Пасля выхаду з турмы з верасня 1911 г. па 1914 г. Якуб Колас займаўся настаўніцкай працай: некалькі месяцаў без афіцыйнага дазволу навучаў дзяцей чыгуначнікаў у мястэчку Лунінец, у 1912-1914 гг. пасля атрымання пасведчання аб дабранадзейнасці працаваў настаўнікам спачатку ў вёсцы Купяцічы недалёка ад Пінска, потым у Пінскім 3-ім прыходскім вучылішчы.
Гэты час вельмі адметны для асабістага жыцця Якуба Коласа. У жніўні 1912 г. на хутары Смольня, каля вёскі Мікалаеўшчына, адбылася яго першая сустрэча з Янкам Купалам, якая паклала пачатак іх сяброўству. У чэрвені 1913 г. Канстанцін Міцкевіч узяў шлюб з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, з якой яны пражылі разам больш за 30 гадоў, мелі трох сыноў: Данілу, Юрку і Міхася.
У той час у газеце "Наша ніва" рэгулярна друкаваліся вершы Якуба Коласа, прысвечаныя пераважна розным аспектам жыцця беларускай вёскі. У 1912 г. у Вільні выходзіць яго зборнік "Апавяданні", у 1913 г. у Санкт-Пецярбургу асобнымі выданнямі апавяданні "Нёманаў дар", "Тоўстае палена", зборнік вершаваных апавяданняў "Прапаў чалавек". Галоўная тэма гэтых твораў - жыццё беларускага сялянства, адпаведна галоўны герой - жыхар вёскі з яго клопатамі, звычаямі, норавамі, у іх аўтар ад апісання сялянскага побыту пераходзіў да стварэння разнастайных і глыбокіх вобразаў сялян.
У Вільні ў 1914 г. Беларускім Выдавецкім Таварыствам выдадзены зборнік апавяданняў шырокага тэматычнага дыяпазону "Родныя з'явы". Празаічныя творы Якуба Коласа таго перыяду па сваёй тэматыцы, ідэйнай накіраванасці, вобразнай структуры збліжаліся з яго паэзіяй.
У 1916 г. у Петраградзе ў выдавецтве "Загляне сонца і ў наша аконца" надрукаваны і драматургічны твор пісьменніка - невялікая п'еса "Чарка ўсё на свеце робіць", якая мела падзагаловак "Трагедыя з нядаўніх год (з вясковага жыцця)."
Дом, дзе ў Пінску жыў Якуб Колас