На першае дзесяцігоддзе XX ст. прыпадае пачатак працоўнай дзейнасці і першыя праявы грамадскай актыўнасці К. Міцкевіча, жанравы дыяпазон яго літаратурных твораў пашыраецца, яны робяцца больш дасканалымі, тады ж з'яўляюцца і першыя публікацыі.
Пасля заканчэння семінарыі ў 1902-1905 гг. малады настаўнік працаваў на Палессі ў вёсках Люсіна (цяпер Ганцавіцкі раён), Пінкавічы (цяпер Пінскі раён). Рабіў этнаграфічныя запісы, збіраў беларускі фальклор. У гэты ж час ён пазнаёміўся з нелегальнай рэвалюцыйнай літаратурай, праводзіў растлумачальныя гутаркі з сялянамі. Якуб Колас пазней пісаў: "У 1905 годзе я хоць і не мог яшчэ добра арыентавацца ў партыях, але быў ужо заўзятым ворагам самадзяржаўя і ў гэтым кірунку вёў работу". Так, у лістападзе 1905 г. ён склаў петыцыю жыхароў Пінкавіч да памешчыка з патрабаваннем забяспечыць права сялян на карыстанне азёрамі і ўчасткам зямлі для пашы. Мінскі губернатар прадпісаў паліцыі праверыць звесткі аб "узбуджэнні настаўнікам с. Пінкавічы Міцкевічам сялян...". У студзені 1906 г. у парадку пакарання за грамадскую дзейнасць К. Міцкевіча перавялі ў Верхменскае народнае вучылішча (цяпер Смалявіцкі раён). 9-10 ліпеня 1906 г. ён прыняў актыўны ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе, які адбыўся ў вёсцы Мікалаеўшчына. На гэтым сходзе было пастаўлена пытанне аб неабходнасці рэарганізацыі народнай асветы на аснове дэмакратыі і дэцэнтралізацыі. З'езд разагнала паліцыя, К. Міцкевіч у ліку іншых быў пазбаўлены права працаваць настаўнікам.
1 верасня 1906 г. у віленскай беларускамоўнай газеце "Наша доля" з'явіўся верш - "Наш родны край", у якім аўтар называў родную зямлю "беднай старонкай", "забытым Богам краем". Гэта першы надрукаваны твор паэта. Тут упершыню быў выкарыстаны псеўданім Якуб Колас.
Зіму 1906-1907 гг. Колас жыў у родных у леснічоўцы Смольня, дзе без афіцыйнага дазволу адкрыў прыватную школу. Пачаў складаць навучальны дапаможнік "Другое чытанне для дзяцей беларусаў". У 1907 г. прыехаў у Вільню, некалькі тыдняў працаваў загадчыкам літаратурнага аддзела ў "Нашай ніве", але паводле загаду паліцыі быў вымушаны пакінуць горад. У пачатку 1908 г. некаторы час выкладаў у прыватнай школе ў вёсцы Сані (цяпер Талачынскі раён).
15 верасня 1908 года Віленская судовая палата прыгаварыла Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча да трох гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Мінскім астрозе з 1908 па 1911 год. За турэмнымі кратамі ўдавалася пісаць вершы і перапраўляць на волю. У 1910-я гг. ён у сваёй творчасці звяртаецца да буйных літаратурных форм з філасофскім асэнсаваннем рэчаіснасці - пачынае працу над ліра-эпічнымі паэмамі "Новая зямля" і "Сымон-музыка".
Напісаныя ў гэты перыяд вершы і апавяданні друкаваліся ў газеце "Наша ніва".
У 1909 г. у Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве "Загляне сонца і ў наша аконца" выйшла першая яго кніга "Другое чытанне для дзяцей беларусаў", змест якой складалі вершаваныя і празаічныя творы пра з'явы прыроды, байкі і казкі пра жывёл, вершы і апавяданні на маральна-этычныя тэмы, а таксама прысвечаныя нялёгкай долі селяніна.
У 1910 г. у Вільні надрукаваны першы зборнік вершаў "Песні жальбы" (напісаны ў 1906-1909 гг.)
Веска Люсіна
Веска Пінкавічы
Смольня