Аграгарадок Рэчыца

Цэнтр сельскага Савета знаходзіцца за 14 км на паўночны ўсход ад Чэрыкава, 99 км ад Магілёва, 17 км ад чыгуначнай станцыі Крычаў на лініі Ворша-Клімавічы. На поўначы цячэ р. Волчас (прыток Сож). Транспартныя сувязі па шашы Чэрыкаў – Крычаў, якая праходзіць праз вёску. Колькасць жыхароў – 360 (па стану на 01.01.2021).

Паводле пiсьмовых крынiц вядома з 18 стагоддзя. У 1777 г. вёска ў Чэрыкаўскай акрузе Магiлеўскай губ. У 1861 н. вёска Рэчыца ў Чэрыкаўскiм павеце, 18 двароў, 121 жыхар, уласнасць памешчыка. У 1847 г. 17 двароў, 111 жыхароў, карчма, побач быў фальварак (12 жыхароў). Пасля пракладкi ў 1851 г. Маскоўска-Варшаўскай шашы тут размяшчалася паштовая станцыя, якая мела 11 коней. У 1880 г. памешчык меў тут 89 дзес. зямлi. У 1897 г. вёскi Малыя Рэчыцы (10 двароў, 69 жыхароў), Дальняя Рэчыца (3 двары, 17 жыхароў) i Вялiкiя Рэчыцы (Дальнiя Рэчыцы, 36 двароў, 247 жыхароў) у Камаровiцкай вол. Чэрыкаўскага павета. Непадалёку была паштовая станцыя (з двары, 16 жыхароў). У 1905 г. адкрыта казённая вiнная лаўка, у 1911 г. – паштовае аддзяленне.

У лiстападзе 1918 г. створана камуна, у 1924 г. адкрыта 4-гадовая школа, у якой у 1925 г. было 50 вучняў. З 20.08.1924 г. цэнтр сельсавета ў Чэрыкаўскiм р-не Калiнiнскай акругі, з 09.06. 1927 г. да 26.07. 1929 г. Магiлёўскай акругі. У 1929 г. вяскоўцы арганiзавалi калгас. З 20.02. 1938 г. Магiлёўскай вобл. У 1940 г. 81 двор, 250 чал. У Вялікую Айчынную вайну у лiпенi 1941 г. акупiравана нямецка-фашысцкiмi захопнiкамi, якiя спалiлi 71 двор. У брацкай магiле, што ў цэнтры вёскi, пахаваны 26 савецкiх воiнаў i партызан, якiя загiнулi пры вызваленнi раёна. Вызвалена 29.9. 1943 г. воiнамi 238-й стралковай дывiзii 50-й армii. На фронце змагалася 140 вяскоўцаў, з iх 25 загiнулi, у цэнтры вёскi у 1079 г. устаноўлена стэла. 1945 г. радыёфiкавана, у 1956 г. электрфiкавана. З 16.09.1959 г. у Крычаўскiм, з 25.12. 1962 г. у Краснапольскiм, з 06.01. 1965 г. зноў у Крычаўскiм, з 30.07. 1966 г. у Чэрыкаўскiм р-нах.

У 1989 г. у вёсцы 170 гаспадарак, 484 жыхары, размешчаны 2 фермы буйной рагатай жывёлы, машынны двор, пiларама, млын, устаноўка па перапрацоўцы кармоў, 2 магазiны, камбiнат бытавога абслугоўвання насельнiцтва, фельчарска-акушэрскi пункт, аўтаматычная тэлеграфiчная станцыя, аддзел сувязi, ветэрынарыя лячэбнiца, сярэдняя школа (22 настаўнiкi), дзiцячы сад-яслi, бібліятэка, грамадская лазня, аддзел ашчаднага банка.

З 2007 г. аграгарадок, дзейнiчалi малочна-таварная ферма “Рэчыца” ААТ “Чэрыкаўагратэхзаб”, зернесушыльны комплекс, сярэдняя школа, дзiцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскi пункт, фiлiял цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельцiцтва, аддзел сувязi, 2 магазiны, кафэ, кацельня. Генеральны план забудовы распрацаваны ў 1980 г. Магiлёўскiм фiлiялам iнстытута “Белкалгаспраект”. Да галоўнай вулiцы (адрэзак шашы), арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, далучаецца на поўдзень працяглая дугападобная вулiца, якая праходзiць уздоўж ракi. Забудавана дамамi сядзiбнага тыпу. У цэнтры i на паўднёвым захадзе гаспадарчы сектар.