Другая палова 1920-х - 1930-я гг. гэта час актыўнай грамадскай дзейнасці Якуба Коласа, прызнання яго заслуг і пры гэтым вельмі складаны перыяд жыцця, падзеі якога адбіліся на псіхалагічным стане, негатыўна паўплывалі на ўсю далейшую творчасць пісьменніка. 18 кастрычніка 1926 г. Якубу Коласу нададзена званне народнага паэта Беларусі, яму прызначана пажыццёвая пенсія. З 1928 г. ён акадэмік Акадэміі навук Беларусі, з 1929 г. член Прэзідыума і віцэ-прэзідэнт Акадэміі. Быў кандыдатам у члены Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў 1927-1929 гг., членам ЦВК у 1929-1931, 1935-1938 гг. Якуб Колас удзельнічаў у рабоце 1-га Усебеларускага з'езда савецкіх пісьменнікаў і 1-га Усесаюзнага з'езда савецкіх пісьменнікаў у Маскве (1934 г.), дзе быў абраны ў кіруючыя органы творчых саюзаў літаратараў. У 1935 г. ён выступаў з прамовай на Сусветным кангрэсе абароны культуры ў Парыжы.
Пры гэтым яшчэ з сярэдзіны 1920-х гг. Якуб Колас трапіў у поле зроку савецкіх рэпрэсіўных органаў. У 1925 г. у яго быў праведзены вобыск, а затым і допыт у сувязі з так званай "лістападаўскай справай", якая датычылася "контррэвалюцыйнай арганізацыі" на Случчыне. У 1930-я гг. ціск на Якуба Коласа яшчэ больш узмацніўся. Яго адкрыта абвінавачвалі ў так званай нацдэмаўшчыне, у прапагандзе ідэй бяскласавасці беларускай нацыі, знаходзілі ў творах ідэалізацыю кулацтва, хутарской гаспадаркі, перабольшванне ролі інтэлігенцыі. У 1930 г. Якуб Колас быў змушаны публічна каяцца ў палітычных "памылках". Былі арыштаваны і рэпрэсіраваны блізкія сваякі паэта - дзядзька па матчынай лініі грамадскі і палітычны дзеяч, мовазнавец Язэп Лёсік, родны брат жонкі Коласа Аляксандр Каменскі. 6 лютага 1938 г. у доме пісьменніка шукалі зброю, яго прымусілі ўзняць рукі і стаць тварам да сцяны. Якубу Коласу пагражаў арышт, аднак санкцыя на яго ад вышэйшага савецкага кіраўніцтва не была дадзена. Магчыма, з-за шырокай вядомасці і народнага прызнання песняра.
Як адзначаюць біёграфы Якуба Коласа літаратуразнаўцы М. Мацюх і М. Мушынскі, пачынаючы з канца 1920-х - пачатку 1930-х гг. пісьменнік трапіў у бязвыхаднае становішча, цалкам залежнае ад ідэалагічных установак камуністычнай партыі і грамадска-дзяржаўных структур таталітарнай сістэмы. Жахі прымусовай калектывізацыі, разбурэнне традыцыйнага ўкладу вёскі, татальны кантроль над усімі сродкамі грамадска-палітычнага, духоўнага жыцця, фактычная забарона свабоды слова і волевыяўлення, масавыя рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі - усё гэта негатыўна паўплывала на Коласа як творцу. Ён аказаўся сапраўдным заложнікам антыгуманнай сістэмы, міжвольным прапагандыстам сацыялістычнага рэалізму, які быў зводам палітычных патрабаванняў, але выдаваўся за эстэтычную катэгорыю.
У 1926 г. Якуб Колас пачаў пісаць паэму "На шляхах волі" аб цяжкіх умовах існавання падчас Першай сусветнай вайны, іх уплыве на фарміраванне пратэстных настрояў народных мас і станоўчага стаўлення да бальшавікоў у перыяд рэвалюцый 1917 г. Над гэтым творам паэт шмат разважаў, працаваў і ў 1930-я і ў 1950-я гг., але так і не завяршыў. У творчасці Коласа 1930-х гг. прысутнічае і тэма калектывізацыі. Галоўны герой яго даволі схематызаванай аповесці "Адшчапенец" (1930-1931 гг., выдадзена ў 1932 г.) пасля доўгіх ваганняў прыходзіць да высновы аб перавагах калектыўнай гаспадаркі перад аднаасобнай. Акрамя таго, у гэты перыяд Якуб Колас звярнуўся да драматычных падзей Першай сусветнай вайны галоўным чынам праз паказ "салдацкай праўды" - у п'есе "Вайна вайне" (1927-1931 гг., апошняя рэдакцыя 1938 г.) і грамадзянскай вайны - у аповесці "Дрыгва" (1933 г.) і створанай на яе аснове п'есе "У пушчах Палесся" (1937 г.). У 1940 г. пачаў пісаць паэму "Рыбакова хата" пра жыццё працоўных Заходняй Беларусі ў складзе Польскай дзяржавы, іх барацьбу за свае правы. У гэты перыяд Колас плённа працаваў у галіне перакладу з рускай, украінскай, польскай моў ("Палтава" А. Пушкіна, некаторыя творы М. Лермантава, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнкі, П. Тычыны, Р. Тагора і інш.).