У будынку пачатку ХІХ ст., дзе месціцца БГКНМ, і сёння знаходзяцца самыя першыя экспазіцыі — пакоі сялянскай хаты канца ХІХ-першай паловы ХХ стст. Пераважная колькасць экспанатаў для хаты збіралася ў канцы 80-х гг ХХ ст. педагогамі школы, жыхарамі Бердаўкі і навакольных вёсак.
Першы пакой хаты — святліца
Тут лёгка адчуеш сябе госцем за святочным сталом ці музыкам у самадзейным гурце. І абавязкова палюбуешся справай рук нашых бабуляў і прабабуляў
У КОЖНАГА ЭТНАГРАФІЧНАГА ПРАДМЕТА — СВАЯ ЎНІКАЛЬНАЯ ГІСТОРЫЯ
Вось амаль стогадовы даматканы ручнік з арламі. Гэта адзін з нашых дзевяці найбольш каштоўных экспанатаў, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь
Драўляныя кросны перабраліся ў музейную экспазіцыю з сям'і Кучынскіх з вёскі Бакуны. Цікава, ці здагадаецеся вы, што гэта за ткацкая прылада, якая служыць для перавівання ўтка̀ ў кроснах? Па адной з версій, яна дала назву нашай вёсцы. Падказка хаваецца ў рэбусе
Гэты ложачак-качалку ў 1957 годзе вырабіў з дрэва вясковы майстар — гаспадар той жа сям'і Кучынскіх. Тады ў іх нарадзіўся старэйшы з трох сыноў. А перш чым стаць музейным прадметам, калыска выгадавала яшчэ некалькі мясцовых немаўлят розных пакаленняў!
А ці ведаеце вы, што ў сялянскай хаце было папярэднікам гэтага ложка сто год таму? Дарэчы, у нашай мясцовасці існавала некалькі назваў дадзенага прадмета. Здагадаліся якія? Рэбусы вам у дапамогу!
Ужо ўзнікла жаданне пазнаёміцца з экспазіцыяй святліцы поўнасцю? Тады чакаем вас у нашым музеі!