Устанаўленне савецкай улады

11 чэрвеня 1918 г. ВЦВК прызваў ствараць на месцах камітэты вясковай беднаты. Аб гэтым ішла гаворка і на першай павятовай канферэнцыі бальшавікоў 15 жніўня 1918 г. Негледзячы на супраціўленне часткі сялянства, камбеды ствараліся ў розных валасцях Чэрыкаўскага павета. Таксама і ў вёсках, якія зараз належаць Рэчыцкаму сельскаму Савету. Усяго камбеды аб'ядноўвалі 20 гаспадарак. Існавалі яны да 1930 гадоў, потым былі пераўтвораны ў калгасы.

У лiстападзе 1918 г. у вёсках Рэчыца і Вусце ў былых маёнтках арганiзаваны камуны. Створаны: працоўная школа 1-й ступені, у в. Гойкаў – арцель “Серп і молат”.

У 1920-х гадах заснаваны пасёлкі: Перамога, Сцепанаў, Таржоў.

У 1923 у маёнтку Халоблін было створана таварыствава па сумеснай апрацоўцы зямлi.

17 ліпеня 1924 г. другая сесія ЦВК БССР прыняла пастанову “Аб адміністрацыйна-гаспадарчым дзяленні БССР”, згодна з якой быў утвораны Чэрыкаўскі раён у складзе Калінінскай акругі. 20 жніўня 1924 года раён быў падзелены на сельскія Саветы. Такім чынам быў утвораны Рэчыцкі сельскі Савет, у яго склад уваходзіла каля 16 вёсак.