Маці Якуба Коласа – Ганна Юр’еўна Лёсік – нарадзілася 21 верасня 1857 года ў сям’і прыгонных сялян з вёскі Мікалаеўшчына Юркі і Хрысціны Лёсікаў. Яна была старэйшай у сям’і, дапамагала бацькам даглядаць малодшых братоў і сясцёр, умела выконваць усю дамашнюю работу.
У аўтабіяграфіі Якуб Колас пісаў: “Маці мая, Ганна Юр’еўна, з Лёсікаў, зусім няграматная, але разумная ад прыроды і добрая жанчына”.
Бацька паэта – Міхаіл Казіміравіч Міцкевіч – быў таксама родам з вёскі Мікалаеўшчына, а яго бацькі – Казімір і Ганна Міцкевічы – былі прыгоннымі сялянамі. Дакладная дата яго нараджэння не ўстаноўлена. Паводле розных крыніц, ён нарадзіўся ў 1855 годзе (найбольш верагодная версія) ці ў 1850 годзе.
“Бацька мой, Міхаіл Казіміравіч, вельмі дужы, шырокі ў плячах… Валасы чорныя, кучаравыя. Няўпынная рупнасць і клопат жылі ў яго істоце”, - так успамінаў бацьку Якуб Колас.
У 1878 годзе Міхал і Ганна ўступілі ў шлюб. У іх нарадзілася 13 дзяцей, але чацвёра памерлі маленькімі. У сям’і гадаваліся 9 дзяцей: Уладзя, Алесь, Кастусь (будучы Якуб Колас), Міхаліна, Юзэфа, Алена, Юзік, Міхась і Марыя.
Уласнай зямлі ў сям’і было вельмі мала, таму бацька вымушаны быў хадзіць на сезонныя работы.
Міхал, як толькі ажаніўся,
Тады ж ад бацькі аддзяліўся,
Бо стала цесна. З той прычыны
Хадзіў на сплаў ён, на віціны,
Разоў са два схадзіў у Прусы,
Куды не трапяць беларусы?
…А дома з дзецьмі была маці.
Яе жаночая работа
І гэта вечная турбота
То каля печы, то на полі, сказаць, не зводзіцца ніколі.
Адно прыпыніш – там другое,
Глядзіш, як бачыш, набяжыць,
І ручак некалі злажыць –
Жыццё жаночае такое!
Ужо ў сталым узросце Я.Колас успамінаў: “Мяне заўсёды вабілі і крыху палохалі матчыны вочы. Добра яны глядзелі на нас, малых, але нібы наскрозь… зірнеш ёй у вочы і зразумееш: маці ўсё ведае і так, а дапытваецца, бо хоча, каб сказаў праўду… і другое, што ўражала больш за ўсё: матчын голас. Нават калі яна сварылася на нас і пачынала ўшчуваць, голас не траціў мяккасці і дабраты. Я вельмі любіў, як яна спявала…“
Сям’я расла, і перад Міхалам паўстала пытанне: дзе ўладкавацца на сталую працу? У хуткім часе ён змог атрымаць пасаду каморнага стражніка ў Акінчыцах. Тут сям’я жыла з 1 красавіка 1881 г. да 1 красавіка 1883 г. Тут жа, у Акінчыцах, нарадзіўся трэці сын Міцкевічаў – Кастусь – будучы пісьменнік Якуб Колас.
З 1 красавіка 1883 г. па 1 красавіка 1885г. Міхал служыў у Мікалаеўскай лясной каморы, з 1 красавіка 1885 г. па 1 лістапада – стражнікам Сверынаўскага абходу, а затым пяць гадоў – у Ластку.
У красавіку 1890 г. Міхал быў пераведзены з Ластка ў Альбуць, якая стала апошнім месцам яго службы. Тут 8 лютага 1902г. Міхал памёр.
Пасля смерці мужа Ганна Юр’еўна з сям’ёй перабралася з Альбуці ў Цёмныя Ляды, куды прызначылі палясоўшчыкам старэйшага сына Уладзю, потым – у Мікалаеўшчыну, дзе Ганна і Антось (брат бацькі) купілі колішнюю карчму. Карчма неўзабаве згарэла, сям’і зноў давялося перабірацца. Апошнім прытулкам Ганны Юр’еўны стаў хутар Смольня, дзе яна памерла ў 1929 годзе.
Пахаваны бацькі Якуба Коласа на могілках Церабяжы (паміж Мікалаеўшчынай і Смольняй).