Свята лялькі 2019 (адкрыццё музея)

Музей “Лялька ў карагодзе жыцця” адкрыўся ў Індуры падчас
“Свята беларускай лялькі”

 

Натхняльнікамі стварэння і адкрыцця экспазіцыі сталі арганізатары гэтага брэндавага мерапрыемства, якое вось ужо пяты год праходзіць у Індурскім цэнтры культуры. Дзякуючы ім невялікая выстава перарасла ў паўнавартасны музей, які налічвае больш за 300 асобнікаў. Тут сабраны лялькі рознага прызначэння, тэхнікі выканання і часу стварэння, што дазваляе прасачыць “эвалюцыю” гэтай цацкі. Унікальнасць музея яшчэ і ў тым, што ў яго стварэнні змаглі паўдзельнічаць усе жадаючыя.

 

Экскурсія, якую правялі падчас свята, даслоўна заваражыла і дзяцей, і дарослых. Спачатку лялька служыла пасрэднікам паміж светамі і была безаблічнай. Лічылася, што яна будзе бараніць ад злых сіл. Таму асабліва сімвалічна, што такая лялька сустракае гасцей музея: яна быццам жадае ім свет і шчасце. Крыху далей – традыцыйная беларуская лялька. У залежнасці ад таго, якім рамяством займаліся ў той ці іншай мясцовасці, абіралі матэрыял: у ход ішла салома, абрэзкі тканіны, кавалкі дрэва. З часам лялька стала любай дзіцячай цацкай і рабілася ўсё больш падобнай на чалавека. У музеі можна ўбачыць лялек ва ўборах XIХ стагоддзя, сярод якіх разносчык газет, хлопчык з сабакам і нават булачнік. Не абдзялілі ўвагай лялек савецкіх часоў. Ну і, вядома, у музеі ёсць самая папулярная лялька канца ХХ стагоддзя – лялька Барбі. Па-свойму цікавыя калекцыйныя лялькі.

 

Ажывіць гісторыю лялек дазволіла тэатралізаванае прадстаўленне “Лялькі нашых бабуль”, якое працягнула свята. Пасля для гасцей свята з праграмай “А “Лялечкі” танцуюць!” выступіў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Лялечкі” Абухоўскага цэнтра культуры, а ансамбль народнай песні “Забава” Індурскага цэнтра культуры падарыў канцэрт “Спявай, душа!”. Таксама ўсе жадаючыя змаглі паўдзельнічаць у майстар-класах па стварэнні лялек, паспрабаваць свае сілы ў віктарынах і конкурсах, зрабіць фота з раставымі лялькамі. Свята выйшла па-дзіцячаму добрым і казачным.

па матэрыялах газеты “Перспектыва” і
інфармацыйнага рэсурса “BELTA”