Гісторыя продкаў заўсёды цікавая для таго,
хто годны мець Айчыну. М.М.Карамзін
Гісторыя продкаў заўсёды цікавая для таго,
хто годны мець Айчыну. М.М.Карамзін
Дзятлава – наша сталіца любай радзімы малой.
Бог даў нам тут нарадзіцца, тут наш адчай і спакой.
Тут непрацінлівы вецер, і ў задуменні зіма.
А разумнейшых у свеце дзетак напэўна няма.
Свята не раз у нас будзе. Лепшы наблізім мы час.
Дзякуй вам, добрыя людзі, што тут жыву сярод вас!
Г. Шундрык
Дзятлава – горад на рацэ Дзятлаўка. Размешчаны за 165 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад Гродна, 11 кіламетраў ад чыгуначнай станцыі Наваельня на лініі Баранавічы-Ліда. Аўтамабільнымі дарогамі злучаны са старажытнымі гарадамі Лідай, Навагрудкам, Слонімам.
Дзятлава… Гэта назва наўрад ці аб многім скажа старонняму чалавеку.
Дзятлава! Як многа для сэрца кожнага жыхара ў гэтай назве! Адразу ў памяці ўсплываюць цудоўныя краявіды роднага краю...
Дзятлаўская зямля - гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі лёну і васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, і Ліпічанская пушча, падобная на гатычны храм, і блакітныя рачулкі, у якіх плешчуцца бабры і рыба на захадзе сонца, і крыніцы, чыстыя, як усмешка дзіцяці.
Дзятлаўская зямля – гэта людзі і іх вечная, неўміручая праца. Араць палі, біць студні, расціць сады, плесці з каменя і дрэва карункі дзівосных будынкаў, спяваць нібы на адным дыханні (так, што здаецца, спяваюць самі нівы і лясы) песні.
Ёсць свая памяць ў нашай зямлі. І якасць гэтай памяці - ніколі не аддзяляць сябе ад культуры і самаахвярна ствараць яе, якія б перашкоды ні ўставалі на шляху, ствараць непаўторны фальклор: легенды, паданні, казкі, заліхвацкія танцы…
Зямля Дзятлаўшчыны - гераічная і шматпакутная зямля. Безліч разоў, з пачатку дзён, грукаталі па ёй калясніцы вайны. Але яна заўсёды мужна і да канца бараніла свой ачаг, сваю праўду і веру. Дый як іначай, калі больш за пяць тысяч жыхароў Дзятлаўшчыны загінулі ў апошнюю вайну. А колькі чалавек пад шквалістым агнём, часам, цаною жыцця, адстойвалі ад ворага чысты водар Радзімы! І жонка была гатовая аддаць мужа, а матка паслаць сына ў полымя. І пайсці за імі ў бой, на прарыў блакады, дзеля таго, каб зберагчы волю, веру, Бацькаўшчыну.
Галоўная ж якасць дзятлаўскай зямлі і яе жыхароў - шанаваць памяць аб яе сынах, ствараць на месцах, дзе яны нарадзіліся і дзе паэзія нарадзілася ў іх душах, запаведнікі – хай то будзе палац або звычайная сялянская хата. І там, і тут калыска можа нарадзіць Песню і Неўміручасць.
Мы - дзятлаўчане. Мы жывём на зямлі Канстанціна Астрожскага і Льва Сапегі, на зямлі Ігната Дамейкі і Віктара Шымука, на зямлі, дзе кожны камень — маўклівы сведка мінуўшчыны, а кожная жменя пяску красамоўна апавядае пра багатую, насычаную падзеямі гісторыю нашай Дзятлаўшчыны.
І сёння ў памяць аб тых, хто выжыў і перамог, з падзякай і пажаданнем, каб краіна наша заззяла радасцю і святлом, заквітнела садамі і здзіўляла цудоўнымі будынкамі, зашумела нівамі, мы, вучні сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, разам з настаўнікамі, бацькамі вывучаем, даследуем, збіраем і зберагаем неацэнную спадчыну роднага краю.
Прайсці разам з намі дарогамі гісторыі свайго краю, цікавых мясцін, баявой славы, працоўнага гераізму землякоў, лепш спазнаць свой край, народныя традыцыі, звычаі, культурна-гістарычную спадчыну мы запрашаем усіх, хто неабыякавы да гісторыі, культуры, мовы роднага краю, нашай малой радзімы – Дзятлаўшчыны!