Першая палова 1920-х гг. - вельмі плённы час у жыцці Якуба Коласа, яго службовай і літаратурнай дзейнасці. У 1921 г. па выкліку ўрада Савецкай Беларусі Якуб Колас вярнуўся ў Мінск. Быў супрацоўнікам Навукова-тэрміналагічнай камісіі Народнага камісарыята асветы, літаратурнай камісіі па збіранні вуснай народнай творчасці Інстытута беларускай культуры, выкладаў у Беларускім педагагічным тэхнікуме, чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на настаўніцкіх педагагічных курсах у Слуцку, працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
У 1921 г. у Коўне выйшаў зборнік апавяданняў "Казкі жыцця" (большасць "Казак жыцця" створаны да 1917 г., але працу над цыклам аўтар працягваў і надалей). У гэтых творах у алегарычнай форме выкладзены погляды на гісторыю і жыццёвую філасофію беларусаў як нацыі, іх месца сярод народаў-суседзяў, закрануты важныя сацыяльна-палітычныя і маральна-этычныя праблемы, паказана імкненне чалавека да пазнання таямніц прыроды і быцця.
У першай палове 1920-х гг. Якуб Колас завяршае вялікія творы, задуманыя яшчэ за дзесяць гадоў да таго, у якіх намаляваў шырокую карціну жыцця беларусаў у канцы XIX - пачатку XX ст., выклаў сваё бачанне шляхоў развіцця нацыі.
У 1923 г. у Мінску выйшла асобным выданнем паэма "Новая зямля". Гэты твор з'яўляецца мастацкай энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства на рубяжы стагоддзяў. У паэме Колас па-філасофску асэнсоўвае цэлую эпоху ў жыцці беларускага народа. Аўтар апаэтызаваў духоўнае багацце і маральную веліч працоўнага чалавека, яго адвечную мару быць гаспадаром на ўласнай зямлі. У творы яскрава апісаны быт народа, выведзены тыповыя беларускія характары. Цудоўныя замалёўкі беларускай прыроды характарызуюць Якуба Коласа як выдатнага майстра пейзажу.
У 1925 г. у часопісе "Полымя" апублікавана трэцяя рэдакцыя паэмы "Сымон-музыка". У гэтым творы асвятляецца роля мастака і мастацтва ў жыцці народа, тут найбольш поўна выявіліся эстэтычныя погляды Якуба Коласа. Гэта твор аб народных вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драматычныя матывы ў ім пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Аўтар стварае вобраз маладога беларуса - свядомага творцы свайго лёсу, які імкнецца да духоўнага адраджэння роднага краю. Паэт асвятляе своеасаблівасць нацыянальнага шляху беларусаў, выказвае надзею на актывізацыю духоўна-творчых сіл народа.
У гэты перыяд пашыраецца тэматыка твораў Якуба Коласа. Ён прыходзіць да апісання жыццёвых шляхоў беларускай інтэлігенцыі пачатку XX ст., яе духоўных пошукаў. Пісьменнік стварае так званыя палескія аповесці: два вялікія празаічныя творы "У палескай глушы" (выдана ў Вільні ў 1923 г.) і "У глыбі Палесся" (выдана ў Мінску ў 1927 г.). Яны пазней увайшлі як 1-я і 2-я часткі ў трылогію "На ростанях" - найбольшы празаічны твор Якуба Коласа. У 1925 г. была апублікавана п'еса "Забастоўшчыкі", пра тое, як беларускае настаўніцтва ўключалася ў палітычную барацьбу. У аснове сюжэту - першы нелегальны з'езд настаўнікаў у Мікалаеўшчыне. Гэты твор не атрымаў сцэнічнага ўвасаблення. Акрамя таго, у 1925 г. напісана аповесць "На прасторах жыцця" (выдадзена ў 1926 г.), прысвечаная моладзі 1920-х гг., праблемам яе духоўнага станаўлення, адукацыі, культуры, імкненню да пераўтварэння жыцця.