнастайная праграма. Адкрывала свята тэатралізаванае прадстаўленне “Лялька ў карагодзе жыцця”. Бабка Фальклорыха з ўнучкай павіталі гасцей, а потым расказала гісторыя свайго жыцця, ў якім вельмі важнае месца займала лялька. Гледачы пабачылі першае купанне дзіцяці, сустраканне вясны, святкаванне Вялікдня, дзявочыя варожбы на Купалле, Зборную суботу перад вяселлем і шмат іншага. Галоўнай гераіняй спектякля была дзяўчынка Ганначка, якая ў першай сцэне плакала ў калысцы, а ў апошняй ужо калыхала сваю дачку ў той жа калысцы. Вось так жыццё ідзе па коле: маці навучыла Ганначку вырабляць лялькі, а Ганначка навучыла гэтаму і сваю дачку. І менавіта так на Беларусі традыцыя вырабу хатняй лялькі пераходзіць з пакалення ў пакаленне ўжо не адзін дзесятак год.

 

Пасля тэатралізаванага прадстаўлення гледачы былі запрошаны на прагляд выстаў і ўдзельніцтва ў майстар-класах. Сваю выставу “Чароўныя лялькі” прапанавала Ірына Рынкевіч, майстар аддзелу этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра, якая працуе ў філіяле Індурскі цэнтр культуры. Экспазіцыя ўключала не толькі абярэгавыя традыцыйныя беларускія лялькі, але і розных ахоўнікай і вартаўнікоў дому, казачных істот. Таксама сваю выставу прапанавалі і іншыя метадысты аддзелу. На майстар-класе госці выраблялі лялек-зернавушак. У рамках Дня адчыненых дзвярэй Індурскі цэнтр культуры прапанаваў для прагляду выставу стэндаў усіх творчых калектываў, якія дзейнічаюць ва ўстанове. Таксама госці паўдзельнічалі ў бязпройгрышнай латарэі і атрымалі розныя лялькі.

 

Працяглава свята гульнёвая праграма “Гульні з бабулінага куфэрка”. Дзеці пазнаёміліся і пагулялі ў такія традыцыйныя беларускія гульні як “Ручаёк”, “Гусар”, “Ліса ганяць”, “Кашэнне травы”, “Плётачка”, “Шапкі”, “Казна”, “Кароль”, “Шчука”, “Шыла”, “У бабку” і інш.

Пасля гульнёвай праграмы гасцей свята чакаў святочны канцэрт “Прыгоды ў Індурскім клубе”, які праводзіўся ў рамках Дня адчыненых дзвярэй. Дух цэнтра культуры расказваў і паказваў вартаўнічай творчыя дасягненні ўстановы.

Спадзяемся, госці былі задаволены святам і яшчэ неаднойчы прыедуць у Індуру, каб “пагуляць” з лялькамі.