Падчас Першай сусветнай вайны у 1915 г. у сувязі з набліжэннем фронту Якуб Колас разам з сям'ёй эвакуіраваўся ў Маскоўскую губерню, дзе быў мабілізаваны на вайсковую службу. Пасля заканчэння Аляксандраўскага ваеннага вучылішча (Масква, 1916 г.) служыў у запасным палку ў г. Пермі.
Летам 1917 г. у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт, але ў хуткім часе ў сувязі з хваробай атрымаў адпачынак і паехаў да сям'і ў горад Абаянь (цяпер Курская вобласць Расіі). Як настаўнік быў вызвалены ад вайсковай службы і працаваў выкладчыкам, школьным інструктарам у г. Абаяні і яго наваколлі.
У вершах гэтага перыяду гучаць антываенныя матывы, трывога паэта за лёс Беларусі ў новых гістарычных акалічнасцях, якія склаліся ў выніку вайны і Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г., і адначасова заклік да стваральнай працы на карысць роднага краю (зборнік вершаў "Водгулле", выдадзены ў Мінску ў 1922 г.).
Таксама Якуб Колас працягваў працу над тэкстамі паэм "Новая зямля" і "Сымон-музыка", спрабаваў свае сілы і ў галіне драматургіі. Адзін з твораў гэтага жанру - п'еса "Антось Лата" (1917 г., упершыню пастаўлена ў 1918 г. у Мінску), дзе аўтар паказаў трагічны лёс селяніна, які меў калісьці сваю гаспадарку, але, страціўшы зямлю і ўсякія сродкі існавання, ператварыўся ў чалавека "дна". Пераломны гістарычны перыяд - ад Лютаўскай рэвалюцыі да Кастрычніцкай 1917 г., роздум Якуба Коласа над далейшым лёсам Беларусі адлюстраваны ў п'есе "На дарозе жыцця" (1917 г., пастаўлена ў Мінску ў 1921 г.).